Навукова-тэрміналагічная камісія — навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы БССР ў складзе гуманітарнай (літаратурна-мастацкай), прыродазнаўчай і матэматычнай секцый.
З утварэннем Беларускай ССР сфера функцыянавання беларускай мовы значна расшырылася. Арганізацыя сярэдняй і вышэйшай школы, стварэнне нацыянальнага перыядычнага друку, падрыхтоўка школьных падручнікаў, перакладчыцкая дзейнасць, развіццё навуковых даследаванняў патрабавалі хуткага развіцця і ўдасканалення беларускай мовы, і ў першую чаргу распрацоўкі тэрміналогіі хоць бы ў аб’ёме выкладання на беларускай мове ў сярэдняй школе, стварэння праграм, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў.
У 1919 г. была створана Тэрміналагічная камісія з менскіх настаўнікаў, якая распрацавала асноўныя тэрміны для беларускай пачатковай школы, надрукаваныя потым у «Праграме беларускай пачатковай школы» на 1919/20 навучальны год. 10 лютага 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася складаннем і апрацоўкай беларускай тэрміналогіі. Яе старшынёй абраны беларускі навуковец і грамадскі дзеяч Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч. Загадчыкам гуманітарнай секцыі стаў Янка Купала (люты — жнівень 1921 г.).
Сярод важнейшых пытанняў, якія вырашыла, напрыклад, навукова-тэрміналагічная камісія пад кіраўніцтвам С. М. Некрашэвіча, — распрацоўка навуковай тэрміналогіі беларускай мовы, патрэбу ў якой вельмі востра адчувала пачатковая і сярэдняя школа. На працягу толькі 1921 года камісіяй было распрацавана некалькі тысяч тэрмінаў у галіне граматыкі, літаратуры, логікі, матэматыкі, батанікі, геаграфіі, геалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спецыяльных падборак друкаваліся ў часопісе «Вестник Народного комиссариата просвещения».
Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой беларускай мовы і ўтварала неалагізмы паводле правілаў беларускай мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рускай, польскай і лацінскай моваў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай беларускай мове. Камісіяй падрыхтавана і выдадзена некалькі падручнікаў для пачатковых і сярэдніх школ.
На яе базе 30 студзеня 1922 г. заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.