From Wikipedia, the free encyclopedia
Грэнск, археалагічны помнік — стаянка фінальнага палеаліту каля в.Ворнаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. За 2 км на ўсход ад вёскі, на ўсходняй ускраіне астанца 1-й надпоймавай тэрасы правага берага р.Сож, ва ўрочышчы Грэнск. Вышыня 6 — 7 м над узроўнем вады. Выявіў у 1927 г. К. М. Палікарповіч, у 1959 — 1961 гг. У. Д. Будзько даследаваў 90 м². Культурны пласт 1,9 — 2 м, знойдзена 708 прылад працы. У ніжнім пласце выяўлены рэшткі 3 вогнішчаў, вакол аднаго з іх знойдзена вялікая колькасць расшчэпленага крэменю, драўлянага і касцянога вугалю. Рэчавы матэрыял верхняга пласта прадстаўлены лінзамі драўлянага вугалю і крамянёвымі вырабамі. Ніжні культурны пласт У. Д. Будзько датаваў сярэднім дрыясам (12,3 — 11,8 тыс. гадоў таму назад), верхні — алеродскім часам (11,8 —10,8 тыс. гадоў таму назад). У 1972 — 1981 гг. В. Ф. Капыцін даследаваў 380 м². Культурны пласт 0,2 — 0,5 м. У выніку зроблены вывад пра памылковае вылучэнне 2 культурных пластоў. Знойдзены шматлікія адна- і двухпляцовачныя нуклеусы, ашчэпы, пласціны, мелкія лускі. Прылады працы прадстаўлены канцавымі, двайнымі, авальнымі і з «шыпам» скрабкамі, рэтушаванымі, сярэдзіннымі і на вугле зламанай нарыхтоўкі разцамі, праколкамі, вастрыямі, вырабамі з выемкай, сякучымі прыладамі. Прадметы ўзбраення вызначаюцца 2 асноўнымі тыпамі наканечнікаў: тронкавымі і асіметрычнымі з бакавой выемкай. Адзінкавыя наканечнікі маюць плоскае падчэсванне чаранка з боку брушка. Ад назвы стаянкі Грэнск атрымала назву грэнская культура. Маюцца таксама матэрыялы свідэрскай культуры і бутаўскай культуры, эпох неаліту і бронзавага веку.
Аб’ект Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, шыфр 313В000436 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.