Блакі́тніцы (Lycaenidae) — сямейства насякомых атрада матылёў.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з металічным бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды звязаны з мурашкамі. У некаторых трапічных блакітніц вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак.
Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.
Налічваецца каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар'я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. мнагавочка шчаўевая (Lycaena hippothoe), блакітніца ікар (Polyommatus icarus), блакітніца лясная (Polyommatus semiargus), блакітніца алькон (Phengaris alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (Polyommatus eroides). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.