From Wikipedia, the free encyclopedia
Кудлаеўская культура — археалагічная культура плямён, якія ў 8—6—м тыс. да н.э. жылі ў сярэднім цячэнні р. Дзясна, ніжнім Пасожжы, Прыпяцкім Палессі, верхнім і сярэднім цячэнні Нёмана, на паўночным усходзе Польшчы. Кудлаеўская культура атрымала назву па стаянцы Кудлаеўка (Чарнігаўская вобласць, Украіна, басейн р. Дзясна), адкрытай у 1925 г. М. Я. Рудзінскім . Вылучана ў 1972 г. польскім даследчыкам С. Казлоўскім , абгрунтавана матэрыяламі Д. Я. Цялегіна , Л. Л. Залізняка , Т. Астраўскаса і інш. Паселішчы кудлаеўскай культуры прымеркаваны да нізінных ландшафтаў, звычайна размешчаны на пясчаных узвышшах, радзей на берагавых тэрасах. Кудлаеўская культура — прыклад развіцця мікралітычнай індустрыі. Тэхніка расшчаплення крэменю была накіравана на атрыманне пласціністых сколаў невялікіх памераў і няправільнай агранкі з аднапляцовачных нуклеусаў. Тэхніка сколу — удар з дапамогай каменнага адбойніка. У тэхніцы другаснай апрацоўкі насельніцтва кудлаеўскай культуры выкарыстоўвала стромкае, паўстромкавае і плоскае рэтушаванне. Вядомы таксама тэхніка разцовага сколу і прыёмы аббіўкі. У якасці загатовак для большасці прылад працы (скрабкі, разцы, вырабы з выемкай, сякучыя прылады) выкарыстоўваліся адшчэпы. Пласціна была асноўнай загатоўкай для вастрый, мікрапласцінак з прытупленым краем, трохвугольнікаў каморніцкага тыпу, сярэдневысокіх і высокіх сіметрычных трапецый, тронкавых наканечнікаў стрэл, што з'яўляецца культуравызначальным для крамянёвага інвентару культуры.
Храналогія кудлаеўскай культуры грунтуецца на тыпалагічнай характарыстыцы крамянёвага інвентару, стратыграфічных назіраннях, дадзеных паліналагічнага і радыёвугляроднага аналізу. Раннія помнікі датуюцца сярэдзінай 8-га—пачаткам 7-га тыс. да н.э. і характарызуюцца адсутнасцю геаметрычных мікралітаў. Пачынаючы з 7-га тыс. да н.э. пашыраецца выкарыстанне трапецый, трохвугольнікаў, што тлумачыцца ўплывамі насельніцтва каморніцкай культуры. Наяўнасць трапецый, каморніцкіх трохвугольнікаў і вастрый дазваляе датаваць асноўную частку помнікаў кудлаеўскай культуры ў Беларусі 7—6-м тыс. да н.э.
На тэрыторыі Беларусі помнікі кудлаеўскай культуры вядомы з канца XIX ст. Значныя матэрыялы атрыманы ў XX ст. ў выніку даследаванняў К. М. Палікарповіча, У. Ф. Ісаенкі, У. П. Ксяндзова, А. Г. Калечыц, В. Я. Кудрашова, М. М. Крывальцэвіча.
Кудлаеўская культура разам з каморніцкай адносіцца да кола культур Дзювензее. Яе паходжанне звязваюць з прадстаўнікамі арэнсбургскай культуры фінальнага палеаліту пры ўдзеле носьбітаў традыцый Федэрмесер. На думку С. Казлоўскага , генезіс кудлаеўскай культуры — вынік міграцый насельніцтва каморніцкай культуры ва ўсходнім напрамку. Не выключана, што генезіс кудлаеўскай культуры таксама можа быць звязаны з мясцовымі культурамі позняга і фінальнага палеаліту. Д. Я. Цялегін падставай для ўзнікнення кудлаеўскай культуры лічыў помнікі тыпу Пушкары-7 (Пакроўшчына) пры ўдзеле культур з поўдня. Выказваецца меркаванне, што ў фарміраванні кудлаеўскай культуры прынялі ўдзел носьбіты ўсходнееўрапейскага варыянта культуры Федэрмесер — фінальнапалеалітычнай культуры сегментападобных мікралітаў тыпу Боршава-2, якая ўвасобіла ў сабе традыцыі крэменеапрацоўкі Эпігравету паўднёвай і цэнтральнай Украіны (Л. Л. Залізняка ).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.