From Wikipedia, the free encyclopedia
Тыб́ецкі буды́зм, або ламаі́зм — форма практыкі будысцкай рэлігіі, распаўсюджаная ў Тыбеце, Гімалаях, Манголіі, Бураціі, Тыве, Калмыкіі і г. д.
Будызм пачаў распаўсюджвацца ў Тыбеце ў VII ст. пры валадары Сангцан Гам-по. Аднак толькі валадар Трысонг Дэцэн (другая палова VIII ст.) зрабіў яго афіцыйнай рэлігіяй. Дзякуючы дзейнасці пры яго двары індыйскага будысцкага місіянера Падмасамбхавы тут замацаваўся кірунак ваджраяна. У IX ст. валадар Ланг дар-ма адкрыта падтрымаў мясцовую рэлігію бон і пачаў пераслед будыстаў. Пасля яго смерці ранняя тыбецкая дзяржава распалася.
Паслядоўнікі будызму, што здолелі захаваць свае абшчыны на паўночным усходзе Тыбета, паступова адрадзілі свой уплыў. У XII — XV стст. сфарміраваліся асноўныя школы тыбецкага будызму. У другой палове XIII — сярэдзіне XIV ст. дамінавала школа сак’я. Яе прадстаўнікі заручыліся падтрымкай дынастыі Юань і садзейнічалі распаўсюджанню будысцкага вучэння сярод манголаў. У другой палове XIV — пачатку XVII стст. найбольш уплывовай была школа каг’ю. У 1409 г. містык Цанкапа заснаваў кляштар Гандэн і ператварыў яго ў асяродак новай будысцкай школы гелуг, што ўвабрала асноўныя рысы школ сак’я і каг’ю. Яго вучань Гедун Друпа быў прызнаны перараджэннем Далай-ламы. У 1642 г. пры падтрымцы айратаў Далай-лама V стаў тэакратычным валадаром Тыбета. Школа каг’ю атрымала патранаж з боку манархаў Бутана і да нашых дзён застаецца асноўнай у гэтай краіне.
Тэакратычная дзяржава Далай-ламаў праіснавала да 1951 г., пакуль фактычна не была ўключана ў склад КНР. Пасля паўстання тыбетцаў у 1959 г. Далай-лама XIV перабраўся ў Індыю, дзе заснаваў сваю афіцыйную рэзідэнцыю ў Дхарамсале. Пасля ганенняў падчас культурнай рэвалюцыі з 1980-х гг. будысцкія кляштары сталі адраджацца ў КНР.
З канца XIX ст. тыбецкі будызм прыцягваў многіх еўрапейскіх і амерыканскіх інтэлектуалаў. Дзякуючы тыбецкім бежанцам у другой палове XX ст. ён трапіў за межы традыцыйнай зоны ўплыву. Тыбецкія будысцкія абшчыны ўзніклі ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах Заходняй Еўропы і г. д. Тыбецкі будызм пачаў вывучацца з навуковага пункту гледжання.
Тыбецкія будысты падзяляюць асноўныя часткі вучэння, характэрныя для астатняга будызму, у тым ліку высакародныя ісціны, васьмёркавы шлях, веру ў карму і інш. Разам з гэтым, іх уяўленні фарміраваліся пад моцным уплывам вучэнняў махаяна і ваджраяна. У прыватнасці, яны вераць у важнасць бадхісатваў. Згодна тыбецкаму будызму, многія істоты дасягалі стану Буды, аднак іх асабістая карма перашкаджала ім дзяліцца сваім вопытам з астатнімі. Бадхісатвы знаходзяцца ў стане Буды дзеля іншых істот. Дзякуючы ім адчыняюцца дзверы для выратавання вернікаў.
Ваджраяна аказала ўплыў на практыку, якая лічыцца прамым шляхам да дасягнення стану Буды. Значную ролю ў ёй адыгрывае адукацыя. Яна рыхтуе чалавека да падзвіжніцтва, інакш прамы шлях можа аказацца небяспечным. Тыбецкія будысты прызнаюць дапаўняльны канон, патрабуюць абавязковага вывучэння 5 асноўных трактатаў індыйскіх майстроў ваджраяны. Папярэднія практычныя дзеянні ўключаюць слуханне вучэнняў, распасціранне, дары, малітвы, акты дабрыні і спачування, адрачэнне і назіранне праз медытацыю, складанне мандалы і г. д. У гэтай сувязі абавязковымі становяцца эзатэрыка, рытуалы і прысвячэнне сябе да пазнання і шляха да ўдасканалення праз пастаяннае пасвячэнне. Людзі, што прымаюць такое пасвячэнне, завуцца ламамі. У еўрапейскай літаратуры яны звычайна атаесамляюцца з манахамі. Інстытут ламаў — важная частка тыбецкага будызму. Яго прытрымліваюцца ўсе вядомыя школы і напрамкі. Хаця нароўні з прысвечанымі асобамі існуюць свецкія духоўныя спецыялісты нгааг-па, менавіта ламы разглядаюцца як кваліфікаваныя і вопытныя настаўнікі, знаўцы рытуалаў, захавальнікі традыцый.
Часцей за ўсё ламы гуртуюцца ў абшчыны, якія так ці інакш звязаны з навакольнымі свецкімі абшчынамі. Такія абшчыны атаесамляюцца з кляштарамі. Тыбецкія будысты вераць у тулку — рэінкарнацыі бадхісатваў і папярэдніх вядомых настаўнікаў. Звычайна іх знаходзяць сярод дзяцей і юнакоў дзякуючы варожбам і выпрабаванням, затым яны атрымліваюць магчымасць прайсці адпаведную падрыхтоўку, каб стаць лідарамі духоўных супольнасцей. Найбольш вядомыя тулку — кармапы, Далай-ламы, Панчэн-ламы. У 1642—1959 гг. Далай-ламы фактычна былі тэакратычнымі валадарамі Тыбета.
Тыбецкі будызм захаваў многія рытуальныя практыкі, што папярэднічалі яго ўзнікненню і распаўсюджанасці. Наогул, рытуальная частка ў ім надзвычай складаная. Рытуалы арганізуюцца часцяком у свецкіх мэтах. Да іх адносяцца варажба, астралогія, прадказанні, ачышчэнне кармы вернікаў, пахаванне памерлых, барацьба супраць нячыстых духаў. Адзін з найбольш маляўнічых рытуалаў — цам, што суправаджаецца танцамі ў масках. Верагодна, ён з’яўляецца водгаласам старажытных тыбецкіх шаманісцкіх святаў, якія папярэднічалі будызму. Іншыя рытуалы звязаны непасрэдна з рэлігійным удасканаленнем і кантраляюцца вопытнымі майстрамі.
Тыбецкі будызм прадстаўлены некалькімі школамі, якія адрозніваюцца традыцыямі, канонамі, філасофскімі інтэрпрэтацыямі і перавагамі, унутранай інстытуцыяналізацыяй. У мінулым спрэчкі паміж імі перыядычна прыводзілі да сутычак, у тым ліку гвалтоўных. У XIX ст. у Тыбеце ўзнік рух рымэ, што выступаў за стварэнне ўніверсальных традыцый. Пад яго ўплывам адбылася пераацэнка супярэчнасцей, быў адкрыты шлях да супрацоўніцтва. Тым не меней, адрозненні паміж школамі працягваюць існаваць і выклікаюць узаемныя дыспуты паміж іх прадстаўнікамі.
Ньінгма (тыб.: རྙིང་མ།, літаральна «старая школа») лічыцца найстаражытнейшай будысцкай школай Тыбета, якая пачала фарміравацца ў VIII ст. У эпоху ўзнаўлення X — XI стст. паслядоўнікі ньінгма распрацавалі канцэпцыю гтэр-ма (གཏེར་མ) — пошуку ведаў праз новы пераклад старажытных тэкстаў і ачышчэнне іх ад болей позніх каментароў. Цэнтральнае месца ў каноне ньінгма займае вучэнне дзогчэн, а ў рэлігійнай практыцы — ёга.
Ламы ньінгма маюць права на шлюб, не ўтвараюць іерархічныя арганізацыі. У Бутане іх абшчыны часцяком нагадваюць звычайныя вёскі, паколькі складаюцца з асобных гаспадарак. Ва усходнім Тыбеце раней вылучаліся 6 кляштароў, якія разглядаліся як галоўны прытулак для адукацыі паслядоўнікаў гэтай школы.
Школа сак’я (тыб.: ས་སྐྱ་།, літаральна «шэрая зямля») узнікла ў XI — XIII стст. з заснаваннем аднайменнага кляштара на поўдні Тыбета, дзе пачала развівацца асабістая філасофская традыцыя, якая меркавана першапачаткова паходзіла з паўночнага ўсходу Індыі і была прынесена тыбецкімі ламамі-пілігрымамі. У XV ст. галоўная роля ў развіцці школы перайшла да паўднёва-заходняга кляштара Нгор.
Тэолагі сак’я пашырылі канон у параўнанні з ньінгма. Ламы абавязкова вывучаюць 18 прац-каментароў, напісаных настаўнікамі гэтай школы. Асноўнае вучэнне ламдрэ завастрае ўвагу на непадзельнасці прыроды сансары і нірваны, а таксама на важнасці практыкі самаканцэнтрацыі. Ламам дазваляецца браць шлюб, хаця гэтай магчымасцю карыстаецца меншасць з іх. Школа мае ўнутраную іерархію. На яе чале стаяць так званыя трызін (намеснікі) з тыбецкай арыстакратычнай сям’і Кхон, якія лічацца тулку вядомага тэолага Лінг-па і з XIX ст. — трызіна Дхагтшула.
У сярэдзіне XIII ст., калі палітычна раз’яднанаму Тыбету пагражала ўварванне манголаў, прадстаўнікі сак’я прызналі ўладу Чынгізідаў. У 1253 г. Пагба-лама, накіраваны да двара хана Хубілая, стаў духоўным настаўнікам мангольскага валадара і атрымаў тытул яго намесніка ў Тыбеце. На працягу 100 гадоў намеснікі сак’я фактычна кіравалі краінай. Аднак іх спроба ўніфікацыі рэлігійнага і свецкага жыцця выклікала незадаволенасць сярод тыбетцаў. Галоўным асяродкам супраціўлення стала школа Ккг’ю. Паўстанне яе прыхільнікаў было задушана з дапамогай манголаў.
У сярэдзіне XIV ст. арыстакрат Джанчубу Г’ялцэн выступіў супраць намеснікаў і ў 1354 г. фактычна захапіў уладу. Ён і яго пераемнікі арыентаваліся на каг’ю. Сак’я захоўвалі ўплыў галоўным чынам на захадзе і поўначы Тыбета. У першай трэці XVII ст. арыстакратычныя сем’і, што падтрымлівалі школу, пацярпелі паразу ва ўнутраных войнах. Пасля нашэсця айратаў была ўсталявана тэакратыя на чале Далай-ламаў са школы гелуг. Тым не меней, школа сак’я заставалася адносна незалежнай дзякуючы сетцы адукацыйных устаноў, куды прымаліся прыхільнікі ўсіх школ.
Сучасны галоўны цэнтр сак’я з рэзідэнцыяй трызіна знаходзіцца ў Заходняй Бенгаліі. Сак’я арганізуюць місіянерскую дзейнасць у іншых краінах. Прадстаўнікі школы стварылі першы тыбецкі кляштар на тэрыторыі ЗША.
Школа каг’ю (тыб.: བཀའ་བརྒྱུད།, літаральна «вусная перадача») бярэ пачатак у XI ст., калі ў Тыбет з Наланды трапіла вучэнне Махамудры. Яно абапіралася на ідэю непасрэднага навучання для ўсведамлення рэчаіснасці. Важнае месца адводзілася ролі настаўніка. Акрамя таго, прыхільнікі каг’ю надаюць пільную ўвагу сузіранню, што павінна адцягнуць розум ад мірскіх клопатаў у сапраўдным жыцці і накіраваць яго на дасягненне вызвалення ад пакут і канчатковага прасвятлення. Навучанне дасяжна як пасвечаным ламам, так і свецкім асобам.
Ужо ў XII ст. каг’ю згубіла адзінства і ператварылася ў напрамак, які быў прадстаўлены некалькімі галінамі перадачы ведаў. Адным з галоўных цэнтраў стаў кляштар Цурпху ў цэнтральным Тыбеце, дзе была створана асабістая іерархія на чале тулку Кармапы, рэінкарнацыі аднаго з першых будысцкіх місіянераў. У канцы XIII ст. гэты кляштар стаў прытулкам тыбетцаў, якія супраціўляліся манголам і іх намеснікам са школы сак’я. Дзякуючы гэтаму пасля вызвалення ў 1354 г. школа каг’ю актыўна падтрымлівалася свецкімі валадарамі да XVII ст. У пачатку XIII ст. Цангпа Г’ярэ заснаваў галіну Друк-па, што пасля ўсталявання тэакратыі Далай-ламаў у Тыбеце захавала свой уплыў у Бутане і Ладакху.
У нашы дні прадстаўнікі каг’ю вядуць актыўную асветніцкую і місіянерскую дзейнасць. З 1998 г. прыхільнікі каг’ю дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі[1].
Школа Гелуг (тыб.: དགེ་ལུགས་པ།, літаральна «дабрадзейнасць») узнікла ў пачатку XV ст. дзякуючы дзейнасці тыбецкага містыка Цанкапы, які развіваў погляды індыйскіх прыхільнікаў ваджраяны. Ён вылучыў 3 узроўні далучэння да будысцкай практыкі: для простых вернікаў, якія імкнуцца знайсці выгоднае перараджэнне ў коле сансары; для тых, хто імкнецца выйсці з сансары; для тых, хто вырашыў дасягнуць стану Буды. Пераход ад аднаго да наступнага ўзроўню магчымы дзякуючы засваенню будысцкай этыкі, навучанню і сузіранню.
Прыхільнікі гелуг выразна адрозніваюць свецкіх і духоўных асоб, патрабуюць ад лам жорсткай дысцыпліны, у тым ліку харчовых абмежаванняў і цэлібата. Ламы гелуг апранаюць капелюшы жоўтага колеру, у той час як прадстаўнікі астатніх школ — чырвонага. Школа гелуг мае складаную іерархію. Найбольш выбітныя прадстаўнікі школы — Далай-ламы, якія былі тэакратычнымі валадарамі Тыбета ў 1642—1951 гг. Тым не меней, школу ўзначальваюць не яны, а кіраўнікі кляштара Гандэн, заснаванага Цанкапам.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.