From Wikipedia, the free encyclopedia
О́скар Фі́нгал О’Фла́эрці Уілс Уайльд (англ.: Oscar Fingal O’Flahertie Wills Wilde; 16 кастрычніка 1854 — 30 лістапада 1900) — ірландскі[9] пісьменнік, паэт і крытык, адзін з самых вядомых драматургаў позняга Віктарыянскага перыяду; прадстаўнік дэкадэнцтва.
Нарадзіўся 16 кастрычніка 1854 года ў Дубліне, сталіцы Ірландыі. Бацькам яго быў афтальмолаг і аталарынголаг сэр Уільям Роберт Уайльд, які займаўся таксама археалогіяй і ірландскім фальклорам. Маці — Джэйн Франчэска Уайлд (у дзявоцтве Элджы), вядомая ірландская свецкая дама.
У 1864—1871 гадах навучаўся ў Каралеўскай школе Портэра (горад Эніскілен каля Дубліна). У 1874 годзе выйграў стыпендыю на навучанне ў Оксфардскім каледжы Магдаліны на класічным аддзяленні. Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт у 1879 годзе.
Па заканчэнні ўніверсітэта перасяліўся ў Лондан, дзе хутка ўцягнуўся ў свецкае жыццё. Лонданскі дэндзі быў пазней асуджаны за «непрыстойныя паводзіны» (гомасексуальнасць) і пасля двух гадоў турмы і выпраўленчых работ з’ехаў у Францыю, дзе жыў у галечы пад змененым імем і прозвішчам.
Дэбютаваў у 1876 годзе. У зборніку «Вершы» (1881) блізкі да французскіх імпрэсіяністаў, імкнуўся да сінтэзу паэзіі, музыкі і жывапісу. Аднавіў жанр літаратурна-філасофскай казкі (зборнікі «Шчаслівы прынц», 1888; «Гранатавы домік», 1891), паставіўшы ў цэнтр праблемы стасункаў мастацтва і рэчаіснасці, ролі фантазіі, пакут і міласэрнасці. Аўтар паэмы «Равена» (1878), трагедый «Герцагіня Падуанская» (1883), «Саламея» (1893; на яе аснове напісана аднайменная опера Р. Штрауса, 1905). У камедыях «Веер лэдзі Уіндэрмір» (паст. 1892), «Ідэальны муж», «Як важна быць сур’ёзным» (абедзве паст,, 1895) праявіў сябе як майстар парадокса, знаўца псіхалогіі і свецкага жыцця. У кнізе эсэ «Задумы» (1891) выклаў канцэпцыю эстэтызму, дэкларуючы прымат мастацтва над рэчаіснасцю і непадуладнасць яго законам абмежаванай маралі. Мастацкай ілюстрацыяй тэорыі О. Уайльда і вяршыняй яго творчасці стаў сацыяльна-філасофскі раман «Партрэт Дарыяна Грэя» (1891), у якім сцвярджаў абсалютную перавагу мастацтва над жыццём і адначасова абвяргаў ідэю незалежнасці прыгажосці ад маралі. Стылістыка рамана адзначана спалучэннем рыс рэалізму, імпрэсіянізму, неарамантызму. Позняя творчасць Оскара Уайльда нясе адбітак перажытай ім асабістай трагедыі — турэмнага зняволення («Балада Рэдынгскай турмы», 1898, і інш.).
На беларускую мову паасобныя творы О. Уайльда пераклаў М. Дуброўскі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.