From Wikipedia, the free encyclopedia
Юрый Іванавіч Бандажэўскі (нар. 9 студзеня 1957, г.п. Радунь, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць, БССР) — беларускі імунолаг, патолаг, буйны спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук (1987), прафесар (1989), акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі медыцынскіх навук, правадзейны член Нью-Ёркскай акадэміі навук, ганаровый акадэмік Польскай акадэміі медыцынскіх навук, ганаровы доктар Марсельскага ўніверсітэта. Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з дня яго заснавання 1 лістапада 1990 да 2001 года. Спецыялізуецца на вывучэнні ўплыву на арганізм чалавека невялікіх доз радыяцыі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Юрый Іванавіч Бандажэўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 студзеня 1957 (67 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | урач, выкладчык універсітэта, імунолаг, патолагаанатам |
Навуковая сфера | імуналогія[1] і паталогія[1] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1980 г.) па спецыяльнасці паталагічная анатомія (Anatomical pathology).
Доктарскую дысертацыю абараніў у 1987 годзе. У тым жа годзе прызначаны дырэктарам Цэнтральнай лабараторыі навуковых даследаванняў. У 1990 годзе стаў першым рэктарам Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.
Ва ўніверсітэце заснаваў катэдру паталогіі, стварыў пры інстытуце навукова-даследчы Цэнтр радыяцыйнай паталогіі, які вывучаў уплыў радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей.[2]
13 ліпеня 1999 г прафесар Бандажэўскі быў арыштаваны па падазрэнні ў атрыманні хабараў агульнай сумай у 25 800 долараў ЗША. 4 жніўня 1999 г. яму было прад'яўленае абвінавачанне па арт. 169 ч. 3 ( атрыманне хабару, здейсненае службовай асобай).
18 чэрвеня 2001 ваенная калегія Вярхоўнага суда прызнала яго вінаватым і прысудзіла да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці на суму 35.449.200 беларускіх рублёў, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
На думку суда, у перыяд з 1997 па 1998 год Юрый Бандажэўскі ў змове з прарэктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па выхаваўчай працы Уладзімірам Раўковым і старэйшым выкладчыкам кафедры біялогіі Наталляй Фомчанка бралі хабар з бацькоў студэнтаў, забяспечваючы тым самым паспяховае паступленне ў інстытут іх дзецям. Аднак ні следствам, ні судом месцазнаходжанне гэтых грошай не было ўстаноўлена.
У сувязі з сусветнай вядомасцю прафесара Бандажэўскага як вучонага справа атрымалася гучнай і выклікала міжнародны рэзананс. На думку найбольш аўтарытэтных беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, справа Бандажэўскага была сфабрыкавана беларускімі ўладамі, бо вынікі яго навуковых даследаванняў істотна разыходзіліся з афіцыйнымі дадзенымі аб наступствах выбуху на ЧАЭС. Юрый Бандажэўскі выступаў катэгарычна супраць пашырэння выкарыстання забруджаных радыяцыяй земляў у сельскагаспадарчых мэтах.
Падчас папярэдняга зняволення Бандажэўскі быў пазбаўлены доступу да паслуг адваката, а сам працэс назіральнікі палічылі несправядлівым. Акрамя таго, суд будаваўся на паказаннях Уладзіміра Раўкова, які пасля ад іх адмовіўся і заяўляў, што даў іх пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, ужытых да яго 12 ліпеня 1999 г органам папярэдняга расследавання. Суд пасля разгляду дадзенай версіі, прызнаў яе не правамоцнай, без дадатковых каментарыяў.
Беларускі навуковец стаў 25-м чалавекам у свеце, якія атрымалі пашпарт свабоды, які дае права свабодна выбіраць месца жыхарства ў Еўропе. Пашпарт быў падпісаны дэпутатамі 15 краін Еўрасаюза.
Камітэт у абарону прафесара быў створаны ў Францыі. У лютым 2003 года ён абвешчаны ганаровым грамадзянінам Парыжа. Прэзідэнт Францыі Жак Шырак прасіў хадайнічаць за Бандажэўскага перад беларускім прэзідэнтам на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Пуціным.
Акрамя таго, справа прафесара Бандажэўскага стала адной з прычын адмовы дэпутатамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў аднаўленні для Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага. У прынятай ПАРЕ 27 верасня 2002 рэзалюцыі па Беларусі справа Бандажэўскага разглядаецца як рэпрэсіі супраць іншадуства.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Бандажэўскага вязнем сумлення.[3]
У кастрычніку 2003 года з-за праблем са здароўем і недаглядзе турэмных урачоў прафесар апынуўся ў рэанімацыі з гангрэнозна-флегмонозным апендыцытам, які мог прывесці да перытаніту. Экстраная аперацыя прайшла паспяхова і навуковец выжыў.
5 жніўня 2005 г., за 5 месяцаў да заканчэння тэрмiну пакарання, Бандажэўскі быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова без права пакідаць краіну на працягу 5 месяцаў. Ён правёў у зняволенні больш за шэсць гадоў, два гады былі скарочаныя па амністыі.
У красавіку 2006 г. пры пасрэдніцтве пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Шмялеўскага пакінуў радзіму і пасяліўся ў Францыі. З 2006 па 2007 гады Бандажэўскі працаваў па гадавым кантракце па перадачы досведу па праблематыцы ўздзеяння радыяцыі на арганізм чалавека ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай у Францыі, напісаў дзве кнігі. Паводле яго слоў, замежныя навукоўцы актыўна палемізуюць з яго даследаваннямі ў сваіх дысертацыях і на старонках навуковага часопіса «Кардыяльная таксікалогія». Па словах навукоўца, у яго тэорыі ў Еўропе ёсць як апаненты, якія не лічаць, што ўздзеянне радыяцыі гэтак сур’ёзна адбіваецца на здароўе людзей, так і прыхільнікі. У 2008 г. прафесар пражываў у Вільнюсе.
17 жніўня 2008 г. па ініцыятыве Бандажэўскага ў Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя, па выніках якой была прынятая дэкларацыя аб постчарнобыльскай сітуацыі ў Беларусі. Дэкларацыя заклікае еўрапейскую супольнасць працягнуць аказанне дапамогі Беларусі ў рэабілітацыі найбольш пацярпелым рэгіёнам, а таксама надаць асаблівую ўвагу становішчу ліквідатараў катастрофы. У дакуменце вітаецца стварэнне ў Вільнюсе міжнароднага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія і здароўе» з арганізацыяй міжнароднага сіндыката дапамогі ліквідатарам.
З 2009 года жыве і працуе ва Украіне, дзе ўзначальвае Каардынацыйны аналітычны цэнтр «Экалогія і здароўе». Кіраўнік міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўздзеяння[2]. У 2019 годзе прадставіў вынікі маніторынгу радыеактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння[4].
Жанаты з 1978 года. Жонка — Галіна Бандажэўская, урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук.
Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1990 г.), залаты медаль Альберта Швайцэра (1998 г.).
Навуковыя працы па этыялогіі і патагенезе ўнутрывантробнага развіцця, імуннай рэгуляцыі антагенезу, функцыянаванні арганізма ва ўмовах інкарпарацыі радыенуклідаў. Аўтар больш за 270 навуковых працаў. На падставе ўласнага досведу напісаў дапаможнік «Турма і здароўе», адрасаваны вязням, якія не збіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.