Ручаёвая стронга, фарэль (Salmo trutta morpha fario) — рыба сямейства ласасёвых, прэснаводная форма марской прахадной рыбы — кумжы. Народная назва пстронга.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Цела стройнае, тарпедападобнае, шчыльна ўкрытае дробнай луской (уздоўж бакавой лініі 115-130 лускавінак). Афарбоўка стракатая: спіна і бакі бура-зялёныя, ніз цела белаваты, плаўнікі цёмныя, на верхняй палове цела і на спінным плаўніку мноства цёмных, чырвоных і аранжавых плямак. Спінны плаўнік размешчаны пасярэдзіне цела, мае 3-5 простых і 9-11 разгалінаваных промняў, за ім, бліжэй да хваста, — тлушчавы плаўнічок без касцявых промняў. Хваставы плаўнік моцны, раўналопасцевы. Рот вялікі, з мноствам зубоў.
Звычайныя памеры стронгі ручаёвай: даўжыня 25-35 см, маса 200-500 г, вельмі рэдка да 2 кг.
Жыве ў рэчках і ручаях басейна Балтыйскага мора, у вярхоўях некаторых прытокаў Волгі і Дняпра. У Беларусі трапляецца ў прытоках Немана і Віліі, у басейне Дняпра — у Гайне, Волме, Вячы, вярхоўі Свіслачы і ў іншых рэчках, якія сцякаюць з усходняга схілу Мінскага ўзвышша; рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Аселая рыба. Насяляе вярховыя ўчасткі рэк і ручаёў з чыстай халоднай вадой. Трымаецца паблізу абрывістых берагоў, вадападаў, крыніц, у месцах, дзе берагі густа параслі дрэвамі і кустамі. У пошуках корму вандруе ўверх па цячэнню. Трымаецца паасобку, актыўная пераважна на змярканні і ноччу, удзень хаваецца пад навіслымі берагамі, карчамі, у зарасніках і іншых укрыццях.
Полавая спеласць настае ва ўзросце 3-4 гадоў. Нерастуе ў лістападзе-снежні на мелкаводных участках з хуткай плынню і буйназярністым пясчаным ці камяніста-галечным дном. Ікра буйная, адкладваецца ў грунт і ўкрываецца галькай і пяском. Плоднасць ад 200 да 5 тыс. ікрынак. Развіццё ікры доўжыцца да вясны. Лічынкі доўгі час застаюцца на месцы і толькі праз 4-5 тыдняў маляўкі выходзяць са сховішчаў. Корміцца стронга дробнымі ракападобнымі, а таксама трапіўшымі ў ваду насякомымі і іх лічынкамі. Буйная стронга можа карміцца і дробнай рыбай (гальяны, бычкі-падкаменшчыкі) і апалонікамі. Пад канец першага года моладзь дасягае даўжыні 10-12 см і болей.
Прывабны аб'ект аматарскага рыбалоўства. У шэрагу краін разводзяць і вырошчваюць у спецыяльных гаспадарках.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5.