Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Генеральны план Мінска — асноўны дакумент горадабудаўнічага развіцця Мінска.
Першы генеральны план сацыялістычнай рэканструкцыі і развіцця Менска распрацаваны ў 1933—1936 гадах Ленінградскім аддзяленнем Дзіпрагара РСФСР і зацверджаны ў 1938 (архітэктары В. Вітман, Ю. Кілаватаў і інш.). Паводле гэтага плана радыяльна-прамавугольная планіроўка, якая склалася гістарычна, павінна была ператварыцца ў радыяльна-кальцавую шляхам пракладкі 2 кальцавых магістраляў. Гадскім цэнтрам павінна была стаць плошча Леніна. Прамысловасць, складская гаспадарка засяроджваліся ў 3 спецыялізаваных раёнах, вызначалася стварэнне зялёных масіваў уздоўж поймы ракі Свіслач. За гады даваеных пяцігодак Менск ператварыўся ў буйны індустрыяльны і культурны цэнтр. Працы па рэканструкцыі горада перапыніла вайна. Уся праектная і планіровачная дакументацыя страчана.
У 1944 годзе распрацаваны эскіз планіроўкі (архатэктары А. Шчусеў, М. Колі, А. Мардвінаў, У. Сямёнаў, Б. Рубаненка, І. Лангбард, Н. Трахтэнберг). Ён прадугледжваў рэканструкцыю і пашырэнне галоўнай магістралі — Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) і ператварэнне яе ў частку скразнога гарадскога дыяметра, стварэнне другой гарадской магістралі — вуліцы Леніна і працяг яе да парку Перамогі, стварэнне на стыку 2 магістраляў новай цэнтральнай плошчы, пракладку 2 кальцавых магістраляў, стварэнне ў пойме ракі Свіслач сістэмы паркаў.
У 1944 годзе на аснове эскіза група архітэктараў і інжынераў інстытута «Белдзяржпраект» прыступіла да распрацоўкі генеральнага плана. У 1945 годзе па рашэнні ўрада СССР у Мінску намечана будаўніцтва прамысловых аб’ектаў саюзнага значэння. З улікам гэтага ў 1946 годзе распрацаваны новы генеральны план (архітэктары М. Андросаў, Н. Трахтэнберг, інжынеры К. Іваноў, Р. Абразцова, В. Талмачоў). У генплане 1946 года ўлічваліся прыродныя асаблівасці, рэльеф, прадугледжвалася будаўніцтва вадасховішчы на р. Свіслач і стварэнне пастаяннага воднага рэжыму, пашырэнне рэчышча ракі ў цэнтры горада, стварэнне сістэмы паркаў уздоўж поймы.
Генеральны план карэктаваўся ў 1951—1552 і 1958 гадах. З сярэдзіны 1950-х гг. прымяненне індустрыяльных метадаў дазволіла весці жыллёвае будаўніцтва вялікімі масівамі — мікрараёнамі.
У 1965 годзе распрацаваны новы генеральны план (архітэктары Н. Трахтэнберг, М. Кудзінаў, І. Люблінскі, Л. Гафо, А. Наканечны, Я. Заслаўскі і інш.). Яго тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне вырашалася ў сувязі з распрацаванай «Белдзяржпраектам» схемай размяшчэння вытворчых сіл і рассялення на тэрыторыі Мінскага прамысловага раёна. Планіровачная структура жылых і прамысловых тэрыторый змянялася праз новыя сацыяльныя патрабаванні. У якасці асноўных структурных элементаў прыняты жылыя раёны і прамысловыя раёны, выпрацавана больш выразная сістэма арганізацыі галоўнага і мясцовых грамадскіх цэнтраў, азелянення і абваднення, прадугледжана забудова шматпавярховымі будынкамі (9 і больш паверхаў). Генеральны план горада вырашаўся ў комплексе з прыгараднай зонай.
Пры карэктоўцы генеральнага плана ў 1969 і 1973 гадах вызначана развіццё горада на 1980—1985 гады, дадзены прагноз яго фарміравання да 2000 года, складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (архітэктары Я. Дзятлаў, Ю. Градаў, Л. Левін, Я. Заслаўскі, В. Анікін, Я. Ліневіч, Г. Горына, В. Сярогіна, Э. Афанасьева, А. Брэгман, І. Кароль, М. Ляцко) і эскіз архітэктурнага афармлення водна-зялёнага дыяметра (архітэктары Я. Дзятлаў, Я. Заслаўскі, Я. Ліневіч, Л. Патапаў, Г. Фадзеева і інш.).
У 1980 годзе выканана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне генеральнага плана Мінска, на аснове якога ў 1982 годзе створаны новы генеральны план, які прадугледжваў развіццё горада да 2000 і даваў горадабудаўнічы прагноз на перспектыву да 2050 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.