Грамадзя́нскі ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, які набыў моц у ліпені 1999 года.
кодэкс | |
«Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь» | |
Дзяржава: | |
Нумар: | 218-З |
Прыняцце: | Палатай прадстаўнікоў 28 кастрычніка 1998 (25 гадоў таму) |
Ухваленне: | Саветам Рэспублікі 19 лістапада 1998 (25 гадоў таму) |
Падпісанне: | прэзідэнтам Беларусі 7 снежня 1998 (25 гадоў таму) |
Уступ у сілу: | 1 ліпеня 1999 (25 гадоў таму) |
Першая публікацыя: | 1999 г. у газеце «Звязда» |
Паводле 1-га артыкула Кодэкса, вызначае «падставы ўзнікнення і парадак ажыццяўлення права ўласнасці і іншых рэчавых правоў, правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, рэгулюе адносіны паміж асобамі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, або з іх удзелам, дагаворныя і іншыя абавязацельствы, а таксама іншыя маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны». На 2020 год налічваў 1153 артыкулы ў складзе 8 раздзелаў: 1) «Агульныя палажэнні», 2) «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы», 3) «Агульная частка абавязацельнага права», 4) «Асобныя віды абавязацельстваў», 5) «Інтэлектуальная ўласнасць», 6) «Спадчыннае права», 7) «Міжнароднае прыватнае права», 8) «Заключныя палажэнні». Замяніў сабой Грамадзянскі кодэкс Беларускай ССР ад 11 чэрвеня 1964 года. На 2020 год Грамадзянскі кодэкс Беларусі дзейнічаў з 61-м штогадовым змяненнем і дапаўненнем (за выключэннем 2009 года), у тым ліку пасля 2-х новых рэдакцый Кодэкса: ад 28 жніўня 2012 года № 428-З і ад 20 ліпеня 2016 года № 413-З. 26 сакавіка 2020 года Экспертны савет у пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліў Пратаколам № 1 пераклад 3-й яго рэдакцыі з 61-м змяненнем і дапаўненнем паводле Закона ад 18 снежня 2018 года № 151-З[1].
Агульныя палажэнні
Першы раздзел Грамадзянскага кодэкса Беларусі «Агульныя палажэнні» змяшчаў 209 артыкулаў у складзе 5 падраздзелаў: 1) «Асноўныя палажэнні», 2) «Асобы», 3) «Аб’екты грамадзянскіх правоў», 4) «Здзелкі і прадстаўніцтва», 5) «Тэрміны. Іскавая даўнасць». Найбольшым быў падраздзел «Асобы» са 112 артыкуламі (16—127), які сярод іншага даваў азначэнні такім відам юрыдычных асоб, як гаспадарчая суполка і таварыства, поўная суполка, камандытная суполка, таварыства з абмежаванай адказнасцю, таварыства з дадатковай адказнасцю, акцыянернае таварыства, даччынае і залежнае таварыства, вытворчы кааператыў, унітарнае прадпрыемства, сялянская гаспадарка, некамерцыйная арганізацыя і дзяржаўнае аб’яднанне[1].
Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы
Другі раздзел Грамадзянскага кодэкса «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы» налічваў 78 артыкулаў (210—287) у складзе 8 глаў: 1) «Агульныя палажэнні»; 2) «Набыццё права ўласнасці»; 3) «Спыненне права ўласнасці»; 4) «Агульная ўласнасць»; 5) «Рэчавыя правы на нерухомую маёмасць»; 6) «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы на жылыя памяшканні»; 7) «Права гаспадарчага распараджэння, права аператыўнага кіравання»; 8) «Абарона права ўласнасці і іншых рэчавых правоў». Найбольшай была глава «Набыццё права ўласнасці» з 17 артыкуламі (219—235), якая пералічвала такія падставы набыцця права ўласнасці, як нерухомая нанава створаная маёмасць, перапрацоўка, агульнадаступныя для збору рэчы, дагавор, перадача рэчы, безгаспадарныя рэчы, кінутыя ўласнікам рухомыя рэчы, знаходка, безнаглядныя жывёлы і скарб[1].
Агульная частка абавязацельнага права
Трэці раздзел Кодэкса «Агульная частка абавязацельнага права» змяшчаў 136 артыкулаў (288—423) у складзе 2 падраздзелаў: 1) «Агульныя палажэнні аб абавязацельствах», 2) «Агульныя палажэнні аб дагаворы». Большым быў падраздзел «Агульныя палажэнні аб абавязацельствах» са 102 артыкулаў (288—289), які акрэсліваў паняцце, бакі, выкананне, забеспячэнне выканання, перамену асоб, адказнасць за парушэнне і спыненне абавязацельстваў. У забеспячэнні выканання давалася азначэнне такім тэрмінам, як няўстойка, заклад, трыманне, паручальніцтва, гарантыя і задатак[1].
Асобныя віды абавязацельстваў
Чацверты раздзел Грамадзянскага кодэкса «Асобныя віды абавязацельстваў» уключаў 555 артыкулаў (424—978), што складала 48 % усіх артыкулаў Кодэкса. У раздзеле налічвалася 30 глаў: 1) «Купля-продаж»; 2) «Мена»; 3) «Дарэнне»; 4) «Рэнта і пажыццёвае ўтрыманне з забеспячэннем»; 5) «Арэнда»; 6) «Наём жылога памяшкання»; 7) «Безаплатнае карыстанне»; 8) «Падрад»; 9) «Выкананне навукова-даследчых работ, доследна-канструктарскіх і тэхналагічных работ»; 10) «Аплатнае аказанне паслуг»; 11) «Перавозка»; 12) «Транспартная экспедыцыя»; 13) «Пазыка і крэдыт»; 14) «Фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання»; 15) «Банкаўскі ўклад»; 16) «Бягучы банкаўскі рахунак»; 17) «Разлікі»; 18) «Захоўванне»; 19) «Страхаванне»; 20) «Даручэнне»; 21) «Дзеянні на чужы інтарэс без даручэння»; 22) «Камісія»; 23) «Давернае кіраванне маёмасцю»; 24) «Комплексная прадпрымальніцкая ліцэнзія»; 25) «Простая суполка»; 26) «Публічнае абяцанне ўзнагароды»; 27) «Публічны конкурс»; 28) «Правядзенне гульняў і закладаў»; 29) «Абавязацельствы ў выніку прычынення шкоды»; 30) «Абавязацельствы з прычыны беспадстаўнага абагачэння». Найбольшай была глава «Купля-продаж» са 114 артыкулаў (424—537), якая давала азначэнне такім паняццям, як раздробная купля-продаж, пастаўка тавараў, пастаўка тавараў для дзяржаўных патрэб, кантрактацыя, энергазабеспячэнне, продаж нерухомасці і продаж прадпрыемства[1].
Інтэлектуальная ўласнасць
Пяты раздзел Кодэкса «Інтэлектуальная ўласнасць» змяшчаў 52 артыкулы (979—1030) у складзе 9 глаў: 1) «Агульныя палажэнні»; 2) «Аўтарскае права і сумежныя правы»; 3) «Агульныя палажэнні аб праве прамысловай уласнасці»; 4) «Права на вынаходку, карысную мадэль, прамысловы ўзор»; 5) «Права на сарты раслін і пароды жывёл»; 6) «Права на тапалогію інтэгральнай мікрасхемы»; 7) «Права на абарону сакрэту вытворчасці ад незаконнага выкарыстання»; 8) «Сродкі індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, работ або паслуг»; 9) «Нядобрасумленная канкурэнцыя». Найбольшай была глава «Сродкі індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, работ або паслуг» з 16 артыкулаў (1013—1028), якая акрэслівала фірменнае найменне, таварны знак, знак абслугоўвання і геаграфічнае ўказанне[1].
Спадчыннае права
Шосты раздзел Кодэкса «Спадчыннае права» налічваў 62 артыкулы (1031—1092) у складзе 5 глаў: 1) «Агульныя палажэнні аб успадкаванні», 2) «Успадкаванне паводле тастамента», 3) «Успадкаванне паводле закона», 4) «Набыццё спадчыны», 5) «Асаблівасці ўспадкавання асобных відаў маёмасці». Найбольшай была глава «Набыццё спадчыны» з 18 артыкулаў (1069—1086), якая акрэслівала прыняццё, прырашчэнне, раздзел і адмову ад спадчыны. Паводле 1070-га артыкула Кодэкса, прызнаецца, што спадчыннік прыняў спадчыну, калі: 1) прыняў меры для захавання маёмасці, да абароны яе ад замахаў або дамаганняў трэціх асоб; 2) ажыццявіў за свой кошт выдаткі на ўтрыманне маёмасці; 3) аплаціў за свой кошт даўгі спадчынадаўцы або атрымаў ад трэціх асоб належныя яму сумы[1].
Міжнароднае прыватнае права
Сёмы раздзел Кодэкса «Міжнароднае прыватнае права» змяшчаў 43 артыкулы (1093—1135) у складзе 2 глаў: 1) «Агульныя палажэнні», 2) «Калізійныя нормы». Большай была глава «Калізійныя нормы» з 33-х артыкулаў (1103—1135), якая закранала наступныя пытанні: асобы, асабістыя немаёмасныя правы, здзелкі, прадстаўніцтва і іскавая даўнасць, права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы, дагаворныя абавязацельствы, пазадагаворныя абавязацельствы, інтэлектуальная ўласнасць і спадчыннае права. Параграф «Асобы» апісваў асабісты закон, праваздольнасць і дзеяздольнасць, імя і апеку, абвяшчэнне памерлай фізічнай асобы, а таксама закон і праваздольнасць юрыдычнай асобы[1].
Заключныя палажэнні
Восьмы раздзел «Заключныя палажэнні» налічваў 18 артыкулаў (1136—1153) пра ўступленне ў сілу і прымяненне Грамадзянскага кодэкса Беларусі. Паводле апошняга 1153 артыкула Кодэкса, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь меў прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з Кодэксам да ўступлення яго ў сілу 1 ліпеня 1999 года[1].
Зноскі
- А. Лукашэнка (26 сакавіка 2020). "Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. № 218-З" (PDF). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 14 чэрвеня 2020.
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.