Свяцк From Wikipedia, the free encyclopedia
Свяцкая сядзіба — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны ў в. Свяцк, цяпер Гродзенскі раён, у былым маёнтку Валовічаў, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці.
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў | |
---|---|
53°47′50,75″ пн. ш. 23°39′39,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Свяцк |
Архітэктурны стыль | барока |
Архітэктар | Дж. Сака |
Заснавальнік | Ю. Валовіч |
Дата пабудовы | 1779 год |
Будынкі | |
палац • два флігелі • парк • капліца • склад | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000212 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Не трэба блытаць з маёнткам «Свяцк Гурскіх» або «Малы Свяцк», размешчаным каля 6,5 км далей у вёсцы Радзівілкі.
Створаны паводле праекту італьянскага архітэктара Дж. Сака пры гродзенскім маршалку Юрыі Валовічу і яго сыне Антоніі. Фармаваўся ў два этапы: на першым у 1779 годзе — будаўніцтва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, на другім у пачатку XIX стагоддзя — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі[1].
Вялікую шкоду маёнтку нанесла Першая сусветная вайна, у выніку якой палац быў разрабаваны, а інтэр’еры моцна панішчаныя[1].
У 1920-я гады ўладальнікі Свяцка Мірэцкія прадаюць яго Гумніцкім, якія падверглі маёнтак парцэляцыі, а палац давялі да стану руінаў. У 1929 годзе ўладальнікі хацелі яго разабраць на цэглу, але палацу пашанцавала: яго выкупіла Міністэрства аховы здароўя Польшчы з мэтай стварыць тут наркалагічны санаторый. У 1930—1933 гадах палац быў рэканструяваны па праекце архітэктарам Оскарам Сасноўскім. Згодна з праектам Сасноўскага і Ю. Рачыньскага, свяцкаму палацу быў пакінуты стылістычны выгляд XVIII стагоддзя, старанна адрэстаўраваны інтэр’ер, некалі адкрытая калонная галерэя была аформлена шклом. Па звестках М. Арловіча, рэстаўрацыя палаца каштавала дзяржаве каля 1 млн. злотых.
У кастрычніку 1933 г. у палацы адкрылася мужчынская лячэбніца-санаторый «Свяцк» для наркаманаў, алкаголікаў і нэрвова хворых людзей. Гэта была адзіная ўстанова такога тыпу ў міжваеннай Польшчы ў той час. У пансіянаце ад марфінавай і іншай залежнасці лячыліся сярод іншых прадстаўнікі гродзенскіх творчых колаў[2]. Лячылі людзей самымі сучаснымі на той момант сродкамі — ад псіхааналізу да гідратэрапіі, сонечных ваннаў і тэрапіі працай[3].
У час Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаўся шпіталь, у пасляваенны час — санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты[4]. У 1985 годзе парк адноўлены паводле спецыяльнага праекту. Старадаўні інтэр’ер быў знішчаны. У 2000-х гадах санаторый быў выведзены з будынкаў палацу, а палац перададзены на баланс упраўлення адукацыі гарадзенскага райвыканкама. Палацавы комплекс апынуўся ў занядбаным стане[5][6]. Праз разбурэнне сістэмы вадасцёкаў у сценах з’явіліся глыбокія прамыіны, сцены пакрыліся цвіллю, пачала развальвацца цагляная кладка[3].
У 2009 годзе закінуты палац перадалі на баланс ААТ "Санаторый «Азёрны», які з’яўляецца камерцыйнай структурай Нацыянальнага банка[7]. У 2011—2012 гадах рэканструявалі водную сістэму з чатырох спалучаных каскадных вадаёмаў, расчысцілі парк[4][8]. Гэта пацягнула выдаткі каля 800 тыс. долараў, пасля чаго вольныя сродкі санаторыя скончыліся і ўласнік, разам з раённымі ўладамі, спадзяваўся атрымаць на працяг прац грант Еўрасаюза ў межах транспамежнага супрацоўніцтва з польскай гмінай Хорашч[9][10].
У студзене 2017 года пачаўся рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынкаў палацава-паркавага комплексу пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс. У левым флігелі быў зроблены новы дах, пакрыты чарапіцай. У правым флігелі быў узмоцнены падмурак, зроблены маналітныя сцены, заменена пакрыццё даху. Былі перакладзены вонкавыя сцены дваровых і паркавых фасадаў галерэй, а таксама быў перакладзены падмурак правай галерэі[11]. Згодна з праектам левы флігель комплексу будзе функцыянаваць як гасцініца. У цэнтральнай частцы палаца каля ля параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі былі раскрыты фрагменты гістарычнага роспісу сценаў з выявай рыцара са шчытом у руках. Таксама будзе адноўлены роспіс рамантычнай залы з выявай неба на столі і пейзажных замалёвак на сценах. Пры галоўным ўваходзе адноўлены спадзістыя карэтныя спускі паабапал шырокай лесвіцы[12].
Палацава-паркавы комплекс афіцыйна адкрылі пасля рэканструкцыі 15 мая 2023 года, калі былі скончаны працы першай чаргі рэканструкцыі[13]. Аднак яшчэ ў чэрвені патрапіць на тэрыторыю турысты не маглі, бо комплекс не мог адкрыцца праз праблемы з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала[14]. Ад 21 ліпеня комплекс адкрыты для турыстаў з пятніцы да нядзелі. Уваход на тэрыторыю платны. У палацы працягваюцца ўнутраныя працы. Побач працуе рэстаран «Свяцкі бровар» з уласнай міні-піваварняй[15].
Падчас рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу ў Свяцку будаўнікі выпадкова знайшлі бутэлькі з 200-гадовым віном. Яно знаходзілася ў невялікім асобным будынку вінакурні. У зямлі былі закапаны 15 закаркаваных бутэлек, якія былі аднолькавыя, але крыху розніліся адна ад адной вышынёй і дыяметрам.
Калі бутэлькі дасталі з зямлі, то яны змянілі колер. З сінявата-чорнага яны пераўтварыліся да карычнева-зялёнага з залацістым адлівам проста на вачах у будаўнікоў[16]. Іх не адчынялі, а аддалі на экспертызу ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.
Палац, які знаходзіцца на ўзвышшы, уяўляе сабой двухпавярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі, цэнтральны — чатырохкалонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі. Дваровы з пяцігранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаныя дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.
Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная. У цэнтры — вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, на другім паверсе — парадная васьмігранная зала з калонамі.
Першы паверх, выразна ніжэйшы за другі, быў задуманы як жылыя памяшканні для гаспадароў і пакоі для прыватных сустрэч. Другі паверх з вышэйшай столлю і высокімі вокнамі задумваўся як бельэтаж з багата ўпрыгожанымі заламі для прыёму гасцей[1].
У аздобе інтэр’ераў выкарыстаныя рэльефы, ліштвы дзвярэй, нішы з камінамі і скульптурай, роспісы сцен (рамантычныя пейзажы, антычныя статуі, вазы; мастакі Т. Манькоўскі, Ф. Смуглевіч; не захаваліся); мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, дзверы, люстры, кансолі, вазоны, супрапорты, мэбля) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сакі.
Флігелі ў стылі класіцызму былі прыбудаваныя ўжо пасля сканчэння асноўнага аб’ёму палаца, магчыма ў пачатку XIX ст[1]. Яны пастаўленыя перпендыкулярна да асноўнага корпуса, накрытыя вальмавымі дахамі, аздобленыя руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асноўным корпусам злучаныя паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Галерэі пачаткова былі адкрытымі, іх зашклілі ў час рэканструкцыі комплексу ў 1930—1933 гады.
На ўсход ад палаца, за паркам, знаходзіцца вялікая (двухпавярховая, даўжынёй больш за 100 метраў) гаспадарчая пабудова ў форме літары Г, узнесеная ў 1841 годзе з бутавага каменю. Вуглы выкладзены з чырвонай цэглы, франтон таксама цагляны.
Насупраць палацу ў 1889 годзе ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудаваная капліца. Капліца ўяўляе сабой кампактны і прыземісты кубападобны аб’ём з трохсценнай алтарнай часткай. Спічастыя вокны на галоўным фасадзе (суцэльны двухгранны шчыт-вімперг) разам са спічастым уваходным парталам ствараюць урачыстасць фасаду і імітуюць грандыёзную трохнефную базіліку. Гатычную вертыкальнасць будынку надае таксама высокі двухсхільны дах[17].
За савецкім часам капліца не дзейнічала. Наноў яе асвяцілі 6 жніўня 1996 года. У наш час капліцу абслугоўвае Сапоцкінская парафія Сапоцкінскага дэканата[18]. Аднак капліца не з’яўляецца ўласнасцю парафіі, а належыць, як і ўвесь палацава-паркавы комплекс, санаторыю «Азёрны».
У капліцы здарыўся пажар 28 студзеня 2020 года. У выніку часткова быў знішчаны інтэр’ер, закураны сцены і столь[19]. Паводле стану на пачатак жніўня 2023 года рамонт у капліцы працягваецца.
Парк пейзажнага тыпу, плошча 12 га; закладзены ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны на двух пагорках, у лагчыне — сістэма з чатырох каскадных вадаёмаў, размешчаных на ручаі, які ўпадае ў Агустоўскі канал. За вадаёмамі — лясны масіў. Цэнтр кампазіцыі — палац з партэрам перад ім.
Праз парк праходзіць уязная алея, якая плаўна выгібаецца і вядзе да палаца. Парк не мае выразных межаў і візуальна плаўна пераходзіць у ландшафт навокал. Часткай парку быў пладовы сад, размешчаны паміж будынкам палаца і гаспадарчай пабудовай. Сёння насаджэнні парку прадстаўлены перадусім мясцовымі відамі раслін[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.