From Wikipedia, the free encyclopedia
Прама́я дэмакра́тыя, таксама чы́стая ці непасрэ́дная дэмакра́тыя — гэта форма дэмакратыі, пры якой людзі наўпрост прымаюць развязкі па палітычных ініцыятывах. Гэта адрозніваецца ад большасці сучасных дэмакратый, якія з’яўляюцца прадстаўнічымі дэмакратыямі. Тэорыя і практыка прамой дэмакратыі былі ядром прац многіх тэарэтыкаў, філосафаў, палітыкаў і сацыяльных крытыкаў, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца Жан Жак Русо і Джон Сцюарт Міль[1].
Ва ўмовах прамой дэмакратыі людзі вызначаюць палітыку без пасярэднікаў. У залежнасці ад пэўнай выкарыстоўванай сістэмы прамая дэмакратыя можа складацца з прыняцця выканаўчых пастаноў, выкарыстоўвання жараб’ёўкі, прыняцця законаў, непасрэднага абрання ці звальнення службовых асоб і правядзення судовых разбораў. Дзве асноўныя формы прамыя дэмакратыі — гэта дэмакратыя ўдзелу і дарадчая дэмакратыя.
Паўпрамыя дэмакратыі, у якіх прадстаўнікі кіруюць паўсядзённым кіраваннем, а грамадзяне застаюцца суверэннымі, дапушчаюць тры формы народных дзеяньняў: рэферэндум (плебісцыт), ініцыятыву і адкліканне. Першыя дзве формы, рэферэндумы і ініцыятывы, з’яўляюцца прыкладамі прамога заканадаўства[3]. Станам на 2019 год у 30 краінах дазволены рэферэндумы, ініцыяваныя насельніцтвам на нацыянальным узроўні[4].
Абавязковы рэферэндум ставіць закон, распрацаваны палітычнымі элітамі, на абавязковае ўсенароднае галасаванне. Гэта найболей пашыраная форма прамога заканадаўства.
Усенародны рэферэндум дае грамадзянам права падаць петыцыю, у якой грамадзяне павінны прагаласаваць за існуючае заканадаўства. Установы паказваюць тэрміны для сапраўднай петыцыі і колькасць патрабаваных подпісаў, і могуць запатрабаваць подпісы ад розных супольнасцей для абароны зацікаўленняў меншасцей. Гэтая форма прамой дэмакратыі фактычна падае выбаршчыкам права вета на законы, прынятыя абраным заканадаўчым органам, як у Швейцарыі[5][6][7][8].
Народная ініцыятыва дае магчымасць прадстаўнікам шырокай грамадскасці прапанаваць ураду з дапамогай петыцыі пэўныя заканадаўчыя меры ці канстытуцыйныя рэформы, і, як і ў выпадку з іншымі рэферэндумамі, галасаванне можа быць абавязковым ці проста рэкамендацыйным. Ініцыятывы могуць быць прамымі ці ўскоснымі: пры прамой ініцыятыве паспяховая прапанова змяшчаецца наўпрост у бюлетэнь для галасавання (як у сістэме Каліфорніі)[3]. Пры ўскоснай ініцыятыве паспяховая прапанова спачатку прадстаўляецца на разгляд заканадаўчага органа; аднак, калі па заканчэнні пэўнага перыяду часу не будзе распачата ніякіх прымальных дзеянняў, прапанова пераходзіць да прамога ўсенароднага галасавання. Канстытуцыйныя папраўкі ў Швейцарыі, Ліхтэнштэйне ці Уругваі праходзяць праз такую форму ўскоснай ініцыятывы[3].
Народнае абмеркаванне — гэта рэферэндум, які павялічвае грамадскае абмеркаванне, напрыклад, уносіць прапановы пра змену і дадатак асобных пунктаў ці падзелаў пастаноў.
Імператыўны мандат ці права адклікання дае грамадскасці права адхіляць выбарных службовых асоб ад пасады да сканчэння пастаўленага імі стандартнага тэрміна паўнамоцтваў[9].
Перавагай прамой дэмакратыі з’яўляецца хуткая інсцэнізацыя і прыманне пэўных пастаноў на ўзроўні асобных невялікіх груп грамадства (пытанні мясцовага і прыватнага характару).
Недахопам прамой дэмакратыі з’яўляецца складанасць яе ўжывання на вялікіх тэрыторыях (складанасць фарміравання пытанняў, павелічэнне тэрмінаў на ўзгадненне пытанняў і правядзення галасавання) без выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і сродкаў мабільнай сувязі.
Найранейшай вядомай прамой дэмакратыяй лічыцца афінская дэмакратыя V стагоддзя да нашай эры, хоць яна не была ўсёахопнай дэмакратыяй, калі яна выключала жанчын, рабоў і неафінцаў. Асноўнымі органамі афінскай дэмакратыі былі:
У Старажытных Афінах было ўсяго каля 30 000 грамадзян мужчынскага полу, але некалькі тысяч з іх былі палітычна актыўнымі кожны год. Афінская дэмакратыя была прамой не толькі ў тым сэнсе, што развязкі прымаліся сабранымі людзьмі, але і у тым сэнсе, што людзі праз сход, булэ і суды кантралявалі ўвесь палітычны працэс, і вялікая частка грамадзян была ўцягнена ў яго і увесь час брала ўдзел у грамадзкіх справах. Большасць сучасных дэмакратый (прадстаўнічых), не падобныя на афінскую сістэму.
Таксама да гісторыі прамой дэмакратыі мае дачыненне гісторыя Старажытнага Рыма, у прыватнасці, Рымскай рэспублікі, што традыцыйна пачынаецца каля 509 г. да н. э. Рым прадэманстраваў многія аспекты дэмакратыі ад эпохі рымскай манархіі да распаду Рымскай імперыі. Так, Сенат, сфарміраваны ў першыя дні існавання горада, праіснаваў у часы Царства, Рэспублікі і Імперыі і нават працягваў сваё існаванне пасля заняпаду Заходняга Рыма, а яго структура і правілы працягваюць уплываць на заканадаўчыя органы ва ўсім свеце. Што да прамой дэмакратыі, то ў старажытнай Рымскай рэспубліцы існавала сістэма грамадзянскай заканатворчасці і грамадзянскае права вета на закон, які прымаўся заканадаўчым органам[10].
Сучасная грамадзянская заканатворчасць адбываецца ў кантонах Швейцарыі з XIII стагоддзя. У 1847 годзе швейцарцы дадалі «рэфэрэндум па статуце» у сваю нацыянальную канстытуцыю. Неўзабаве яны выявілі, што проста мець права вета на законы парламента недастаткова. У 1891 г. яны дадалі «ініцыятыву занясення паправак у канстытуцыю». Швейцарская палітыка з 1891 году дала свету каштоўны досвед у межах ініцыятывы па занясенні паправак у канстытуцыю на нацыянальным узроўні [11]. За апошнія 120 гадоў на рэферэндумы вынесена больш за 240 ініцыятыў. Насельніцтва зарэкамендавала сябе кансерватыўным, ухваліўшы толькі каля 10% гэтых ініцыятыў; апроч таго, яны часта абіралі варыянт ініцыятывы, перапісаны ўрадам[5][6][7][8].
Сучасная прамая дэмакратыя таксама сустракаецца ў народа кроу, племені амерыканскіх індзейцаў у Злучаных Штатах Амерыкі. Племя арганізавана вакол Агульнага савета, што складаецца з усіх членаў выбарчага ўзросту. Генеральны савет мае права прымаць юрыдычна абавязковыя развязкі з дапамогай рэферэндумаў. Генеральны савет упершыню быў замацаваны ў Канстытуцыі 1948 года і была падтрыманы і адноўлены Канстытуцыяй 2002 года[12].
На сённяшні дзень існуе канцэпцыя кіравання электроннай непасрэднай дэмакратыі, якая базуецца на выкарыстанні камп’ютарных сродкаў і дазваляе ўсяму насельніцтву браць удзел у кіраванні наўпрост, у той меры, у якой яны жадаюць[13].
Прамая дэмакратыя з’яўляецца асновай палітычнай думкі анархізму і левага лібертарыянства [14], а як палітычная тэорыя шмат у чым выпрабавала ўплыў анархізму [15][16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.