From Wikipedia, the free encyclopedia
В’етнамская вайна (в’етн.: Chiến tranh Việt Nam, англ.: Vietnam War), у некаторых в’етнамскіх публікацыях сустракаецца назва «Амерыканская вайна»[1][2] (в’етн.: Chiến tranh Mỹ) — адзін з буйнейшых ваенных канфліктаў другой паловы XX стагоддзя, які пакінуў заўважны след у культуры і займае істотнае месца ў навейшай гісторыі В’етнама і ЗША.
Вайна пачалася як грамадзянская ў Паўднёвым В’етнаме, у далейшым у яе ўмяшаліся Паўночны В’етнам і ЗША пры падтрымцы шэрагу іншых краін. Такім чынам, з аднаго боку вайна вялася за ўз’яднанне дзвюх частак краіны і стварэнне адзінай дзяржавы, а з другога — за захаванне незалежнасці праамерыканскага Паўднёвага В’етнама.
Па ходу развіцця падзей В’етнамская вайна аказалася пераплецена з грамадзянскімі войнамі ў Лаосе і Камбоджы. Усе баявыя дзеянні ў Паўднёва-Усходняй Азіі, што праходзілі з канца 1950-х і да 1975, вядомы як Другая індакітайская вайна.
В’етнамская вайна ўмоўна падзяляецца на некалькі перыядаў:
З другой паловы XIX стагоддзя В’етнам уваходзіў у каланіяльную імперыю Францыі. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў краіне пачаўся рост нацыянальнай самасвядомасці, сталі з’яўляцца падпольныя гурткі, якія выступалі за незалежнасць В’етнама, адбылося некалькі ўзброеных паўстанняў. У 1941 годзе на тэрыторыі Кітая была створана Ліга за незалежнасць В’етнама (В’етмінь) — ваенна-палітычная арганізацыя, якая аб’яднала спачатку ўсіх праціўнікаў французскай каланіяльнай адміністрацыі. У далейшым асноўную ролю ў ёй ігралі прыхільнікі камуністычных поглядаў, узначаленыя Ха Шы Мінам.
Падчас Другой сусветнай вайны французская адміністрацыя дамовілася з Японіяй аб тым, што японцы атрымліваюць доступ да стратэгічных рэсурсаў В’етнама пры захаванні каланіяльнага адміністрацыйнага апарата Францыі. Гэта пагадненне дзейнічала да 1944 года, калі Японія сілай зброі ўстанавіла поўны кантроль над французскімі валадарствамі (гэта было звязана з пагаршэннем для Японіі стратэгічнай абстаноўкі на Ціхаакіянскім тэатры ваенных дзеянняў). У верасні 1945 года Японія капітулявала. В’етмінь скарыстаўся часовым безуладдзем, каб пры дапамозе ўжо сфармаваных узброеных сіл на чале з Во Нгуен Зіяпам узяць Ханой і іншыя ключавыя гарады краіны. 2 верасня 1945 года Ха Шы Мін абвясціў стварэнне незалежнай Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам (ДРВ) на ўсёй в’етнамскай тэрыторыі.
Аднак Францыя адмовілася прызнаць страту сваёй калоніі. Яна перакінула ў Індакітай экспедыцыйны корпус, які восенню 1945 года аднавіў кантроль каланіяльнай адміністрацыі ў паўднёвай частцы В’етнама. Затым адбыліся перагаворы, якія абодва бакі (і В’етмінь, і Францыя) выкарыстоўвалі галоўным чынам для нарошчвання сваіх ваенных сіл. Нягледзячы на дасягнутыя дамоўленасці аб механізме прадастаўлення ДРВ незалежнасці, у снежні 1946 года Францыя пачала каланіяльную вайну ў В’етнаме. Аднак справіцца з партызанскім рухам французская армія не магла. З 1950 года ЗША сталі аказваць ваенную дапамогу французскім войскам у В’етнаме. На працягу наступных чатырох гадоў (1950—1954) ваенная дапамога ЗША склала 3 мільярды долараў[3]. Аднак у тым жа 1950 годзе і В’етмінь пачаў атрымліваць ваенную дапамогу ад Кітайскай Народнай Рэспублікі. Да 1954 года сітуацыя для французскіх сіл была практычна безнадзейнай. Вайна супраць В’етнама была вельмі непапулярна ў Францыі. Да гэтага часу ЗША ўжо аплачвалі 80 % кошту гэтай вайны[3]. Апошнім ударам для каланіяльных амбіцый Францыі ў Індакітаі стала цяжкая параза ў бітве пры Д’ен-Б’ен-Фу. У ліпені 1954 года былі заключаны Жэнеўскія пагадненні, якія завяршылі васьмігадовую вайну.
Згодна з Жэнеўскімі пагадненнямі, тэрыторыя В’етнама была часова падзелена па 17-й паралелі (дзе была створана дэмілітарызаваная зона) на дзве часткі. Паўночны В’етнам перайшоў пад кантроль В’етміня, і, адпаведна, стаў тэрыторыяй ДРВ. Паўднёвы В’етнам заставаўся пад уладай прызначанай французамі мясцовай адміністрацыі, прычым Францыя яшчэ да пагадненняў паспела фармальна даць дзяржаве незалежнасць. Тут ва ўладзе знаходзіўся прафранцузскі імператар Бао Дай. Уз’яднанне краіны меркавалася ажыццявіць пасля ўсеагульных свабодных выбараў, якія павінны былі адбыцца не пазней за сярэдзіну 1956 года.
У гэты час пачала рэзка ўзрастаць роля ЗША у в’етнамскіх справах. Пасля перамогі камуністаў у Кітаі адміністрацыя ЗША разглядала падзеі ў В’етнаме як частку камуністычнай экспансіі ў рэгіёне і стала аказваць ваенную дапамогу Францыі ў вайне. Пасля Жэнеўскіх пагадненняў амерыканцы ўзялі курс на замену Францыі ў якасці процівагі камуністычным сілам у Індакітаі. Амерыканская адміністрацыя зрабіла стаўку на Нго Дзінь З’ема, прэм’ер-міністра Дзяржавы В’етнам. 16 ліпеня 1955 года З’ем заявіў, што Паўднёвы В’етнам не будзе выконваць Жэнеўскія пагадненні, усеагульных выбараў не будзе і што тут павінна быць антыкамуністычная дзяржава[4]. У кастрычніку таго ж года ён правёў рэферэндум, на якім ставілася пытанне, заставацца Паўднёваму В’етнаму манархіяй або стаць рэспублікай. З’ем абвясціў, што паводле вынікаў гэтага рэферэндуму манархія адмяняецца, і абвясціў сябе першым прэзідэнтам зараз ужо «Рэспублікі В’етнам».
З’ем аднаасобна прымаў многія важнейшыя дзяржаўныя рашэнні. На дзяржаўныя пасады ён прызначаў сваіх сваякоў (да прыкладу, яго брат Нго Дзінь Ню ўзначальваў тайную паліцыю) ці тых, хто быў асабіста адданы яму. Адной з вельмі грубых памылак З’ема была адмена вясковага самакіравання, што парушала шматвяковыя в’етнамскія традыцыі. Падобная палітыка выклікала пратэсты сярод мясцовага насельніцтва, і ўрад З’ема губляў папулярнасць.
Толькі ў пачатку 1959 года было прынята канчатковае рашэнне: не бачачы мірных шляхоў ўз’яднання краіны пасля зрыву ўмоў Жэнеўскіх пагадненняў, паўночныя камуністы зрабілі выбар на карысць падтрымкі антыз’емаўскага падполля. З сярэдзіны года на поўдзень сталі адпраўляцца «ваенныя саветнікі», якія выраслі ў гэтых месцах і апынуліся на поўначы пасля падзелу краіны. Спачатку перакідка людзей і ўзбраенняў ажыццяўлялася праз дэмілітарызаваную зону (ДМЗ), але пасля ваенных поспехаў камуністычных сіл у Лаосе транзіт пачаў ажыццяўляцца праз лаоскую тэрыторыю. Так паўстала «сцежка Ха Шы Міна», пралягаючая праз Лаос у абыход ДМЗ і далей на поўдзень, заходзячы на тэрыторыю Камбоджы. Выкарыстанне паўночнав’етнамскімі войскамі тэрыторыі Лаоса і Камбоджы з’яўлялася парушэннем нейтралітэту гэтых краін.
У снежні 1960 года ўсе паўднёвав’етнамскія групоўкі, якія змагаліся супраць рэжыму З’ема, аб’ядналіся ў Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які атрымаў у краінах Захаду шырокую вядомасць як В’етконг. Дзякуючы падтрымцы Паўночнага В’етнама партызаны дзейнічалі ўсё больш паспяхова. Гэта прымусіла ЗША ўзмацніць ваенную дапамогу ўраду З’ема. У снежні 1961 года ў краіну былі перакінуты першыя рэгулярныя падраздзяленні Узброеных сіл ЗША — дзве верталётныя роты, закліканыя павялічыць мабільнасць урадавай арміі. Пастаянна адбывалася нарошчванне корпуса саветнікаў у краіне. Амерыканскія саветнікі займаліся падрыхтоўкай паўднёвав’етнамскіх салдат і ўдзельнічалі ў планіраванні баявых аперацый. У гэты перыяд падзеі ў Паўднёвым В’етнаме яшчэ не прыцягвалі асаблівай увагі амерыканскай грамадскасці, аднак адміністрацыя Джона Кенэдзі была поўная рашучасці адлюстраваць «камуністычную агрэсію» ў Паўднёва-Усходняй Азіі і прадэманстрыраваць савецкаму лідару Мікіце Хрушчову гатоўнасць ЗША падтрымліваць сваіх саюзнікаў перад тварам нацыянальна-вызваленчых рухаў. Разрасталы канфлікт станавіўся адным з «гарачых» ачагоў халоднай вайны.
У студзені 1963 гады ў баі за Апбак партызаны ўпершыню здолелі нанесці паразу ўрадавай арміі. Становішча рэжыму З’ема стала яшчэ больш няўстойлівым пасля пачатку ў маі будысцкага крызісу. Будысты складаюць асноўную частку насельніцтва В’етнама, але З’ем і амаль усё яго асяроддзе былі хрысціянамі-католікамі. У шэрагу гарадоў краіны пракаціліся будысцкія хваляванні, некалькі манахаў здзейснілі самаспаленні, што атрымала вялікі рэзананс у Еўропе і ЗША. Акрамя таго, было ўжо ясна, што З’ем не здольны арганізаваць эфектыўную барацьбу з партызанамі НФВПВ. Амерыканскія прадстаўнікі па таемным каналах звязаліся з паўднёвав’етнамскімі генераламі, якія рыхтавалі пераварот. 1 лістапада 1963 года Нго Дзінь З’ем быў пазбаўлены ўлады і на наступны дзень забіты разам са сваім братам.
Ваенная хунта апынулася палітычна нестабільнай. На працягу наступных паўтары гадоў у Сайгоне раз у некалькі месяцаў адбываўся чарговы пераварот. Паўднёвав’етнамскія войскі апынуліся ўцягнуты ў палітычную барацьбу, што дазволіла партызанам НФВПВ пашыраць падкантрольныя ім тэрыторыі.
Колькасць амерыканскіх вайскоўцаў у Паўднёвым В’етнаме да афіцыйнага ўводу войскаў[5]
Колькасць паўночнав’етнамскіх вайскоўцаў, перакінутых у Паўднёвы В’етнам на першым этапе вайны[6]:
Усяго да канца 1964 года на поўдзень перакінута больш за 24000 паночнав’етнамскіх вайскоўцаў. Паступова Паўночны В’етнам пачаў накіроўваць туды не проста жывую сілу, а цэлыя воінскія злучэнні. У пачатку 1965 года ў Паўднёвы В’етнам прыбылі першыя тры рэгулярных палка В’етнамскай народнай арміі[7].
2 жніўня 1964 года ў Танкінскім заліве адбыўся бой паміж амерыканскім эсмінцам «Мэдакс», які выконваў радыёэлектронную разведку ля берагоў Паўночнага В’етнама, і паўночнав’етнамскімі тарпеднымі катарамі, першы з двух так званых «Танкінскіх інцыдэнтаў». Сам факт гэтага бою (у адрозненне ад наступных падзей) не аспрэчваецца нікім з даследчыкаў, аднак у апісанні яго дэталяў існуюць значныя разыходжанні. Паводле адной з версій, «Мэдакс» уварваўся ў тэрытарыяльныя воды Паўночнага В’етнама і быў перахоплены трыма катэрамі. Застаецца дыскусійным пытанне, хто першым адкрыў агонь, аднак эсмінец пры падтрымцы самалётаў F-8 нанёс катэрам істотныя пашкоджанні і прымусіў іх выйсці з бою. Падобны інцыдэнт, як мяркуецца, паўтарыўся ў ноч з 4 на 5 жніўня, хоць амаль адразу сумневы ў яго дакладнасці былі выказаны прадстаўнікамі ВМС ЗША. Існуюць розныя пункты гледжання адносна таго, ці меў месца выпадковы збег абставін ці ж наўмыснае ўвядзенне ў зман амерыканскага кіраўніцтва разведвальнымі службамі ЗША. У адказ на гэтыя меркаваныя начныя падзеі палубная авіяцыя ЗША 5 жніўня ўпершыню нанесла ўдары па ваенных аб’ектах Паўночнага В’етнама (паветраная аперацыя «Пранізваючая страла»). Кангрэс ЗША прыняў так званую «Танкінскую рэзалюцыю», якая давала права новаму прэзідэнту ЗША Ліндану Джонсану пры неабходнасці выкарыстоўваць ваенную сілу ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Джонсан не спяшаўся скарыстацца дадзеным яму правам. Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў у ЗША (лістапад 1964 года) ён выступаў як «кандыдат міра», у процівагу свайму канкурэнту — Бары Галдуотэру, — які лічыўся «каршаком». Такая пазіцыя шмат у чым паўплывала на ўпэўненую перамогу Джонсана. Аднак сітуацыя ў Паўднёвым В’етнаме працягвала імкліва пагаршацца. Урады ў Сайгоне былі паглынуты палітычнымі інтрыгамі і не маглі спыніць заваяванне НФВПВ сельскіх раёнаў краіны. Больш за тое, з канца 1964 года Паўночны В’етнам пачаў адпраўляць на поўдзень ужо не «саветнікаў», а рэгулярныя воінскія падраздзяленні. На гэтым фоне 7 лютага 1965 года партызаны атакавалі амерыканскія ваенныя аб’екты ў Плейку, у выніку чаго пацярпелі дзясяткі амерыканскіх вайскоўцаў[8]. Гэта быў не першы напад на амерыканскія аб’екты (напрыклад, да гэтага быў падарваны гатэль «Брынкс» у Сайгоне, дзе былі раскватэраваны амерыканскія афіцэры), але ў гэты раз Джонсан прыняў рашэнне аб нанясенні ўдару ў адказ па Паўночнаму В’етнаму, лічачы яго адказным за пашырэнне актыўнасці партызан. Была праведзена яшчэ адна паветраная аперацыя «Палаючае дзіда».
2 сакавіка 1965 года ЗША пачалі рэгулярныя бамбардзіроўкі Паўночнага В’етнама — паветраную аперацыю «Грымоты» — самую працяглую бамбардзіровачную кампанію авіяцыі ЗША пасля Другой сусветнай вайны.
8 сакавіка 1965 года для аховы стратэгічна важнага аэрадрома Дананг у Паўднёвы В’етнам былі накіраваны два батальёна корпуса марской пяхоты. З гэтага моманту ЗША ператварыліся ва ўдзельніка грамадзянскай вайны ў В’етнаме, надаўшы ёй новы характар. Да канца 1965 года ў Паўднёвым В’етнаме знаходзілася каля 185 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў у складзе двух поўных дывізій і некалькіх брыгад. У наступныя тры гады кантынгент быў значна павялічаны, дасягнуўшы на піку вайны 540 тысяч чалавек.
Першая буйная бітва з удзелам наземных сіл ЗША адбылася ў жніўні 1965 года (аперацыя «Старлайт», тактычная зона I корпуса). Яшчэ некалькі бітваў адбыліся восенню, найбольш значнай з іх стала бітва ў даліне Я-Дранг у лістападзе, у якой з абодвух бакоў удзельнічалі сілы, эквівалентныя дывізіі.
З сярэдзіны 1965 па сярэдзіну 1969 года сілы ЗША праводзілі буйнамаштабныя наступальныя аперацыі ў Паўднёвым В’етнаме, накіраваныя на выяўленне і знішчэнне буйных падраздзяленняў і часцей НФВПВ і паўднёвав’етнамскай арміі. Гэтая стратэгія «знайсці і знішчыць» (seek and destroy) была распрацавана галоўнакамандуючым амерыканскімі сіламі ў гэты перыяд генералам Уільямам Уэстморлендам, які разглядаў вайну ў традыцыйным стылі — як баявыя дзеянні паміж буйнымі сіламі.
З 1962 года тэрыторыя Паўднёвага В’етнама была падзелена на тактычныя зоны чатырох карпусоў паўднёвав’етнамскай арміі.
У тактычнай зоне I корпуса дзейнічалі падраздзяленні Корпусы марской пяхоты (КМП) ЗША. Замацаваўшыся ў некалькіх «анклавах» (Дананг, Чулай, Фубай), падраздзяленні КМП у сярэдзіне 1965 года пачалі паступова «чысціць» прылеглыя раёны, маючы канчатковай мэтай стварыць адзіны масіў вычышчанай ад партызан тэрыторыі на ўзбярэжжы. Аперацыі, накіраваныя на зліццё анклаваў, працягваліся ў паўднёвых і цэнтральных раёнах I корпуса на працягу ўсяго 1966 года. Але калі ў першыя месяцы баявых дзеянняў сілам ЗША супрацьстаялі выключна падраздзяленні НФВПВ, якія прасочваліся праз дэмілітарызаваную зону (ДМЗ) паміж Паўночным і Паўднёвым В’етнамам, то ў наступныя гады армія ЗША ўжо мела справу з арміяй Паўночнага В’етнама.
Для спынення паўночнав’етнамскай інфільтрацыі праз ДМЗ у ліпені 1966 года марская пяхота правяла аперацыю «Гасцінгс», а ў далейшым была вымушана надаваць пастаянную ўвагу гэтаму раёну, ствараючы тут пастаянныя ваенныя базы. Аднак спробы пранікнення не спыняліся. Сутыкнуўшыся з недахопам сіл для адначасовага правядзення аперацый вакол анклаваў на поўдні і стрымлівання праціўніка на поўначы, марская пяхота паступова перакінула асноўную частку сваіх сіл у раён ДМЗ, пакінуўшы паўднёвыя правінцыі I корпуса новым падраздзяленням Арміі ЗША. Кантхіен восенню 1967 года i Кхешань у першай палове 1968 года былі падвергнуты сапраўднай аблозе значнымі сіламі праціўніка. У той жа час пастаянна павялічвалася вайсковая прысутнасць у паўднёвых раёнах, якія пакідаліся марскімі пяхотнікамі: так, восенню 1967 года тут была зноў створана 23-я пяхотная дывізія ЗША, расфарміраваная пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Яна стала адзінай амерыканскай дывізіяй, зноўку сфарміраванай непасрэдна на тэрыторыі Паўднёвага В’етнама.
Баявыя дзеянні ў тактычнай зоне II корпуса вызначаліся характарам мясцовасці і дзеяннямі сіл НФВПВ і Паўночнага В’етнама. Паўночнав’етнамскія падраздзяленні пранікалі ў Паўднёвы В’етнам з тэрыторыі суседніх Лаоса і Камбоджы, праходзілі праз Анамскія горы ўздоўж мяжы і накіроўваліся да густанаселеных раўнінных раёнаў на ўзбярэжжы, якія мелі шмат рысу. У сваю чаргу, амерыканскія сілы спрабавалі спыніць праціўніка ў горных раёнах, а таксама выявіць тыя падраздзяленні, якія ўсё ж здолелі пратачыцца на ўзбярэжжа.
У 1965 годзе асноўныя аперацыі ва II корпусе праводзіла амерыканская 1-я кавалерыйская дывізія, якая спыніла прасоўванне буйных паўночнав’етнамскіх часцей да ўзбярэжжа ў даліне Я-Дранг. З канца 1966 года задача перахопу сіл праціўніка ў горных раёнах была ўскладзена на 4-ю пяхотную дывізію ЗША, у той час як 1-я кавалерыйская дывізія засяродзіла сваі намаганні на правінцыі Біньдзінь. У паўднёвых раёнах корпуса дзейнічалі ў асноўным сілы паўднёвакарэйскага кантынгенту. Баявыя дзеянні ў гарах асабліва ўзмацніліся ў 1967 годзе і дасягнулі кульмінацыі падчас лістападаўскай бітвы пры Дакто, падчас якой значныя страты панесла 173-я паветрана-дэсантная брыгада ЗША, якая, тым не менш, здолела пры падтрымцы 4-й пяхотнай дывізіі сарваць планы ворага па захопу Дакто.
Аднак прыкметны размах набыла партызанская вайна. Асноўнай задачай амерыканскіх сіл тут было забеспячэнне бяспекі Сайгона, што патрабавала выяўлення і знішчэння праціўніка на далёкіх подступах да горада. Амерыканскія 1-я і 25-я пяхотныя дывізіі займаліся гэтым заходней і на паўночны захад ад горада, асабліва ў «ваеннай зоне C» на камбаджыйскай мяжы. Вялася таксама барацьба з мясцовымі партызанамі, у прыватнасці, у «жалезным трохвугольніку» і «ваеннай зоне D». На ўсход ад Сайгона, у правінцыі Фуактуй, грунтаваўся аўстралійскі воінскі кантынгент, а на поўдзень ад горада — асноўная частка амерыканскай 9-й пяхотнай дывізіі.
У 1965—1966 гадах сілы ЗША праводзілі аперацыі па ўсталяванні кантролю над найважнейшымі лініямі камунікацый у гэтым раёне, асабліва над дарогай № 13, якая ішла ад Сайгона на паўночны захад да камбаджыйскай мяжы да Лакніня. З канца 1966 года праводзіліся шырокамаштабныя аперацыі супраць базавых раёнаў ворага («Этлбара», «Сідар-Фолс», «Джанкшэн-сіці»).
Такім чынам, асноўнымі праціўнікамі ў дэльце Меконга былі ўрадавая армія і НФВПВ. Багатая лясамі, рэкамі і каналамі мясцовасць, высокая шчыльнасць насельніцтва і велізарныя пасевы рысу рабілі гэты раён ідэальным для партызанскай вайны, падаючы паўстанцам сховішча і крыніцу папаўнення людскіх рэсурсаў і пражытка.
З сярэдзіны 1965 і па канец 1967 года адбывалася пастаянная эскалацыя баявых дзеянняў у Паўднёвым В’етнаме. Павялічваліся колькасць урадавай арміі, сіл Паўночнага В’етнама, груповак ЗША і іх саюзнікаў. Адпаведна павялічваўся размах аперацый, якія праводзіліся абедзвюма бакамі, і раслі страты ў жывой сіле.
Аперацыі супраць базавых раёнаў апынуліся недастаткова выніковымі. Адмова прэзідэнта Ліндана Джонсана ад частковай мабілізацыі і прызыву рэзервістаў азначала, што папаўненне войскаў ажыццяўлялася толькі за кошт добраахвотнікаў і абмежаванага прызыву. Афіцэр павінен быў палову свайго тэрміну службы камандаваць баявым падраздзяленнем; такім чынам, змена камандзіраў у падраздзяленнях адбывалася яшчэ часцей, чым радавога і сяржанцкага складу. У В’етнам накіроўваліся найбольш падрыхтаваныя падраздзяленні і найбольш вопытныя вайскоўцы, што прывяло да паслаблення амерыканскіх кантынгентаў у Заходняй Германіі, Паўднёвай Карэі і іншых краінах. У 1965—1967 гадах даступныя людскія рэзервы арміі ЗША былі вычарпаны. Так, для зноў сфарміраванай 23-й пяхотнай дывізіі дзве з яе трох брыгад былі спешна перакінуты ў В’етнам, не маючы адэкватнай падрыхтоўкі і рыштунку; адна з іх (198-я лёгкая пяхотная брыгада) да гэтага рыхтавалася да нясення паліцэйскай службы ў Дамініканскай Рэспубліцы[9]. У 1968 годзе колькасць амерыканскіх войскаў у В’етнаме складала 540 тысяч чалавек.
Спадзеючыся пераламаць ход вайны, кіраўніцтва Паўночнага В’етнама ў сярэдзіне 1967 года пачало планаваць шырокамаштабнае наступленне на поўдні, мэтай якога было звяржэнне ўрада Нгуена Ван Цхьеу і стварэнне палітычных перадумоў для вываду амерыканскіх войскаў. Упершыню з пачатку вайны ўдары павінны былі наносіцца па найбуйнейшых паўднёвав’етнамскіх гарадах. Каб адцягнуць сілы ЗША ў аддаленыя раёны краіны, восенню 1967 года паўночнав’етнамскае камандаванне справакавала серыю так званых памежных бітваў, якія суправаджаліся вялікімі стратамі (загінула звыш 4000 паўночнав’етнамскіх салдат) і скончыліся няўдачай[10]. У студзені 1968 года буйныя сілы Паўночнага В’етнама былі сканцэнтраваны каля базы марской пяхоты ЗША Кхешань і пачалі яе аблогу, што прымусіла амерыканскі бок узмацніць гарнізон базы.
Камандаванне ЗША было інфармавана аб наступальнай аперацыі, аднак недаацэньвала яе маштаб. Пэўную ролю адыграў і фактар нечаканасці — наступленне пачалося ў разгар Тэта (в’етнамскі Новы год) — самага ўшанаванага свята ў краіне, на час якога абодва ваюючыя бакі некалькі гадоў запар аб’яўлялі аднабаковыя перамір’і. На Тэт-1968 перамір’е было парушана. 30—31 студзеня сілы Паўночнага В’етнама і НФВПВ правялі серыю нападаў па ўсім Паўднёвым В’етнаму, у тым ліку непасрэдна ў сталіцы краіны Сайгоне. Адзіным значным поспехам стаў захоп двума палкамі паўночнав’етнамскай арміі горада Хюэ, старажытнай сталіцы краіны. У іншых месцах атакі былі адлюстраваны за кошт значнай перавагі абаранялых у агнявой моцы. Тэцкая аперацыя завяршылася да пачатку сакавіка. Урад Цхьеу застаўся ва ўладзе, Хюэ быў адбіты амерыкана-паўднёвав’етнамскімі войскамі пасля адной з самых жорсткіх бітваў вайны, а НФВПВ панёс настолькі вялікія страты, што ўжо не здолеў аднавіць свой ранейшы патэнцыял. У ваенным плане наступленне завяршылася правалам, але ў псіхалагічным яно апынулася пераломным момантам В’етнамскай вайны. На фоне раптоўнага Тэцкага наступлення, вельмі шырока асветлены сродкамі масавай інфармацыі, паўстала сумненне ў грамадства ў ваенных перамогах ЗША ў В’етнаме. Сам факт таго, што сілы камуністаў здолелі правесці такую аперацыю, паказваў, што яны не знясілены і працягваюць барацьбу. Аблога Кхешані, бітвы за Сайгон і Хюэ выглядалі прадвеснікамі катастрофы. Рос лік журналістаў і палітыкаў, якія выступалі супраць вайны — на іх думку, яна не магла быць выйграна і насіла амаральны характар.
У сакавіку—маі сілы саюзнікаў у Паўднёвым В’етнаме перайшлі ў контрнаступленне. Генерал Уэстморленд меркаваў, што вялікія страты праціўніка даюць магчымасць дабіць яго, і запытаў дадаткова 206 тыс. вайскоўцаў для пашырэння аперацый. У кантэксце росту антываенных настрояў гэты запыт не мог быць задаволены. Прэзідэнт Джонсан даў згоду толькі на адпраўку невялікага падмацавання, а 31 сакавіка выступіў з тэлезваротам да нацыі, у якім абвясціў аб спыненні бамбардзіровак Паўночнага В’етнама (за выключэннем паўднёвай часткі краіны), намеры пачаць мірныя перамовы з праціўнікам і аб сваім рашэнні не балатавацца на чарговых прэзідэнцкіх выбарах.
У пачатку мая ў ходзе новага наступлення (вядомага як «Міні-Тэт») невялікай колькасці партызан удалося ўварвацца ў Сайгон, але гэтыя сілы былі знішчаны саюзнікамі.
У лістападзе 1968 года на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША перамог Рычард Ніксан, які выступаў пад лозунгам завяршэння вайны «ганаровым мірам». Відавочная адчувальнасць грамадскасці ЗША да страт у вайне прывяла да змены мэтаў камуністаў у Паўднёвым В’етнаме пры наступленні ў пачатку 1969 года. Першачарговай задачай ставілася нанясенне страт амерыканскім войскам. У лютым войскі Паўночнага В’етнама атакавалі шэраг амерыканскіх баз (Другое Тэцкае наступленне). Атакі ўдалося адбіць з пэўнымі стратамі для саюзнікаў. Палітыка ЗША ў рэгіёне стала накіраванай на ўзмацненне ўзброеных сіл Паўднёвага В’етнама, спробы абмежавання паставак зброі камуністам і стварэнне перадумоў для хутчэйшага вываду сваіх войскаў. У 1969 годзе новая адміністрацыя ЗША пачала палітыку «в’етнамізацыі», накіраваную на перадачу адказнасці за кантроль над тэрыторыямі войскам Паўднёвага В’етнама — фактычна, задачай гэтай палітыкі быў пошук магчымасцей для вываду войскаў ЗША з зоны канфлікту. Гэта быў канец дактрыны «знайсці і знішчыць». У ліпені пачаўся планамерны вывад войскаў ЗША з В’етнама, які падоўжыўся больш за тры гады. У гэты ж перыяд стаў прыкметны працэс раскладання амерыканскай арміі. Прычынамі раскладання, па-відаць, была бачная для салдат бессэнсоўнасць доўгай вайны, партызанскія дзеянні камуністаў, сярод вайскоўцаў распаўсюдзілася наркаманія[11][12].
У сакавіку 1970 гады ў суседняй Камбоджы, дзе з 1967 года ішла распачатая мясцовымі камуністамі грамадзянская вайна[13], адбыўся пераварот. Пра-амерыканкі міністр Лан Нол — былы афіцэр французскіх каланіяльных войскаў — зрынуў караля Сіянука. Новы ўрад гэтай дзяржавы на чале з Лан Нолам паспрабаваў выдаліць з краіны паўночнав’етнамскія войскі, якія выкарыстоўвалі яе тэрыторыю для аперацый супраць Паўднёвага В’етнама. У адказ войскі Паўночнага В’етнама пачалі паспяховыя ваенныя дзеянні супраць урадавых войскаў Камбоджы. Для дапамогі Лан Нолу ЗША і Паўднёвы В’етнам былі вымушаны ў канцы красавіка ўвесці свае войскі ў Камбоджу. Гэтыя дзеянні прывялі да чарговай успышцы антываенных выступаў у ЗША, і праз два месяцы амерыканская армія пакінула Камбоджу па распараджэнні Ніксана (паўднёвав’етнамскія войскі заставаліся там да восені). Армія ЗША ўсё больш дэмаралізавалася — у 1970 годзе наркотыкі ў В’етнаме прымалі 65 тысяч вайскоўцаў ЗША[14] (гэта значыць кожны пяты з 335000-й групоўкі, якая знаходзілася ў В’етнаме на той момант[15]). У лютым—сакавіку 1971 года буйнай падзеяй была аперацыя «Лам Шон 719», у ходзе якой войскі Паўднёвага В’етнама пры падтрымцы авіяцыі ЗША паспрабавалі перарэзаць «сцежку Ха Шы Міна» ў Лаосе і спыніць перакідку зброі і салдат Паўночным В’етнамам на поўдзень. У самым Паўднёвым В’етнаме ў 1971 годзе амерыканскія войскі ўжо не праводзілі значных баявых аперацый.
30 сакавіка 1972 года пачалося чарговае буйнае наступленне войскаў Паўночнага В’етнама на тэрыторыі Паўднёвага В’етнама, якое ўвайшло ў гісторыю як Велікоднае наступленне. Паўночнав’етнамскія войскі, прызначаныя для гэтай аперацыі, налічвалі каля 125 тысяч салдат і ўпершыню з пачатку вайны былі ўзмоцнены некалькімі сотнямі танкаў. Наступленне праводзілася ў трох кірунках — у розных частках Паўднёвага В’етнама. У сувязі з ростам антываенных настрояў у ЗША поспех аперацыі мог завяршыць вайну на ўмовах, выгадных Паўночнаму В’етнаму. Дзякуючы эфектыўнай падтрымцы авіяцыяй ЗША, узброеныя сілы Паўднёвага В’етнама вытрымалі націск праціўніка. Тым не менш, частка тэрыторыі Паўднёвага В’етнама апынулася ў руках Паўночнага В’етнама. Бакі былі істотна спустошаны ў ходзе зацяжных баёў. У цэлым няўдалы вынік Велікоднага наступлення вымусіў кіраўніцтва Паўночнага В’етнама актывізаваць перамовы з амерыканскімі прадстаўнікамі ў Парыжы, каб даць ЗША магчымасць хутчэйшага выхаду з вайны на «ганаровых» умовах. Да ліпеня 1972 года камуністы кантралявалі каля 10 % тэрыторыі Паўднёвага В’етнама[16] ў параўнанні з 40 % васьмю гадамі раней, да пачатку амерыканскага ўмяшання[17].
Перагаворы дасягнулі вялікіх поспехаў у кастрычніку, калі гаворка ішла ўжо аб канкрэтнай даце падпісання перамір’я. Аднак каменем перапоны стала пазіцыя паўднёвав’етнамскага прэзідэнта Цхіеу, які прымусіў амерыканскую дэлегацыю вылучыць відавочна непрымальныя для паўночнав’етнамскага боку прапановы. У сярэдзіне снежня прадстаўнікі Паўночнага В’етнама адмовіліся ад працягу перагавораў. Каб прымусіць іх вярнуцца да перамоўнага стала і ўжо узгодненым да ўмяшання Цхьеу ўмоў дагавора, ЗША правялі двухтыднёвую кампанію бамбардзіровак гарадоў Паўночнага В’етнама, у асноўным Ханоя (Linebacker II), самую магутную за ўсю вайну. У пачатку студзеня 1973 года перамовы аднавіліся.
27 студзеня 1973 года было падпісана Парыжскае мірнае пагадненне, па якім амерыканскія войскі пакідалі В’етнам (да гэтага часу ўсё сухапутныя баявыя часці ўжо былі выведзены, і ў краіне заставалася 24 тыс. амерыканцаў). Выконваючы падпісанае пагадненне, 29 сакавіка таго ж года ЗША завяршылі вывад сваіх войскаў з Паўднёвага В’етнама.
Пасля падпісання дагавора аб перамір’і паўнёвав’етнамскія войскі мелі колькасць больш за мільён чалавек, узброеныя сілы Паўночнага В’етнама, дыслакаваныя на тэрыторыі Паўднёвага, налічвалі больш за дзвесце тысяч салдат.
Пагадненні аб спыненні агню на тэрыторыі Паўднёвага В’етнама не выконваліся. Як камуністы, так і паўднёвав’етнамскія ўрадавыя войскі ў ходзе баёў дзялілі падкантрольную тэрыторыю. Паўночны В’етнам працягваў перакідваць падмацаванне сваім войскам на поўдні па «сцежцы Ха Шы Міна», што было палегчана спыненнем амерыканскіх бамбардзіровак. Крызіс у эканоміцы Паўднёвага В’етнама, як і памяншэнне аб’ёмаў амерыканскай ваеннай дапамогі пад ціскам Кангрэсу ЗША ў 1974 годзе спрыялі падзенню баявых якасцей паўнёвав’етнамскіх войскаў. Усё большая колькасць тэрыторый Паўднёвага В’етнама дэ-факта адыходзілі пад уладу Паўночнага В’етнама. Урадавыя войскі Паўднёвага В’етнама неслі страты. У снежні 1974 — студзені 1975 года паўнёвав’етнамская армія правяла пробную аперацыю па захопе правінцыі Фуаклонг, каб праверыць рэакцыю ЗША[18]. Пераканаўшыся, што ЗША не маюць намер аднаўляць свой удзел у вайне[19], у пачатку сакавіка 1975 года паўночнав’етнамскія войскі разгарнулі шырокамаштабнае наступленне. Паўднёвав’етнамская армія была дэзарганізавана і ў большасці раёнаў не здолела аказаць адэкватнага супраціўлення. У выніку двухмесяцовай кампаніі паўночнав’етнамскія войскі занялі большую частку Паўднёвага В’етнама і падышлі да Сайгона. У 11:30, 30 красавіка 1975 года камуністы паднялі сцяг над Палацам Незалежнасці ў Сайгоне — вайна скончылася поўнай перамогай паўднёвав’етнамскіх войскаў.
Тыя з паўднёвых в’етнамцаў, хто супрацоўнічаў з паўднёвав’етнамскім рэжымам і амерыканцамі, падвяргаліся рэпрэсіям. Іх накіроўвалі ў так званыя «лагеры перавыхавання»[20], высылалі ў «новыя эканамічныя зоны»[21]. Яшчэ да падзення Сайгона паўсюдная паніка і масавае дэзерцірства выклікалі вялікую хвалю в’етнамскіх бежанцаў. Сімвалам паразы ЗША ў В’етнаме лічацца тэлевізійныя кадры, на якіх верталёты з бежанцамі, якія прызямляюцца на караблі, пасля разгрузкі сутыкаюцца ў ваду, каб вызваліць месца для іншых верталётаў. Уцёкі паўднёвых в’етнамцаў працягнуліся і пасля падзення Сайгона. Яны пускаліся ў рызыкоўны шлях на лодках або маленькіх судах. На Захадзе яны сталі вядомы пад назвай «людзі ў лодках».
Трафеямі народнай арміі Паўночнага В’етнама на завяршальным этапе вайны сталі 550 танкаў, 1200 бронетранспарцёраў, 1100 самалётаў, 500 верталётаў і 80 караблёў[22].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.