Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нойбургі (ням.: Neuburger) — дынастыя князёў нямецкага княства Нойбург, прадстаўнікі якой на працягу 1695—1744 гадоў валодалі так званымі Нойбургскімі маёнткамі ў ВКЛ — Слуцкім княствам, Себежскім і Невельскім графствамі, Копыссю, Раманавам, Беліцай, Кейданамі, Біржамі, Заблудавам.
Артыкул або раздзел вымагае перапрацоўкі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Пачатак утварэнню гэтага своеасаблівага анклава на тэрыторыі ВКЛ паклаў другі шлюб (10 жніўня 1688) адзінай дачкі Багуслава Радзівіла (1620—1669) Людвікі Караліны (па-нямецку: Луізы Шарлоты; 27 лютага ці 9 сакавіка 1667 — 25 сакавіка 1695) з князем нойбургскім Карлам Філіпам (4 лістапада 1661 — 31 снежня 1742), у 1697 годзе беспаспяховым прэтэндэнтам на польскую карону, з 1716 года курфюрстам-пфальцграфам Рэйнскім. Пасля смерці Людвікі Караліны яе ўладанні ў ВКЛ, спадчына Багуслава Радзівіла, перайшлі да двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Сафіі (17 сакавіка 1693 — 30 студзеня 1728), якой апекаваўся бацька, князь Карл Філіп Нойбург. З 1717 года Лізавета Аўгуста Сафія была замужам за пфальцграфам Зульцбахскім Іозефам Карлам Эмануэлем (1693—1729); пасля яе смерці «Нойбургскія маёнткі» перайшлі да трох дачок ад гэтага шлюбу: Лізаветы Аўгусты (17 студзеня 1721 — 17 жніўня 1794), Марыі Анны Шарлоты (22 чэрвеня 1722 — 25 красавіка 1790) і Марыі Францыскі Даратэі (16 чэрвеня 1724 — 15 лістапада 1794), якімі ізноў апекаваўся Карл Філіп. Яго смерць у 1742 годзе прыспешыла аднаўленне спадчынных правоў Радзівілаў на «Нойбургскія маёнткі», якія на працягу паўстагоддзя былі сталым аб'ектам судовых працэсаў і ўзброеных наездаў прэтэндэнтаў з буйных вялікалітоўскіх магнацкіх родаў. Пасля працяглых перамоў з Нойбургамі і іншымі зацікаўленымі бакамі іх уладальнікам 22 мая 1744 года стаў князь Геранім Фларыян Радзівіл, якому давялося заплаціць 230 тысяч дукатаў кампенсацыі новаму курфюрсту-пфальцграфу Рэйнскаму Карлу Тэадору (1724—1799), мужу Лізаветы Аўгусты, а таксама 2 млн злотых Сапегам, 1 млн злотых прускаму каралю Фрыдрыху II і іншым у якасці кампенсацыі.
Цэнтрам велізарнай латыфундыі Нойбургаў у ВКЛ, у якой пасля Людвікі Караліны ніхто з іх не бываў, быў Слуцк. Усё кіраванне адбывалася праз эканомаў (з 1682 па 1714 год гэту пасаду займаў Станіслаў Незабытоўскі), злоўжыванні якіх выклікалі рэзкія пратэсты мясцовага насельніцтва, якія часта перарасталі ў паўстанні (1684, 1685, 1695, 1699 і г. д.). Нягледзячы на высокія падаткі і злоўжыванні, Слуцк пры Нойбургах быў буйнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі, які па колькасці мануфактур і цэхаў і аб'ёме іх вытворчасці далёка перавышаў іншыя гарады. Экстэрытарыяльнасць «Нойбургскіх маёнткаў» спрыяла і большай, чым у іншых частках ВКЛ, рэлігійнай талерантнасці: праваслаўным Слуцкага княства было дазволена заставацца па-за Уніяй (толькі ў Слуцку налічвалася 14 праваслаўных цэркваў); Людвіка Караліна, гарачая прыхільніца кальвінізму, усяляк падтрымлівала гэту канфесію, якой у 1693 годзе падаравала слуцкую друкарню, выдаткавала значныя сродкі на выданне тут Новага Запавету на літоўскай мове. Працяглая эканамічная і культурная адасобленасць «Нойбургскіх маёнткаў» ад ВКЛ праяўлялася і пазней: тут быў галоўны асяродак рэлігійнага «дысідэнцтва» ў ВКЛ, што выявілася, напрыклад, у Слуцкай канфедэрацыі 1767 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.