Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ларыса Пампееўна Александроўская (2 (15) лютага 1904, Мінск — 23 мая 1980) — беларуская оперная спявачка (сапрана), тэатральны рэжысёр , грамадскі дзеяч[1]. Народная артыстка Беларускай ССР (1938), Народная артыстка СССР (1940)[1].
Ларыса Александроўская | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Поўнае імя | Ларыса Пампееўна Александроўская |
Дата нараджэння | 2 (15) лютага 1904 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 мая 1980 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | БССР |
Бацька | Пампей Васільевіч Александроўскі[d] |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Антон Пятровіч Баначыч і Q129241249? |
Прафесіі | оперная спявачка, тэатральны рэжысёр, рэжысёр, грамадская дзяячка, палітык |
Гады актыўнасці | 1920—1960 |
Пеўчы голас | сапрана |
Інструменты | вакал |
Жанры | опера |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзілася ў 1904 годзе ў Мінску, у сям’і служачага чыгункі Пампея Васільевіча Александроўскага. Яго бацькам быў праваслаўны свяшчэннік Васіль Андрэевіч Александроўскі. Усе яго сыны атрымалі духоўную адукацыю, але толькі адзін з іх звязаў жыццё з царквой[2].
Скончыла Беларускі музычны тэхнікум (1928), клас спеваў В. А. Цвяткова[1]; Студыю оперы і балета ў Мінску (1933), вучаніца А. П. Баначыча[1]. З 1933 года — артыстка Беларускага тэатра оперы і балета.
У 1919-24 гадах — удзельніца арганізаванай ёю самадзейнай трупы пры Палітаддзеле Заходняга фронту[1].
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Л. Александроўская пакінула Мінск без рэчаў і дакументаў, толькі забраўшы з бальніцы сына. У складзе франтавых канцэртных брыгад дзесяткі разоў выязджала на перадавую[3]. Член КПСС (з 1942). У 1951—1960 гадах адначасова галоўны рэжысёр Беларускага тэатра оперы і балета. Абіралася кандыдатам у члены ЦК КПБ (1952, 1954, 1956). Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання (з 1946 — старшыня, з 1976 — ганаровы старшыня)[1]. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2—4-га скліканняў, Вярхоўнага Савета БССР 3—5-га скліканняў[1].
У апошнія часы падводзіла здароўе. 23 мая 1980 года да яе дадому зазірнула намеснік старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Лявонцьеўна Сняжкова. Актрыса, узрадаваная нечаканым прыходам такой госці, была вельмі ўсхваляваная, без канца гаварыла пра сына, які гінуў ад алкаголю. Сняжкова ўгаворвала яе легчы ў бальніцу і выклікала да яе ўрачоў. Калі яны прыехалі, Александроўская ўстала, каб адчыніць дзверы, і звалілася мёртвая[4].
Пахаваная на Усходніх могілках.
Прафесійнае майстэрства Л. Александроўскай пачало складвацца ў 1920-я. Выступала з 1920 як спявачка ў трупе Глаўпалітпрасвету Заходняга фронту. У 1927 выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (разам з В. Кавалёвай, А. Даліва, І. Яўнзем, М. Літвіненка-Вольгемут )[5]. Першую оперную партыю выканала ў 1928 (Маргарыта ў «Фаўсце» Шарля Гуно). У 1933—1960 гадах у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР[1].
Шырокі дыяпазон дазваляў спявачцы выконваць і сапранавыя, і мецца-сапранавыя партыі. Уласцівыя ёй музычнасць, драматычны тэмперамент, глыбокае веданне жыцця абумоўлівалі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне створаных ёю вобразаў[1]. Выканальніцкая манера Л. Александроўскай вызначалася пранікнёным лірызмам, своеасаблівасцю вакальна-сцэнічнай трактоўкай роляў. З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх. Выступала як канцэртная спявачка, значнае месца ў рэпертуары займалі беларускія народныя песні[1].
У рэжысёрскіх работах развівала рэалістычныя традыцыі тэатра.
Выступала ў шматлікіх замежных краінах (ГДР, НРБ, ПНР, ЧССР, Вялікабрытанія, Францыя, Швецыя і інш.)[1].
Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання: з 1946 года — старшыня, з 1976 года — ганаровы старшыня.
У 1950-1970-я выступала з публіцыстычнымі артыкуламі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.