Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пральная машына (пральня) — машына для механічнага мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Перамешванне бялізны і задзейнічанне раствору для жвавага кругавароту ажыццяўляецца вярчальным лопасцевым дыскам або барабанам. Дыск замацоўваецца ў дно або сценку бака і прыводзіцца ў рух электрарухавіком, які ўключаецца таймерам. Перфараваны барабан, у якім мыецца бялізна, адваротна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Віды: 1) малагабарытная пераносная без адціскання; 2) з ручным адцісканнем; 3) паўаўтаматычная 2-бакавая з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання; 4) аднабакавая барабанная; 5) аўтаматычная з праграмным кіраваннем. Побытавая звычайна змяшчае да 5 кг сухой бялізны. Камунальная — да 200 кг[1].
З 2003 года мінскі завод «Атлант» пачаў выпуск пральных машын у Беларусі.
У студзені 1752 года англійскі «Джэнтэльменскі часопіс» змясціў выяву пральнай машыны. У 1766 годзе нямецкі доктар багаслоўя Якаб-Хрыстыян Шэфер (1718—1790) апублікаваў у Рэгенсбургу (Свяшчэнная Рымская імперыя; цяпер зямля Баварыя, Германія) дызайн «зручнай і высокавыніковай пральнай машыны». У 1782 годзе Генры Сіджыр атрымаў англійскі патэнт на пральню з вярчальным барабанам. У 1791 годзе ў Англіі выдалі патэнт на пральна-адціскальную машыну. У 1790-я гады Эдуард Бітэм паспяхова гандляваў «запатэнтаванымі пральнымі млынамі» ў Англіі. 28 сакавіка 1797 года Натаніел Брыгс са штата Нью-Гэмпшыр (ЗША) запатэнтаваў механізм для мыцця бялізны. У 1843 годзе Джон Торнбул з Сэнт-Джона (брытанская калонія Нью-Брансуік; цяпер Канада) запатэнтаваў «пральню адзення з адціскальнымі каткамі». У 1858 годзе Гамільтан Сміт з Пітсбурга (штат Пенсільванія, ЗША) запатэнтаваў вярчальную пральную машыну. У 1850-я гады ў Заходняй Еўропе і ЗША з’явілася пральнае машынабудаванне[2]. 1 мая 1862 года Рычард Ленсдэйл з Пендлтана (графства Ланкашыр, Англія; цяпер графства Вялікі Манчэстэр) паказаў запатэнтаваную «вярчальную пральную машыну з каткамі для адціскання» на Міжнароднай выстаўцы ў Лондане. У красавіку 1884 года ў Нью-Ёрку (ЗША) з’явіліся платныя пральні-аўтаматы. У 1900 годзе немец Карл Мілі прыстасаваў для мыцця драўляную кадушку з лопасцямі. У лістападзе 1904 года ў Дэ-Мойне (штат Аява, ЗША) пачаўся продаж электрычных пральных машын. 11 мая 1909 года Олівер Вудра з Ньютана (акруга Джаспер, штат Аява, ЗША) атрымаў патэнт № 921195 на электрапральню.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.