From Wikipedia, the free encyclopedia
Гродзенскі гурток беларускай моладзі дзейнічаў у Гродне ў 1909—1914 гадах. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нацыянальную свядомасць моладзі.
Кіраўнікі: ксёндз Францішак Грынкевіч, да студзеня 1912 — К. Колышка, з восені 1913 — Адольф Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясцовых школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газетай «Наша ніва», беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», беларускай кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і інш. Члены гуртка займаліся літаратурнай творчасцю (Зоська Верас, Я. Лявіцкі, К. Колышка), збіралі бібліятэку беларускіх выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.
Гурткоўцы ладзілі вечарынкі, на якіх заслухоўваліся рэфераты, чыталіся вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, абмяркоўваліся новыя творы беларускіх пісьменнікаў, а таксама напісаныя членамі гуртка. Выступаў арганізаваны гурткоўцамі струнны аркестр і хор, выконваліся народныя песні на словы беларускіх паэтаў, а таксама са зборніка Антона Грыневіча «Беларускія песні з нотамі».
19 лютага 1910 года арганізавана першая беларуская вечарынка ў Гродне. У праграме яе: рэферат «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», музыка, спевы, дэкламацыя і ўпершыню паказаны ў горадзе спектакль на беларускай мове «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага. Наступныя вечарынкі адбыліся ў 1911—1913 гадах. У лютым 1911 года: у праграме рэферат «Водгук душы беларускага народа ў яго песнях, казках і легендах», выступленне хору і спектакль «Модны шляхцюк» Каруся Каганца. У кастрычніку 1911 года: у праграме сцэнка «Пастушка». У красавіку 1912 года: спектакль «Страхі». У лютым 1913 года: дэкламацыя, спектаклі «Міхалка» Далецкіх і «Гаданне цыганкі».
Гурток імкнуўся ахапіць работай і сялян навакольных вёсак. Наладжваў там свае вечарынкі, на якія збіраліся жыхары бліжэйшых вёсак (Бяляне, Стрэльчыкі і інш.). У 1912 годзе была арганізавана калядная ёлка для сельскіх дзяцей, аб чым паведаміла «Наша ніва» (1913, 18 студзеня).
Члены гуртка друкаваліся ў газеце «Наша ніва» (Л. Сівіцкая, К. Колышка), часопісе «Педагогическое дело» (Я. Лявіцкі пад псеўд. Юрка Снапко). У 1913 годзе гурткоўцамі выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах «Kołas biełaruskaj niwy» («Колас беларускай нівы»). Ён быў надрукаваны на шапірографе накладам 50 экз. На тытульным лісце пад загалоўкам малюнак — тры каласы жыта. Складаўся альманах з ананімных ці падпісаных псеўданімамі вершаў і апавяданняў Л. Сівіцкай — Зоські Верас (пад. псеўд. Шара Пташка, яна ж аўтар уступнага артыкула), Я. Лявіцкага, М. Бобрык, А. Зенюка, Ф. Лабенца. Розныя па мастацкім узроўні творы аб’яднала імкненне іх аўтараў да сацыяльнай змястоўнасці і гуманістычнага пафасу аповеду. Пісалі аб цяжкай долі беларускага народа, заклікалі да актыўнай культурна-асветнай працы сярод беларусаў. У альманаху былі змешчаны таксама вершы Марыі Канапніцкай, рэпартаж з Гродзеншчыны, заклік збіраць звесткі аб мясцовых назвах, перадрукаваны з газеты «Нашай нівы».
Дзейнасць гуртка высока ацаніла газета «Наша ніва». Яго члены ў далейшым прымалі ўдзел у працы пецярбургскіх гурткоў студэнтаў-беларусаў (Адам Бычкоўскі, А. Зянюк, Я. Лявіцкі і інш.), у грамадскім і культурным руху Заходняй Беларусі (Л. Сівіцкая, А. Бычкоўскі, А. Зянюк і інш.), а Зыгмунт Абрамовіч (па сцэне Антон Забель) стаў вядучым акцёрам Першай беларускай трупы І. Буйніцкага.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.