Remove ads
вёска ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ляво́навічы[1] (трансліт.: Liavonavičy, руск.: Леоновичи) — вёска ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Ланскага сельсавета.
Вёска
Лявонавічы
| ||||||||||||||||||||
Знаходзіцца за 14 км на паўднёвы ўсход ад Нясвіжа, за 126 км ад Мінска, каля ракі Цапры[2]. Суседнічае з вёскай Габруны, Ляхі, Смалічы, Цякалаўшчына.
У 1720 годзе вёска ў Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1870 годзе — вёска Пацейкаўскай воласці Слуцкага павета. У 1890 годзе ў вёсцы адкрыта перасовачная школа граматы, дзе ў 1890/1891 навучальным годзе вучылася 8 хлопчыкаў.
У 1940—1954 і 1971—2013 гадах — цэнтр Лявонавіцкага сельсавета[3]. З 28 мая 2013 года Лявонавіцкі сельсавет ліквідаваны, вёска ў складзе Ланскага сельсавета[4].
Праз вёску праходзяць аўтобусныя маршруты «Нясвіж — Клецк» і «Нясвіж — Лявонавічы».
Дом культуры, бібліятэка, дзве крамы, дзіцячы садок, аддзяленне сувязі «Белпошта», урачэбная амбулаторыя, гараж, аўтапарк ЗАТ «1 Мая», жывёлагадоўчая і свінаферма.
У 2015 годзе закрыта мясцовая агульнаадукацыйная школа[5].
7 лістапада 2018 года на месцы былой агульнаадукацыйнай школы адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў[5]. У будынку пераабсталяваны класы, зменены інжынерныя сістэмы, дах. У былым кабінеце фізікі размешчаны нумары павышанай камфортнасці, на месцы настаўніцкай — пакой для трох чалавек.
Першая школа ў Лявонавічах адкрыта ў 1890 годзе, тады яе наведвала 8 хлопчыкаў. З 1910 года лявонавіцкія дзеці займаліся ў Блячынскай царкоўна-прыходскай школе і Цякалаўшчынскім народным вучылішчы, а з 1917 года заняткі праводзіліся ў прыватных памяшканнях па чарзе.
У 1922—1924 гадах у школе працаваў будучы беларускі паэт і кампазітар С. М. Новік-Пяюн, у 1950—1988 гадах працавала Заслужаны настаўнік Беларусі Г. І. Вараненка.
У 1925—1939 гадах дзейнічала польская пачатковая школа. У 1940—1941 гадах навучанне праходзіла ў былых польскіх казармах у суседняй вёсцы Смалічы. У 1948 годзе метадам народнай будоўлі ўзведзены тры будынкі Лявонавіцкага сямігадовай, а пасля васьмігадовай школы, дырэктарам якой стаў А. М. Шынгель.
У 1971 годзе пабудаваны новы тыпавы будынак школы і яна набыла статус сярэдняй. Першы выпуск адбыўся ў 1973 годзе, атэстат пра сярэднюю адукацыю атрымалі 29 выпускнікоў.
З 2002 года школа пераназвана ў Лявонавіцкую сярэднюю школу-дзіцячы сад, а з 2005 года стала ўстановай адукацыі «Лявонавіцкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа-дзіцячы сад».
У 2009 годзе ў школе навучалася 59 вучняў і 12 дзіцячасадаўцаў. Дырэктарам працавала А. І. Макаўчык.
У 2015 годзе агульнаадукацыйная школа закрыта[5].
У 1926 годзе жыхары вёскі стварылі Лявонавіцкі народны хор, адзін з найстарэйшых самадзейных калектываў Мінскай вобласці і агулам Беларусі. У вытоках хору былі мясцовы паэт і кампазітар Сяргей Новік-Пяюн і самадзейны кампазітар П. Косач. Вялікую дапамогу як кансультант у свой час аказваў народны артыст СССР Г. І. Цітовіч. У 1926 годзе разам з хорам быў арганізаваны тэатр, які праіснаваў да 1936 года і адыграў адметную ролю ў распаўсюджанні беларускай культуры ў Заходняй Беларусі, што тады была ў складзе Польшчы.
За дзесяць гадоў Лявонавіцкі тэатр падрыхтаваў і паставіў 21 п’есу. Сярод іх былі «Паўлінка» Янкі Купалы, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Леапольда Родзевіча. Спектаклі ставіліся ў будынку хлебазапаснага магазіна дарэвалюцыйнага часу, які мясцовы жыхары называлі проста «магазін». У 1933 годзе гэты будынак перабудаваны ў Народны дом. Тэатр выязджаў са спектаклямі ў суседнія вёскі, а таксама ў Клецк і Нясвіж. На пастаноўкі ў Лявонавічы прыходзілі людзі з навакольных вёсак і мястэчак. Пра тэатр пісалі віленскія газеты. У спектаклях прымаў удзел аркестр пад кіраўніцтвам П. Ф. Казака і Лявонавіцкі хор.
У 2018 годзе тут жылі 8 адзінокіх пенсіянераў[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.