From Wikipedia, the free encyclopedia
Свята-Елісавецінскі манастыр ― жаночы манастыр у Мінску. Станам на сакавік 2024 года, адзіны дзейны манастыр горада.
Манастыр | |
Свята-Елісавецінскі манастыр | |
---|---|
53°57′21″ пн. ш. 27°32′13″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Мінская епархія |
Дата заснавання | 1999 |
Сайт | obitel-minsk.ru |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Манастыр заснаваны ў 1999 годзе і названы ў імя святой прападобнамучаніцы Елісаветы Фёдараўны Раманавай. Пачынаўся манастыр з дзейнасці сястрыцтва ў імя той самай святой, створанага ў 1996 годзе[1][2]. Сёстрам было дазволена насіць белыя вопраткі сясцёр міласэрнасці[1], у тым ліку падчас збору ахвяраванняў на вуліцах і гандлю рэчамі рэлігійнага культу і прадметамі, якія асацыююцца з манастырскай дзейнасцю (мёд, слабаалкагольныя напоі, травы, бальзамы і падобнае)[3].
У манастыры жывуць 130 сясцёр. Мужчынскае і жаночае падвор’і прымаюць на часовае знаходжанне былых нарказалежных, хворых на алкагалізм і бяздомных. Манастыр мае буйную гандлёвую сетку ў Беларусі[4] і вядзе актыўны гандаль у Еўропе і Паўночнай Амерыцы[3].
Сёстры аказваюць духоўную падтрымку і дапамогу пацыентам Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя, 2-й клінічнай лякарні і іншых лячэбных устаноў, псіханеўралагічнага інтэрната, інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця[5][6].
Манастыр выкарыстоўваў сваю гандлёвую сетку для пашырэння ідэй расійскай вялікадзяржаўя[7], a яго прадстаўнік падтрымаў захоп Крыму Расіяй[8]. У 2017 годзе ў манастыры выступіў падпалкоўнік расійскага ГРУ Антон Маншын, які расказаў пра свой удзел у чачэнскай, украінскай і сірыйскай кампаніях расійскай арміі і прапагандаваў ідэі «рускага свету»[9]. Пазней рэдактарка сайта манастыра сказала, што запрашэнне Маншына было іх памылкай[10]. У тым самым годзе ў манастыры прайшла выстаўка, прысвечаная расійскаму імператару Мікалаю ІІ і яго сям’і[11].
Манастыр адмаўляецца дадаць беларускую мову да свайго сайта[12].
Сярод шматлікіх храмаў манастыра няма ніводнага, прысвечанага беларускім святым[13].
У лістападзе 2019 г. манастыр далучыўся да збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай ініцыяваць закон «аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасексуалізму і іншых палавых вычварэнняў непаўналетнім» і ўвесці адказнасць за гэтыя дзеянні ў Крымінальны кодэкс. Раней зварот быў ініцыяваны пралайф арганізацыямі і падтрыманы рымска-каталіцкім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Подпісы збіраліся ў манастыры і яго крамах[14].
Духоўнік манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак выступіў з відэазваротам, у якім перасцярог ад зла, якое распаўсюджваецца ў Еўропе: аднаполыя шлюбы і ўсынаўленне дзяцей такімі парамі. Ён назваў гэта пачаткам канца свету і заклікаў не дапусціць распаўсюду ў Беларусі зла, якое навязваецца моладзі і псуе ейнае жыццё, і разбурае сем’і[15].
Протаіерэй А. Лемяшонак прыняў удзел у прэс-канферэнцыі па выніках збору подпісаў. Між іншага, ён заявіў, што ЛГБТ — хворыя людзі, за ацаленне душ якіх трэба маліцца, а ў іх саюзах «няма ані мамы, ані таты, ані ахвярнага жыцця, ані прыкладу любові»[16].
Дзеянні манастыра крытыкаваліся праваслаўнымі святарамі. Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін падкрэсліў, што збор подпісаў не быў ініцыятывай манастыра, але манастыр далучыўся да яго. Праваслаўная Царква афіцыйна не падтрымала збору подпісаў. Відэазварот А. Лемяшонка ён назваў «асабістай ініцыятывай». На яго думку, «прыватных ініцыятыў у гэтым кірунку не павінна быць»[14]. Старшыня сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Павел Сярдзюк азначыў характар петыцыі як дыскрымінацыйны і што «гэта ініцыятыва аднаго Свята-Елісавецінскага манастыра»[17].
У красавіку 2020 года беларускія і замежныя СМІ апублікавалі паведамленні ад успышцы каронавірусу ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Кіраўніцтва Беларусі не абвяшчала каранціну і ўсе праваслаўныя храмы краіны маглі заставацца адкрытымі.
14 красавіка на прэс-канферэнцыі з удзелам кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Паўла было паведамлена, што Патрыярх Маскоўскі Кірыл благаславіў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў. Мітрапаліт Павел заклікаў праваслаўных Беларусі пачуць словы Патрыярха. Ён асудзіў «псеўдапастыраў», якія заклікаюць не слухаць Патрыярха і працягваць хадзіць у храмы. Ён паведаміў, што ўсе храмы застануцца адчыненымі, але заахвоціў вернікаў заставацца дома ў Страсны Тыдзень і на святы Уваскрэсення Хрыстова, і сачыць за богаслужэннямі па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Ён сказаў, што асвячэнне страў будзе адбывацца пад адкрытым небам. Ён таксама заклікаў устрымацца ад наведвання могілак у гэты час[18].
Нягледзячы не перасцеражэнні Патрыярха і Патрыяршага Экзарха, пасхальныя богаслужэнні 19 красавіка былі шматлюднымі, асабліва ў храмах Свята-Елісавецінскага манастыра, пра што сведчылі відэа з храмаў[19][20] і што пацвердзіў духоўнік манастыра пратаірэй Андрэй Лемяшонак[21]. Вернікі прычашчаліся з адной лыжачкі. 23 красавіка расійская журналістка Марына Ахмедава са спасылкай на трох манахінь манастыра паведаміла, што ў адным з храмаў манастыра з адной лыжачцы падчас велікоднага богаслужэння прычасцілася 970 чалавек, у той час як у самім манастыры ўжо былі выпадкі заражэння каронавірусам. Ахмедава паведаміла, што 100 з 130 манахінь знаходзіліся ў ізаляцыі, аднак, яна не ўдакладніла, ці ўсе гэтыя выпадкі былі з прычыны каронавірусу[4].
22 красавіка на сайце манастыра была апублікавана заява, якая абвяргала выпадкі каронавірусу сярод клірыкаў і манахінь манастыра, а паведамленні пра такія выпадкі называла фейкам[22].
Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін прызнаў, што бяспека манахінь і наведвальнікаў манастыра не была забяспечана[23].
30 красавіка кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Павел звярнуўся да кліру, манахаў, манахінь і ўсіх вернікаў са зваротам, у якім адзначыў, што не ўсе вернікі паставілася да рэкамендацый міністэрства аховы здароўя і кіраўніцтва Царквы з належнай увагай і паслушэнствам. Ён заклікаў выконваць пастановы Патрыярха і Свяшчэннага Сіноду, і ўсе ранейшыя інструкцыі. Ён указаў, што халатнае стаўленне і свядомае ігнараванне санітарных норм, і заклікі ігнараваць інструкцыі кіраўніцтва Царквы ў перыяд эпідэміі не з’яўляюцца сведчаннем веры, а наадварот — «злачынствам супраць бліжніх, а таму — і супраць Бога»[24].
У той жа дзень, 30 красавіка, на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра быў апублікаваны артыкул духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка, у якім ён заклікаў «не закрывацца ад свайго бліжняга, а наадварот, збірацца саборна і прасіць саборна дапамогі з гэтай хваробай. […] І калі чалавеку наканавана быць інфікаваным, ён будзе інфікаваны. Раней ці пазней мы ўсе пойдзем з гэтага дачаснага свету»[21].
21 мая галоўны ўрач 16-й гарадской клінічнай паліклінікі, якая абслугоўвае манастыр, паведаміла прэсе, што ў канцы красавіка былі 59 станоўчых тэстаў на каронавірус сярод насельнікаў манастыра. Большасць выпадкаў мелі лёгкую або бессімптомную форму. Некалькі манахінь былі шпіталізаваныя, але выпісаныя да моманту інтэрв’ю[25].
Працоўная група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады Беларусі паведамляла пра выпадкі палітычнага ціску на клір і супрацоўнікаў манастыра падчас сацыяльна-палітычнага крызісу ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г. На агульным сходзе манастыра 18 жніўня 2020 г. яго духоўнік а. Андрэй Лемяшонак выступіў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, тлумачыў пратэсты ў краіне змовай супраць Рускай Праваслаўнай Царквы і папярэдзіў, што пры Святлане Ціханоўскай у Беларусі будуць гей-прайды і аднаполыя шлюбы. Ён заявіў, што ў людзей, датычных да манастыра, — адна пазіцыя адносна падзей у Беларусі, а каму гэта не падабаецца, іх ніхто не трымае ў манастыры. Згодна гэтых паведамленняў, значная колькасць супрацоўнікаў былі звольнены або пакінулі свае пасады на працягу некалькіх месяцаў пасля сходу[26]. У прыватнасці, быў звольнены Віталій Леановіч, спецыяліст па забеспячэнні[27].
Манастыр спыніў супрацоўніцтва з акторам Аляксандрам Ждановічам пасля яго затрымання АМАПам 8 лістапада 2020 г. і арышту на дзевяць сутак. Ждановіч быў затрыманы пасля таго, як, з крыжам у руках, звярнуўся да супрацоўнікаў АМАПу не крычаць на жанчыну на вуліцы. Акцёр быў шматгадовым прыхаджанінам манастыра[26]. Манастыр абверг паведамленні пра палітычна-матываваныя звальненні, у тым ліку спыненне супрацоўніцтва з Аляксандрам Ждановічам[28].
У 2022 годзе манастыр сутыкнуўся з забаронай арганізацыі гандлю на калядных кірмашах у Заходняй Еўропе[29]. Падставай для забароны паслужыў удзел манастыра ў матэрыяльным забеспячэнні расійскіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне[30]. У выніку скандалаў манастыр сутыкаўся з патрабаваннямі забараніць яму прадаваць тавары і збіраць сродкі за мяжой, а манашкі і сёстры хавалі факт прыналежнасці да манастыра[31].
У сакавіку 2024 года выйшла расследаванне «Бюро Медыя» аб фінансах манастыра. Згодна з расследаваннем, манастыр заніжае падатковую нагрузку, маскіруе даходы пад ахвяраванні, прымае плацяжы ў асноўным наяўнымі грашыма. Аўтары расследавання характарызуюць Свята-Елісавецінскі манастыр як праваслаўны бізнес-холдынг[32].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.