From Wikipedia, the free encyclopedia
Локаць — адна з найбольш часта ўжывальных мер даўжыні тканіны («...сукна попу чорного, доброго локоть десять давать мають»[1]), зямлі («...пастьвити на 30 лакотъ обаполъ дорогы»[2]), некаторых прадметаў («Тамъ же нашли есмо... скрыню меншую зеленую, удолжки было локтя»[3]).
Гэта мера ўжывалася як апасродкаваны сродак (вызначэнне колькасці аднаго тавару або рэчыва праз колькасць другога, з якім нярэдка прыходзіцца сустракацца ў помніках) вызначэння колькасці нітак: «пражи съ кроснами узяли локоть тридцать, у клубкахъ пражи было локоть тридцать»[4]
Слова «локоть» у старабеларускай мове ўжывалася таксама з агульным, радавым значэннем «сістэма адзінак вымярэння даўжыні» ў адносінах да відавога «адзінка вымярэння»: «Такежъ и въ вҍсы Витебскіи а ни въ локоть нам не вступоватися, а коли который Витблянинъ въ вҍсҍхъ поступилъ або въ локти, ино Витбляномъ самимъ казнити по своему праву»[5]; «варуемъ, што иж врад кгродскии тамошнии... в локти ваги ятки меры местские вступоватсе не будет...»[6]. Утварэнне такога значэння звязана з тым, што «локоть» быў асноўнай адзінкай у сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага. Даўжыня гэтай адзінкі, паводле пастановы сойма 1766 г. — 0,6496 м1[7].
Семантычныя змены слова локоть даволі выразныя і празрыстыя і не складаюць цяжкасці ў іх вызначэнні. Гэта слова з першапачатковым значэннем «месца злучэння плечавой мі локцевай касцей» адносіцца да праславянскіх (*olkъt). У далейшым яно набыло значэнне «даўжыня рукі ад пальцаў да локцевай косці», а потым «адзінка вымярэння», бо гэта частка рукі была адной з першых мерак. З першапачатковым значэннем гэта слова ўжываецца ў балгарскай, лужыцкай, польскай, рускай, сербахарвацкай, славацкай, славенскай, украінскай і чэшскай мовах, а з метрычным — польскай, рускай, сербскай, украінскай, чэшскай[8]. Характэрна, што словы, якія абазначалі локцевую косць, мелі метрычнае значэнне ў неславянскіх мовах — нямецкай, аўстрыйскай, англійскай, лацінскай, ісландскай, партугальскай і інш.[9]
Слова «локаць» ужывалася ў беларускай мове ва ўсе гістарычныя перыяды са значэннем меры і не страціла яго ў наш час. Праўда, назіранні паказваюць, што з такім значэннем яно выходзіць з актыўнага ўжывання, хоць актыўнасць ужывання з першапачатковым значэннем не зніжаецца: «Лабановіч пераступіў высокі, амаль на локаць, парог і спыніўся каля дзвярэй»[10]; «Яна была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага аршанскага атласу...»[11]; «Локцямі раней палатно мералі, бо мэтры не было»[12]; Яно трапляецца ў загадках і прыказках, запісаных І. Насовічам: «Семья душъ триста и богата, да всего два локци хата — Улей пчел»; «Самъ съ кокоць, борода зъ локоць — Насмешка над малорослым стариком»[13].
У старабеларускай мове ўжываўся прыметнік «локцевы» — на локаць даўжынёй, які ўтварыўся ад назоўніка «локоть» з метрычным значэннем, і назоўнік «полоктщына» — плата за гандаль у горадзе: «Сарветки две локцевыхъ»[14]; «Отъ ряду соленого полокотщыны... дошло намъ... грошей... золотыхъ четырнадцать»[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.