From Wikipedia, the free encyclopedia
Пляшча́нка (Плішчэ́нка[1]), Лютэра́нскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада, на паўднёвы ўсход ад Лютэранскіх могілак, абапал Лібава-Роменскай чыгункі.
На паўночным захадзе ад Пляшчанкі месціцца Мядзвежына, на паўночным усходзе — Раманаўская Слабада, на поўдні — Добрыя Мыслі[2][3].
Прадмесце сфармавалася на заходняй ускраіне Мінска ў канцы XIX— пач. XX стагоддзя. У XIX стагоддзі ва ўрочышчы Пляшчанка былі адкрытыя Лютэранскія (Нямецкія) могілкі (цяпер гэта сквер на рагу вуліц Карла Лібкнехта і Купрыянава). Дарогу на могілкі з цягам часу пачалі называць Малалютэранскай ці Нямецкай вуліцай, а Пляшчанку часта называлі Лютэранскім прадмесцем[4].
У пачатку XX стагоддзя Пляшчанка ўваходзіла ў чацвёртую і пятую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Мацвееўская (траса вуліц Розы Люксембург і Нямігі за Музычным тэатрам), Вяземская і Ковенская вуліцы, Бабруйскі завулак[2][5]
У канцы XIX ст. і да 1918 года на ўсходняй ускраіне прадмесця сфармавалася драўляная забудова Паўночнага завулка. Цяпер гэты ўнікальны комплекс помнікаў забудовы каштоўны не толькі з нагоды захавання асяроддзя, але і выразнымі адметнасцямі архітэктуры пабудоў: на дзве жылыя палавіны, з брусоў, на мураваных цокалях, багатае аздабленне разьбой (ліштвы, ганкі, веранды, карнізы)[6].
Драўляная забудова прадмесця была амаль цалкам знесеная ў 1950-я—1990-я гады. У канцы 1960-х закрылі і знеслі Лютэранскія могілкі (цяпер там Лютэранскі сквер)[7].
На пасяджэнні 6 траўня 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Купрыянава — К. Лібкхнехта — зав. Дамашэўскі назвы «Лютэранскі». Гэты сквер з’явіўся на месцы знесеных Лютэранскіх могілак[8].
У 2012—2013 гадах былі разбураныя апошнія дамы па вуліцы і завулку Мацвееўскім[7].
Пра існаванне прадмесця сведчыць Лютэранскі сквер. Тапонім Пляшчанка ніяк не пазначаны на карце Мінска.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.