Remove ads
беларускі і савецкі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Зевін Леў Якаўлевіч (6 (19) снежня 1903, Віцебск — снежань 1941 ці сакавік 1942) — беларускі і савецкі жывапісец, графік, мастак тэатра і ілюстратар яўрэйскага паходжання.
Леў Якаўлевіч Зевін | |
---|---|
Дата нараджэння | 6 (19) снежня 1903 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | сакавік 1942 (38 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | графіка і жывапіс |
Вучоба | |
Заступнікі | Роберт Рафаілавіч Фальк |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся 6 (19) снежня 1903 у Віцебску ў сям’і рамесніка. У 1917—1918 гг. вучыўся ў віцебскай прыватнай Школе малявання і жывапісу Юдэля Пэна, адначасова працуючы ў Віцебскіх оптыка-механічных майстэрнях Зеліга[1]. У 1919 годзе працягнуў навучанне ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ў майстэрні Марка Шагала, дзе, на думку Казіміра Малевіча, Леў Зевін «…свае жывапісныя працы вырабляў пад уплывам Пікаса». Паспеў паспрабаваць сябе ў кубізме[2][3].
У 1920 годзе Леў Зевін перайшоў у майстэрню Казіміра Малевіча і Веры Ермалаевай («са з'яўленнем майго метаду Зевін быў вымушаны працягваць пазнаванне кубізму»)[2], а ў 1921 годзе ў так званую «сезанаўскую майстэрню» Роберта Фалька («пасля гэтага было рашэнне Зевіна вярнуцца да жывапісу, і, вядома ж, прынцып Сезана быў асновай усёй дзейнасці яго настаўніка Фалька...»)[2]. Быўшы вучнем непадобных майстроў, здолеў знайсці свой уласны стыль. У яго творчай манеры асэнсаваныя і злучаны рысы мастацкіх кірункаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Мастацтвазнаўвец Аляксандр Ром так пісаў пра мастака: «Спагадны, душэўны, знешне сціплы чалавек з музычнай душой, ён выказаў без астатку ў жывапісу прывабныя рысы сваёй лірычнай натуры»[4]
У 1918—1920 гадах разам з іншымі мастакамі займаўся святочным афармленнем Віцебска. У 1919 годзе ўдзельнічаў у 1-й Дзяржаўнай выстаўцы карцін віцебскіх і маскоўскіх мастакоў (Віцебск). У 1920 годзе быў членам Дзяржаўнай дэкаратыўна-мастацкай майстэрні пры Віцебскім ГубАНА. На 2-й справаздачнай выстаўцы віцебскіх свабодных мастацкіх майстэрняў (1920) быў сярод групы мастакоў, прэміраваных за найлепшыя творы[5]. Разам з Эфраімам Валхонскім і Міхаілам Куніным арганізаваў «Групу трох», якая ў маі 1920 года адкрыла выстаўку ў клубе Саюза работнікаў мастацтва ў Віцебску. Крытык Абрам Ром адзначаў творы Зевіна ў віцебскай прэсе: «Ужо цяпер ягоныя яшчэ няспелыя творы паказалі нам пэўныя дасягненні ў колеры, канструкцыі форм, жывапіснай фактуры. У яго найбольш удалых кампазіцыйных вопытах (карціны "Купальшчыцы" і "У доме"), пры ўсёй непазбежнай блізкасці да Сезана і Пікаса, адчуваецца пэўная мастацкая індывідуальнасць з асаблівай экспрэсіўнасцю ды творчымі заданнямі, якія ўласцівы менавіта ёй»[5]. У лістападзе 1920 года быў сябрам групы УНОВИС.
У канцы 1921 года паехаў у Маскву ўслед за Р. Фалькам. Вучыўся ў маскоўскім ВХУТЕМАСе (1921—1925). Па заканчэнні станкавага аддзялення па майстэрні Р. Фалька у 1925 годзе за дыпломную работу «Рабочая сям’я» Л. Зевіну была нададзена найвышэйшая ўзнагарода — паездка за мяжу на чатыры гады, але праз адсутнасць грошай яна не адбылася. Працягнуў вучобу ў аспірантуры ВХУТЕМАС — ВХУТЕИНа (1926—1929, асістэнт Р. Фалька).
Браў удзел у Першай (1925), Другой (1927), Трэцяй (1929) і Чацвёртай (1931) Усебеларускіх выстаўках. У 1934 годзе прыняў удзел у юбілейнай выстаўцы «Мастакі БССР за 15 гадоў». Апошняя выстаўка ў Беларусі, у якой паспеў узяць удзел — Усебеларуская выстаўка выяўленчага мастацтва (1940)[5]. Сябра і экспанент аб’яднанняў: ВОХ (1927—1930), РОМБ (1930—1932, сябра-заснавальнік), РОСТ (1928—1929), група «13» (1929), сябра ОСТ (1929—1931).[3]
У 1930 годзе камандзіраваны Народным камісарыятам асветы РСФСР у камуну «Войа Нова» у Крыме разам з М. Горшманам, М. Аксельродам, Л. Жалткевіч. У 1930 годзе па заданні «Всекохудожника» адбылася яго творчая паездка ў калгасы Херсоншчыны. У 1935 годзе Таварыствам землеўпарадкавання яўрэйскіх працоўных (ОЗЕТ) разам з групай маладых мастакоў (М. Аксельрод, Р. Гершанік, М. Горшман, І. Зусман, Б. Разенбліт і іншымі) камандзіраваны ў Бірабіджан. З 1932 года — сябра МОССХ.
Ілюстраваў і аформіў рад кніг: «Жаўтаротыя» Н. Кальмы (1931), «Гарніст» М. Святлова (1931) і іншых. Афармляў спектаклі «Замежная калегія» паводле п’есы Л. Славіна (1932), «Скарб Напалеона» А. Айзенберга паводле п’есы Шолам-Алейхема «Голбгребер» (1935) (абодва — у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Менск), у тэатрах Масквы, Адэсы (там у 1935 годзе быў адноўлены «Скарб Напалеона»), Бірабіджана (1930-я).
У 1936—1940 гадах выкладаў у Маскоўскім абласным мастацкім тэхнікуме. Працаваў паводле дамоў з «Всекохудожником».
У канцы 1930-х гг. Леў Зевін уваходзіў у мастацкае аб’яднанне «Група пяці» разам з мастакамі Львом Аронавым, Аронам Ржэзнікавым, Міхаілам Дабрасердавым і Абрамам Пейсахавічам[6]. Восенню 1940 года ў Маскве адбылася выстаўка «Групы пяці».
6 ліпеня 1941 года Зевін у радах апалчэння сышоў на фронт Другой сусветнай вайны. Са снежня 1941 года лічыўся зніклым без вестак, паводле іншых звестак, не пацверджаных дакументальна — у сакавіку 1942 года загінуў на фронце пад Вязьмай.
Выстаўкі:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.