Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Траге́дыя ў Крыжо́ўцы — сутыкненне 2 мая 1977 пасажырскага цягніка «Гродна — Орша» з прыгарадным электрацягніком, у выніку якога, па афіцыйных звестках, загінулі 22 чалавекі, 82 атрымалі пашкоджанні. Аварыя лічыцца найбуйнейшай за ўвесь час існавання «Беларускай чыгункі» як па колькасці ахвяр, так і па нанесеным уроне[1]. Але непадалёк ад гэтага месца, на перагоне Беларусь — Радашковічы, 5 кастрычніка 1919 года адбылося крушэнне цягніка, які рухаўся з Вільні ў Мінск, у выніку якога загінулі на месцы 23 чалавекі і каля 100 атрымалі раненні[2].
Крушэнне ў Крыжоўцы | |
---|---|
Падрабязныя звесткі | |
Дата | 2 мая 1977 |
Час | 17:10 (UTC+3) |
Месца | Пуцявы пост Крыжоўка (Крыжоўка, Мінская вобласць) |
Краіна | СССР ( Беларуская ССР) |
Чыгуначная лінія |
Мінск—Маладзечна (Беларуская чыгунка) |
Аператар | МШЗ СССР |
Тып здарэння | Сутыкненне |
Прычына | парушэнне інструкцый працаўнікамі СЦБ, службаў руху і ДСП |
Статыстыка | |
Цягнікі | № 280 і 548 |
Загінулыя | 22 |
Параненыя | 82 |
Шкода | 122 850 рублёў |
2 мая 1977 года ўвечары на чыгуначнай станцыі Крыжоўка назбіралася шмат народу, які вяртаўся ў Мінск з дач або са святкавання 1 мая. Электрычка № 548 «Аляхновічы — Мінск», якая мелася прыйсці недзе каля 17-й гадзіны, запознілася. Пасадка ў Крыжоўцы таксама зацягнулася, бо яна была перапоўнена і не ўсе ахвотныя здолелі ў яе ўлезці. Электрацягнік так і не здолеў крануцца з месца. А 17:10 з-за павароту пад зялёнае святло семафораў вылецеў пасажырскі цягнік «Гродна — Орша», які па раскладзе следаваў за электрацягніком праз 10 хвілін, і ўрэзаўся яму ў хвост на хуткасці 35 км/г. Ад сутыкнення электрычка развіла хуткасць 13 км/г. Яе апошні вагон быў сплюснуты ў «гармонік» і паваліўся на бок. Машыніст цягніка Антон Якубоўскі паспеў выскачыць з кабіны ў дызельнае памяшканне, цеплавоз развярнуўся ўпоперак пуцей і ўзгарэўся. Два вагоны за ім сышлі з рэек, але іх пасажыры атрымалі толькі сінякі.
З паваленага вагона электрычкі немагчыма было выцягнуць людзей, не разрэзаўшы яго аўтагенам. Гэта было зроблена толькі праз гадзіну. Дапамогу пацярпелым пачаў аказваць доктар, які апынуўся на месцы здарэння. Ён дапамагаў ставіць дыягназы і наказваў таксоўшчыкам (карэт «хуткай дапамогі» неставала), куды адвозіць параненых.
Кароткая абвестка пра здарэнне выйшла ў некалькіх беларускіх газетах. Газеты саюзнага значэння пра гэта не напісалі[3].
Следчай групай кіраваў старшы следчы Мінскай абласной пракуратуры па асабліва важных справах Мікалай Ігнатовіч (у далейшым генеральны пракурор Беларусі). Было ўстаноўлена, што 2 мая на пачатку трэцяй гадзіны дня з-за надзвычайнай спякоты адбыўся збой у працы аўтаматычнай блакіроўкі, якая адказвае за пераключэнне колеру семафораў пасля праезду цягнікоў. Дзяжурная па пуцявым пасту «Крыжоўка» Алена Бруйло ў парушэнне інструкцыі не паведаміла пра здарэнне дыспетчару Маладзечанскага накірунку, замест гэтага запрасіўшы электрамеханіка Мікалая Кухарава. Той распарадзіўся выклікаць брыгаду рамонтнікаў для спілу ізастыку чыгуначных рэек.
Пабаяўшыся спыняць рух цягнікоў да прыезду майстроў (за гэта пагражала пазбаўленне прэміі), Мікалай Кухараў рэгуляваў працу светлафора ўручную. Такім чынам па ўчастку праехалі 12 саставаў (у тым ліку і электрычка № 548 «Аляхновічы — Мінск»); 13-м стаў пасажырскі цягнік «Гродна—Орша». Падчас яго праезду Кухараў не ўключыў чырвонае святло.
Электрычка затрымалася на станцыі ў тым ліку і з-за загарання фазарасшчапляльніка ў другім вагоне. Вырашэнне гэтай праблемы таксама заняло пэўны час у памочніка машыніста.
Машыніст цягніка Антон Якубоўскі зазвычай працаваў разам з памочнікам. Аднак напярэдадні падзей у якасці эксперыменту начальнік Мінскага аддзялення чыгункі Істушкін вырашыў скараціць колькасць чалавек у кабінах. Такім чынам, Антон Якубоўскі стаў першым на маладзечанскім кірунку, хто кіраваў адзін. Ён паведамляў, што заўважыў электрычку пасля павароту прыкладна за 900 метраў, аднак прыняў яе за сустрэчную. Зразумеўшы, што памыліўся, ён затармазіў на хуткасці 52,2 км/г, аднак, убачыўшы, што сутыкненне непазбежнае, перабег у дызельнае памяшканне і захаваў сабе жыццё.
Шмат людзей памерла ў шпіталях праз нястачу крыві, спецыялістаў. Усяго ў выніку крушэння, па афіцыйных звестках, загінулі 22 чалавекі, 18 атрымалі цяжкія пашкоджанні, 30 — менш цяжкія, 34 — лёгкія траўмы. Паводле ўспамінаў, памерлых у шпіталях у афіцыйны спіс ахвяр не ўключалі[4]. Рух цягнікоў быў затрыманы на 12 гадзін. Мінскае аддзяленне «Беларускай чыгункі» панесла ўрон у памеры 122 850 савецкіх рублёў.
Кухарава арыштавалі 3 мая. Петрыка і Якубоўскага ўзялі пад варту праз два месяцы. З Алены Бруйло ўзялі падпіску пра нявыезд — яна была цяжарная. Разгляд справы судовай калегіяй Вярхоўнага суда распачаўся 25 жніўня, прысуд быў агучаны 14 верасня. Вінаватымі прызналі трох працаўнікоў чыгункі, якія «парушылі правілы бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту, што спрычыніла няшчаснае здарэнне з людзьмі»[5], і машыніста цягніка «Гродна — Орша», які прыняў хвост стаячай электрычкі за галаву сустрэчнай, а таму прапусціў момант бяспечнага тармажэння. З усіх асуджаных сваю віну прызнаў толькі Мікалай Кухараў. Ён атрымаў 12 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, дарожны майстар Зянон Петрык, які ў той дзень дзяжурыў на перагоне «Беларусь — Крыжоўка» і адказваў за бяспеку руху пры выкананні рамонтных работ, — 10, машыніст Антон Якубоўскі — сем, дзяжурная па пуцявым пасту «Крыжоўка» Алена Бруйло — чатыры гады ў калоніі-пасяленні. Праз пэўны час іх тэрміны паводле амністыі былі скарочаны ўдвая.
Доктар, які займаўся аказаннем дапамогі ў першыя хвіліны пасля аварыі, аказаўся незадаволены вынікам следства і прысудам і спрабаваў звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі. Неўзабаве ён быў знойдзены мёртвым ва ўласным аўтамабілі з перарэзанымі венамі. Афіцыйнай прычынай смерці было названа самагубства з прычыны анкалагічнага захворвання[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.