From Wikipedia, the free encyclopedia
Патоп на Дубравенцы або Магілёўскае цунамі — паводка 10 красавіка 1942 года ў Магілёве, што адбылася ў выніку прабіцця аселага насыпу праз раку Дубравенка. Найбуйнейшае прыродна-тэхнагеннае бедства ў Беларусі, што пацягнула смерць 2 тысяч чалавек.
Патоп на Дубравенцы | |
---|---|
Прычына | Пашкоджанне, забіванне і паўторнае прабіццё трубы пад насыпам праз раку |
Месца | Магілёў |
Краіна | Трэці рэйх (ваенная адміністрацыя), БССР |
Дата | 10 красавіка 1942 |
Загінулых | каля 2000 чалавек |
Пацярпелых | невядома |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Чыгуначная лінія, якая перасекла раку Дубравенку ў раёне Карабанаўкі, была пракладзена яшчэ ў пачатку XX ст. Спачатку яна ішла праз мост, а пазней быў створаны земляны насып. Плынь ракі было вырашана прапусціць па бетоннай трубе[1].
Пры адступленні з Магілёва ў ліпені 1941 года чырвонаармейцы падарвалі чыгуначны насып. Ад прасядання насып перакрыў рэчышча, а труба, цераз якую цякла рака, была пашкоджана. Да зімы ў рачной нізіне ад Пашкава да насыпу разлілося возера з узроўнем вады аж да самых рэек[1].
Прыйшоўшы ў горад, нямецкае камандаванне прыступіла да рамонту шляхоў, каб пускаць эшалоны на ўсход[1]. Падчас прац труба была забіта: у варонку ў насыпе скідвалася зямля і шпалы, што яшчэ больш засмеціла трубу. Рух цягнікоў быў адноўлены, а каб насып не апоўз, трубу яшчэ закрылі дрэвам. Тады Гарадское ўпраўленне звярнулася да начальніка Чыгуначнай станцыі Магілёва Лапо з просьбай аднавіць пропуск вады праз трубу. Лапо адказаў, што вышэйшае камандаванне ўведзена ў курс спраў, і хутка павінны прыбыць нямецкія будаўнічыя часці каб вырашыць праблему[2].
Нямецкі обер-лейтэнант Вольфсбергер вырашыў зрабіць штольню (прабіццё насыпу) сячэннем 1.2 м², але яе было недастаткова для спуску вады, бо старая труба мела плошчу ў 16 м². Працы распачаліся 6 кастрычніка, але праз некаторы час сталі немагчымымі з-за грунтавых вод. У ноч з 19 на 20 снежня са старой трубы, якая лічылася разбуранай, вырвалася вялікая колькасць вады, а ў насыпе пад чыгункай узнікла варонка. У той жа час, з боку возера насып ацалеў. Тады Гарадское ўпраўленне вырашыла да пачатку веснавой паводкі прабурыць пясок усярэдзіне старой трубы і аднавіць яе[2].
Працы па ачышчэнні трубы ішлі паводле плана, але 20 лютага камендант чыгуначнага вузлу забараніў іх, спаслаўшыся на тое, што асадка палатна ў выніку рамонту трубы пагражае руху цягнікоў па насыпе. У выпадку працягу работ, камендант абяцаў паскардзіцца ў фельдкамендатуру (вайсковаму начальству)[1][2]
1 красавіка ў мяне будзе гатовы мост, а тады што будзе з дамбай, мяне не тычыцца…[2].
Арыгінальны тэкст (руск.)1 апреля у меня будет готов мост, а тогда что будет с дамбой, меня не касается…
Тады, гарадскі інжынер Забелін напісаў дакладную запіску гарадскому галаве, дзе адзначаў катастрафічнасць сітуацыі. Галава горада загадаў працягваць работы, нягледзячы на заўвагі каменданта Лапо.
У пачатку красавіка 1942 г., калі ўзровень вады стаў крытычным[1], нямецкія акупацыйныя ўлады скіравалі брыгаду на прабіццё насыпу некалькімі трубамі[3]. Было выдзеана папярэджанне ў камісію па барацьбе з паводкай і загад аб эвакуацыі[2].
10 красавіка 1942 года рамонтнікі дайшлі да рэшткаў трубы, дзе савецкія вайскоўцы заклалі ўзрыўчатку. Пры прарыве насыпу ў другой палове дня хваля імгненна змыла ўсіх рамонтнікаў. За 20 хвілін большасць людзей, 129 дамоў, сінагогу і Быхаўскі рынак з берагоў знесла ў Дняпро[4]. Пашкоджанні будынкам таксама наносілі падарваныя ільдзіны, якія несла з сабой вада[1].
Быў знесены ўвесь Быхаўскі рынак з прылаўкамі, ларкамі, гандлярамі і пакупнікамі, горад аказаўся без электраэнэргіі і вады… — ст. інжынер Уладзімір Чашэй[2]
Арыгінальны тэкст (руск.)Был снесен весь Быховский рынок с прилавками, ларьками, торговцами и покупателями, город оказался без электроэнергии и воды…
Сабраныя па берагах непрытомныя целы склалі ў адну яму. Большасць загінуўшых не пахавалі праз багністы нанос глею і гліны, што замінаў падысці да ракі яшчэ некалькі тыдняў. Трупы ў падсохлым глеі знаходзілі яшчэ цягам года.
Па словах дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, само закладанне выбухоўкі прывяло да таго, што спыніўся ток ракі. Адзначаецца, што недастатковымі былі намаганні гарадской улады, нямецкага камандавання, а таксама прынцыповая пазіцыя камендатуры чыгуначнага вакзала, якая лічыла, што насып разбураць нельга, пакуль не будзе адноўлены мост для сувязі з войскамі па чыгунцы[5].
У выніку сумы гэтых фактараў вада ў вадазборы не была своечасова спушчана, і спроба ачышчэння затору выбухам прывяла да трагедыі[5].
Па меркаваннях некаторых гісторыкаў[удакладніць], у савецкія часы трагедыя замоўчвалася з-за неадназначнасцяў у трактоўцы прычын трагедыі, якія маглі выстаўляць савецкіх партызан аднымі з яе віноўнікаў[1].
Праз пашырэнне звестак аб патопе на навуковай нарадзе «Магілёў: гісторыя і сучаснасць» у 2006 годзе студэнты Беларуска-расійскага ўніверсітэта зладзілі збор подпісаў з просьбай да Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта аб усталяванні помніка ахвярам бедства[6].
Станам чэрвень 2017 года памятнага знака аб трагедыі ўсталявана не было[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.