Вялікі пост
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вя́лікі пост — самы галоўны і строгі пост у Каталіцкім касцёле і ў Праваслаўнай царкве. Папярэднічае Вялікадню.
Вялікі пост доўжыцца сем тыдняў перад Пасхай (Вялікаднем) і складаецца з саракадзённага посту (Чатырыдзясятніцы) і посту Страсной сядміцы ў памяць выратавальных страсцей Хрыстовых.
У Вялікі пост царкоўны статут дазваляе ўжываць алей толькі па суботах, нядзелях і ў дні памяці асабліва шаноўных святых, а рыбу — толькі ў святы Благавешчання і Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербная нядзеля). Прычым тлушч і мяса выключаюць з ежы ўжо ў апошні прадпосны тыдзень — Масленіцу, ва ўсе дні якой дазваляецца ўжываць малочную ежу.
Да Вялікага посту хрысціяне рыхтуюцца тры тыдні, дзеля чаго ўсталяваныя:
Загавіны адбываюцца ў сырапусную нядзелю, у якую ўспамінаецца Адамава выгнанне з раю. Гэтая нядзеля таксама называецца «Даравальная».
Першая сядміца Вялікага посту адрозніваецца асаблівай строгасцю. У першыя чатыры дні на вячэрнім богаслужэнні чытаецца Вялікі пакаянны канон святога Андрэя Крыцкага з прыпевамі: «Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне». У пятніцу Першай сядміцы па заканчэнні ранішняга набажэнства адбываецца асвячэнне куцці ў памяць аб вялікамучаніку Фёдары Ціроне.
У першую нядзелю Вялікага посту адбываецца святкаванне Свята Перамогі Праваслаўя, усталяванае пры візантыйскай царыцы Феадоры ў 842 годзе ў памяць канчатковай перамогі Праваслаўнай Царквы над усімі ерэтычнымі вучэннямі, у асаблівасці над апошнім з іх — іканаборскім.
Другая сядміца і нядзеля Вялікага посту называецца сядміцай і Нядзеляй святлатворных пастоў: царква моліць Госпада аб жыватворным азарэнні ўсіх, хто посціцца і каецца. У набажэнстве гэтай сядміцы і Нядзелі разам са скрухаю аб грахоўным стане чалавека ўхваляецца пост, як шлях да такога нутранога жыватворнага азарэння. Свяціцель і цудатворца Рыгор Палама, архіепіскап Салунскі (XIV ст.), памяць якога святкуецца ў другую нядзелю, з асаблівай сілаю раскрыў праваслаўнае вучэнне аб жыватворным святле і магчымасці азарэння ім чалавека праз малітву, пост і іншыя духоўныя подзвігі самаахвярнасці.
Трэцяя нядзеля Вялікага посту і наступная за ёю сядміца называецца Крыжапаклоннай, бо Царква ўслаўляе Святы Крыж і духоўныя плады смерці на Крыжы Збавіцеля. На гэтым тыдні да пятніцы Святы Крыж выносіцца на сярэдзіну храма і знаходзіцца там для пакланення вернікаў. Пры пакланенні Крыжу ў царкве гучыць спеў: «Крыжу Твайму пакланяемся, Уладар, і Святое Уваскрасенне Тваё славім». Гэта дабравешчанне аб Крыжы і пакланенне яму ўсцешна напамінаюць нам аб набліжэнні светлага свята Уваскрасення Хрыстовага.
Набажэнствы чацвёртай нядзелі ўслаўляюць падзвіжніка VII стагоддзя прападобнага Іаана Лесвічніка, аўтара кнігі «Лесвіца раю». У сваім творы Св. Іаан намаляваў шлях паступовага ўзыходжання чалавека па лесвіцы духоўнай дасканаласці. «Лесвіца» ўказвае 30 ступеняў дасканаласці, па колькасці гадоў зямнога жыцця Збавіцеля, Яго грамадскага служэння чалавечаму роду.
У пятую нядзелю Вялікага Посту Царква ўслаўляе святую Марыю Егіпецкую. Жыццё блудніцы, якая раскаялася, вучыць нас, што ніякія грахі і беззаконнасць не могуць быць непераадольнай перашкодай на шляху чалавека да Бога, калі толькі гэты прыход дапаўняецца постам, малітваю і шчырым пакаяннем.
У суботу шостага тыдня ўспамінаецца ўваскрашэнне Ісусам Хрыстом Лазара. Шостая нядзеля паста — урачысты ўваход Гасподні ў Іерусалім на наканаваныя мукі — Вербніца. На Усяночнай асвячаюць вербы (вайа).
Прадвялікодны тыдзень прысвечаны ўспаміну апошніх дзён зямнога жыцця Хрыста, Ягоным мукам на Крыжы, смерці і пахаванню. Па велічы і важнасці гэтых падзей кожны дзень тыдня называецца святым і вялікім. Вернікі праводзяць іх у строгім устрыманні, шчырай малітве, у подзвігах дабрадзейнасці і міласэрнасці — каб належным чынам сустрэць радаснае свята Вялікадня.
Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладзе самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума.
Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у Святой Імшы спеву «Алелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. Таксама падчас Вялікага посту ў парафіях праводзяцца крыжовыя шляхі і Песні жальбы, падчас якіх кожны каталік можа перажыць усё тое, што перажыў Езус ад малітвы ў Садзе Аліўным і да смерці на крыжы.
Згодна з касцельным законам, людзі павінны абмежавацца ад удзелаў у забавах. На гэты перыяд кожны можа ўзяць на сябе нейкую пастанову.
Вялікі тыдзень — апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер — Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу — літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Святую ноч (святы пасхальны Трыдуум).
Вялікі пост на Вікісховішчы |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.