Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мікола Конан (нар. 26 кастрычніка 1929) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]
Мікола Конан | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 кастрычніка 1929 (95 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Член у |
Нарадзіўся 26 кастрычніка 1929 г. у в. Лужкі Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе ў роднай вёсцы: «У школе гучала толькі польская мова. Але дома бацька вучыў нас роднай. Бацька намагаўся з людзьмі гаварыць толькі па-беларуску. Нас, Конанаў, у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, мяне і брата, адпаведна, беларусікамі». У Другую сусветную вайну падчас нямецкай акупацыі скончыў 5-й і 6-й клас, пра што Мікола Конан успамінаў так: «Адразу мы адчулі, што школа ў нас стала сапраўды беларускай. Не скажу, вісеў у нас у школе вялікі партрэт фюрэра з надпісам: «Гітлер - асвабадзіцель». Нам нешта казалі пра Гітлера, пра Германію. Але палітыкі ўсё ж у школе было няшмат. Ды і яе свядома стараліся пазбягаць настаўнікі». З верасня 1943 г. пасля ўдалай здачы экзаменаў пачынае вучыцца ў адкрытай у Глыбокім гімназіі, дзе падчас вучобы быў залічаны ў склад мясцовай суполкі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ).
У 1944 г. пасля прыхода савецкіх войскаў працягнуў вучобу ў Глыбоцкай педагагічнай навучальні, дзе неўзабаве была створана нелегальная арганізацыя Саюз беларускіх патрыётаў, галоўнай мэтай якой было развіццё беларускай культуры. Але пра існаванне СБП Мікола Конан у гэты момант не ведаў: «Усё маё дачыненне да СБП было хіба ў тым, што я на просьбу аднакурсніка Васіля Мядзельца, просьбу даверліва-сакрэтную, надрукаваў пад капірку экзэмпляраў пяць тэксту прысягі, якую прымалі тыя, хто ўступаў у гэтую арганізацыю. Я цалкам згаджаўся з тым, што прачытаў. Мог успрыняць тое, як выпісаную аднекуль удалую цытату, якая спадабалася Васілю, можа, нават як ягоную думку. Але ні ў якім разе я не звязваў гэта з якой арганізацыяй ці акцыяй».
У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты сябраў Саюза беларускіх патрыётаў, да чаго спрычынілася здрада: да пастаўскай групы СБП увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, выдаўшы сябе за сябра антысаветчыка, і падштурхоўваў да тэрарызму. Мікола Конан пасля сканчэння Глыбоцкай педнавучальні быў накіраваны працаваць настаўнікам у вёску Залессе, недалёка ад Глыбокага, але ў хуткім часе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага на завочнае аддзяленне. Савецкія спецслужбы ведалі пра толькі ўскоснае дачыненне Міколы Конана да арганізацыі, таму арыштавалі яго толькі ўзімку 1948 г. і прабавалі завербаваць яго ў якасці агента. Мікола Конан ад прапановы адмовіўся і разам з сябрамі Саюза беларускіх патрыётаў быў асуджаны — на 10 гадоў савецкіх канцлагераў. Знаходзіўся ў Аршанскай, Куйбышаўскай і Краснаярскай перасылачных турмах, а пасля трапіў на медзеплавільны камбінат у Нарыльску. Улетку 1953 браў удзел у Нарыльскім паўстанні: «Увесь наш лагер № 5 на працу не выйшаў. Забастовачны камітэт выставіў патрабаванні выклікаць для перамоваў прадстаўніка з Масквы. Усё ж прыбыў да нас пасланец з Масквы. У выніку перамоваў нашыя патрабаванні як быццам былі прынятыя да ўвагі. Тады мы выйшлі на працу. Аднак на тым не скончылася. Пасля стала вядома, што было забіта каля 20 чалавек з ліку паўстанцаў».
Вызвалены ў верасні 1954 г., вярнуўся ў Беларусь, але ў хуткім часе разам з іншым сябрам Іванам Бабічам пераехаў працаваць у Інту (Комі АССР), што было павязана са спатканым на радзіме адмоўным стаўленнем да сябе з боку мясцовай адміністрацыі. Уладкаваўся на працу шахцёрам, скончыў дзясяты клас вечаровай школы і паступіў на завочнае аддзяленне ў Маскоўскі інстытут нафты імя Гібкіна, перавёўся ў Ленінградскі горны інстытут. Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Беларусь. Рэабілітаваны ў 1993 годзе.
Жыве ў роднай вёсцы Лужкі. Пісаў вершы, браў удзел у напісанні ўспамінаў да кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Перажыў інсульт.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.