Даўжыня 4,5-20 мм. Цела звычайна зялёнага, зеленавата-жоўтага або шэрага колеру. Крылы празрыстыя, светлыя, вясёлкава- або перламутрава-пералівістыя (размах 19—65 мм), з густой сеткай жылак; у спакоі складываюцца стрэшкападобна. Вусікі доўгія, ніткападобныя. Вочы выпуклыя, залацістыя (адсюль назва).
Адрозніваецца больш за 1900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі. Трапляюцца на лісці дрэў і кустоў. Многія віды — пастаянныя насельнікі культурных ландшафтаў. На Беларусі найбольш адзначаны залатавочка звычайная(Chrysoperla carnea) і залатавочка жамчужная(Chrysopa perla). У шэрагу краін златавочку Chrysopa carnea разводзяць для падаўлення колькасці шкоднікаў раслін, асабліва ў цяпліцах.
Жывуць адкрыта на расліннасці. Лічынкі і дарослыя — драпежнікі, кормяцца тлямі, шчытоўкамі, вусенямі, кляшчамі, яйцамі насякомых, некаторыя — нектарам і пылком. Асобныя віды носяць на целе шчыток з скурак ахвяр, павуціны або кавалачкаў сухіх лісцяў. Дарослыя златавочкі лётаюць павольна і неахвотна, часцей сядзяць на лісцях дрэў і кустоў або на раслінах у квецені.
Самкі адкладваюць сцябліністыя яйцы кучкамі на лісце розных раслін. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі падоўжаныя, верацёнападобныя, жаўтавата-карычневыя ці светла-шэрыя, з шырокай галавой і доўгімі серпападобна загнутымі сківіцамі, зверху па баках пучкі валаскоў. Зімуюць дарослыя насякомыя.