Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
беларускі тэатр, месціцца ў Мінску From Wikipedia, the free encyclopedia
беларускі тэатр, месціцца ў Мінску From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (РТБД) — беларускі драматычны тэатр, знаходзіцца ў Мінску.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі | |
---|---|
Заснаваны | 1990 (1992) |
Будынак тэатра | |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Будынак | вул. Крапоткіна д. 44. Мінск, Беларусь[2] |
Кіраўніцтва | |
Дырэктар | Святлана Навуменка |
Мастацкі кіраўнік | |
Сайт | rtbd.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У снежні 1990 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Мінску Дзяржаўнага тэатра-лабараторыі нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна»[3], які пэўны час існаваў як структурнае падраздзяленне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. Канцэпцыяй новага тэатра была падтрымка нацыянальнай драматургіі, адкрыццё новых імён беларускіх аўтараў. Тэатр узначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Мазынскі. Трупа была сфарміраваная з ягоных вучняў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пачаў працу ў 1991 годзе на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 12)[3]. Першая прэм’ера адбылася 1 лютага 1992 года. П’есу «Ку-ку» Міколы Арахоўскага паставіў рэжысёр Андрэй Гузій. 1 лютага 1992 года РТБД лічыць пачаткам дзейнасці тэатра.
У лістападзе 1993 года пераехаў ва ўласнае памяшканне па вул. Крапоткіна, 44, атрымаў статус рэспубліканскага тэатра і сучасную назву. З маладымі драматургамі праводзілася скрупулёзная праца. Абавязковай была прысутнасць аўтара пры чытцы п’есы акцёрамі, удзел у рэпетыцыях. Цягам першага дзесяцігоддзя ў рэпертуары з’явіліся спектаклі паводле твораў Міколы Арахоўскага, Уладзіміра Сауліча, Ігара Сідарука, Максіма Клімковіча, Міраслава Адамчыка, Раісы Баравіковай, Алены Паповай, Сяргея Кавалёва і іншых.
Акцэнт быў зроблены на спектаклях метафарычнага і абсурдысцкага кірунку. Тэатр браў актыўны ўдзел у фестывалях. Са спектаклямі «Рычард» і «Макбет» паводле Уільяма Шэкспіра двойчы з поспехам удзельнічаў у Эдынбугскім тэатральным фестывалі Фрындж.
З 2000 па 2012 год Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўзначальваў рэжысёр Валерый Анісенка. Новая трупа была сфарміравана з выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў, вучняў рэжысёра. Асаблівая ўвага ў гэты час надавалася атмасферы студыйнасці, прафесійнаму росту маладых акцёраў, творчай дысцыпліне, духоўнаму мікраклімату. Тэатр-дом абраны як аснова прафесійнай мадэлі. Мастацкія прыярытэты былі аддадзены псіхалагічнаму тэатру. У гэты час РТБД далучаецца да міжнароднага тэатральнага руху, атрымлівае запрашэнні на міжнародныя фестывалі. Спектаклі «Жанчыны Бергмана» Мікалая Рудкоўскага, «Адвечная песня» Янкі Купалы (рэжысёр Сяргей Кавальчык), «Чарнобыльская малітва» паводле твора Святланы Алексіевіч мелі міжнародныя ўзнагароды. Быў наладжаны шэраг сумесных міжнародных праектаў з тэатральнымі дзеячамі Францыі, Ізраіля, Расіі, ЗША, Сербіі.
У РТБД значна палепшыліся ўмовы для творчасці, да тэатра далучылі другі паверх суседняга будынку. У 2007 годзе пры тэатры быў створаны Цэнтр беларускай драматургіі. У трупе ў гэты час працавалі 33 акцёры, у рэпертуары — 33 спектакля. У 2010 годзе тэатру нададзена ганаровае званне Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь.
У 2012 годзе мастацкім кіраўніком тэатра прызначаны рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, у 2014-м дырэктарам тэатра становіцца Уладзімір Карачэўскі. Значнымі спектаклямі гэтага перыяду лічацца «Раскіданае гняздо» паводле Янкі Купалы (рэж. Аляксандр Гарцуеў), «Пелікан» паводле Аўгуста Стрындберга (рэж. Аляксандр Гарцуеў), «Гэта ўсё яна» паводле Андрэя Іванова (рэж. Моніка Дубраўлянска), «Сіндром Медэі» паводле Юліі Чарняўскай (рэж. Кацярына Аверкава), «Кар’ера доктара Рауса» паводле Віктара Марціновіча (рэж. Аляксандр Гарцуеў), «Бетон» Яўгена Карняга, эксперыментальныя спектаклі рэжысёра Аляксандра Марчанкі «Мабыць?», «Беларусь. Дыдактыка».
У 2015 годзе РТБД стаў арганізатарам ІІ Маладзёжнага тэатральнага форуму краін СНД, Балтыі, Грузіі.
У час пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту, 16 жніўня 2020 года калектыў тэатра запісаў відэазварот да ўладаў, у якім заклікаў спыніць гвалт і правесці новыя выбары[4]. Таксама было абвешчана, што тэатр не адкрые новы сезон 18 жніўня праз палітычную абстаноўку ў краіне. Адкрыццё сезона было перанесена на 2 верасня[4]. 20 жніўня супрацоўнікі тэатра падтрымалі агульнанацыянальную забастоўку, а таксама выказалі падтрымку акцёрам разгромленага Купалаўскага тэатра[5]. У кастрычніку 2020 года з тэатра звольніўся акцёр Андрэй Новік, заявіўшы, што «не мае маральных сіл выходзіць на сцэну дзяржаўнага тэатра»[6].
15 лістапада 2020 года быў затрыманы і жорстка збіты акцёр тэатра Ілья Ясінскі[7]. 16 лістапада адбыўся паказ «Кар’еры Доктара Рауса», у якім Ясінскі іграў ролю Біскупа, замест акцёра на сцэне стаяла пустое крэсла, голас з дынамікаў чытаў тэкст[8]. Ясінскі быў вымушаны нелегальна бегчы ў Літву ад крымінальнага пераследу[9]. 16 лістапада ў знак пратэсту супраць цэнзуры з боку дзяржавы звольніўся Мікалай Стонька, у відэазвароце ён падтрымаў пратэсты[10][11].
У канцы снежня 2021 года ў рамках маштабных палітычных чыстак быў звольнены мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў[12]. 27 лютага 2022 года на антываеннай акцыі ў часе правядзення рэферэндуму быў затрыманы акцёр Максім Шышко, пасля адміністрацыйнага арышту ён быў высланы з краіны і звольнены з тэатра[13]. Увесну таго ж года з палітычных прычын звольнены акцёркі Марына Здаранкова, Марыя Пятровіч і Алена Баярава[13].
У жніўні 2024 года новай дырэктаркай тэатра прызначана Святлана Навуменка. У кастрычніку 2024 года адбыліся чарговыя палітычныя затрыманні акцёраў тэатра, праз арышты былі заменены спектаклі з удзелам арыштаваных акцёраў[14][15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.