Зыбіцкая вуліца
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ву́ліца Зы́біцкая — вуліца ў Верхнім горадзе ў Цэнтральным раёне горада Мінска. Праходзіць ад Інтэрнацыянальнай да Нямігі, ляжыць паміж Свіслачу і плошчы Свабоды. Нумарацыя дамоў вядзецца ад вул. Інтэрнацыянальнай. У другой палове 2010-х гадоў Зыбіцкая ператварылася ў галоўную «тусовачную вуліцу» сталіцы.
Вуліца Зыбіцкая Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Працягласць | 400 |
Рух | двухбаковы |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Няміга (110 м), Кастрычніцкая (400 м) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца пачала засяляцца яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. Разам з Гандлёва-Набярэжнай злучала плошчу Нізкага Рынку з раёнам Малочнага рынку і былой рачной прыстанню. Вуліца, размешчаная ў зыбкай пойме, часта пакутавала ад паводак, ад чаго у XVIII стагоддзі стала называцца Зыбіцкай. Нягледзячы на частыя паводкі, раён быў выключна выгодны сваёй блізкасцю да вады. Ужо ў XVI стагоддзі ў гэтым месцы было пабудавана некалькі вадзяных млыноў[1].
У 1866 годзе Зыбіцкую вуліцу пераназвалі ў Балотную, а ў 1882 па просьбе багатага яўрэйскага насельніцтва — у Гандлёвую.
З прычыны блізкасці да ракі ў дамах была пастаянная вільгаць. У 1908 г. у «Працах першага з’езду ўрачоў Мінскай губерні» адзначалася: «Тапаграфічна Мінск размяшчаўся ў даліне ракі Свіслачы. З прычыны прысутнасці на невялікай глыбіні непранікальнага слоя гліны ападкі затрымліваюцца ў паверхневым пласце. Таму пабудаваныя на такой глебе камяніцы адзначаюцца празмернай вільгаццю падвальных і першых паверхаў, што ўяўляе вялікую небяспеку для здароўя іх жыхароў. У драўляных жылых дамах падвалы таксама вельмі сырыя. Вільгаць свабодна пранікае ў жылыя памяшканні. На нізкіх берагах ракі няма магчымасці карыстацца падваламі, асабліва ў час стаяння ўзроўню вады ў рацэ, таму што апошнія становяцца рэзервуарамі для збору ў іх паверхневай вады. Вільгаць зямлі і жылля ў даліне ракі павялічваецца амаль штогадовай веснавой паводкай Свіслачы»[1].
На вуліцы жыў сярэдні клас, размяшчаліся розныя ўстановы, прадпрыемствы. У доме Фукса па Гандлёвай, 8 знахзодзілася школа рускай пісьменнасці. У доме № 9 — школа, у якой рыхтавалі шаўцоў. У доме № 22 — Хіміка-бактэрыялагічны кабінет і лабараторыя. У доме Бергера (№ 23), які стаяў паміж Манастырскім завулкам і Нямігай адразу за карпусамі мужчынскага манастыра, здавалася 11 мэбляваных пакояў. У доме Левіншырына (№ 18) у гады рэакцыі 1907—1910 гг. размяшчалася нелегальная бібліятэка РСДРП, у якой меліся амаль усе бальшавіцкія газеты, брашуры і кнігі, што выдаваліся ЦК РСДРП і партыйнымі арганізацыямі з 1903 года. На рагу з Бернардзінскім завулкам, у доме бенедыктынак знаходзіўся пансіён «пані Парнікель, начальніцы ўсебакова адукаванай», у якім выхоўваліся дочкі заможных бацькоў[1].
Да рэвалюцыі ў гэтым раёне таксама размяшчалася заснаваная ў 1889 г. тытунёвая фабрыка купчыхі С. М. Гінзбург (№ 54), якая спецыялізавалася на выпуску махоркі. У 1895 г. на ёй працавала 29 рабочых, выпушчана прадукцыі на 29 тысяч рублёў. У 1913 г. — працаваў 21 чалавек, прадукцыі выпушчана на 48 тысяч рублёў. Пры фабрыцы існавала крама, у якой прадаваўся ўласны тытунь. Будынак стаяў у канцы сучаснай Гандлёвай вуліцы перад мостам цераз Свіслач. На з Манастырскім завулкам, у будынку былога манастыра бернардзінак размяшчалася Тытунёвая фабрыка Б. Ф. Харліпа, адкрытая ў 1870 г. Выпускала курыльны тытунь, цыгары, папяросы, махорку. У 1895 г. на ёй працавала 80 рабочых, было выпушчана прадукцыі на 47 тысяч рублёў. У 1903 г. пастаўлены газавы рухавік. У 1912 г. фабрыка перайшла да Перліса, але назва фірмы не змянілася. Праз год на ёй было занята 30 рабочых, выпускалася прадукцыі на 58 тысяч рублёў. Практыкавалася раздача працы на дом[1].
Таксама ў раёне вуліцы Гандлёвай знаходзілася абутковая фабрыка «Русь» М. І. Зібіцкера, якая была заснавана ў 1875 г. як звычайная шавецкая майстэрня. У 1912 г. яе ўладальнік выпісаў з-за мяжы машыны і спецыяльнае абсталяванне для механічнай вытворчасці абутку. Праз год на фабрыцы працавала 50 рабочых, і выпусціла яна прадукцыі на 50 тысяч рублёў. У 1915 г. прадпрыемства перайшло да Ж. Л. Шыфрына[1].
У канцы XIX ст. па Гандлёвай вуліцы праходзіла лінія конкі[1].
Пасля вайны вуліца прыйшла ў заняпад. З боку Свіслачы забудова была цалкам страчана, на гэтым месцы сфарміраваўся сквер. Да 2000-х гадоў вуліца ўяўляла сабой пясчаную дарогу.
У 1990-х гг. на Гандлёвай каля бамбасховішча, празванага «Унітаз», збіраліся панкі, якія праводзілі канцэрты і рабілі запісы[2]
Лёс закінутай вуліцы вызначыў указ «Аб развіцці гістарычнага цэнтра Мінска» 2004 года і дэтальны план гістарычнага цэнтра горада 2006 года. Тут намерваліся стварыць гандлёвую зону і аднавіць забудову вуліцы з абодвух бакоў[2].
У 2005 годзе знесены будынак № 27. У ліпені 2007 — маі 2008 года ў раёне вул. Гандлёвай былі праведзены археалагічныя даследаванні[1]. На схіле каля Свята-Духава кафедральнага сабора пабудаваны Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы, адноўлены дом № 27[1].
17 сакавіка 2010 рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ёй была вернута гістарычная назва Зыбіцкая[3].
КУП «Мiнская спадчына» ў 2010 годзе распрацавала праект узнаўлення і рэканструкцыі 5 кварталаў забудовы, у складзе якой 29 лакальных аб’ектаў. Планавалася аднавіць бровар, аналагічны тым, што існавалі тут на мяжы XIX — XX стагоддзяў. Таксама была запланавана крытая лядовая пляцоўка на 50 чалавек на ўнутрыквартальнай пляцоўцы, кінаканцэртная зала на 300 месцаў, музей фота, моладзевы цэнтр, дзве гасцініцы кватэрнага тыпу.[4]
У 2011 годзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапанавала свой праект рэканструкцыі часткі вуліцы, што прылягае да Свіслачы, які прадугледжваў максімальнае захаванне гістарычнай планіроўкі квартала. Спачатку праект быў падтрыманы Мінгарвыканкамам, але пазней яго адхілілі[5].
У красавіку 2012 года Мінгарвыканкам выдаў дазвол на будаўніцтва квартала № 1 на правым боку вуліцы Зыбіцкай па праекце «Мінскпраекта». На беразе Свіслачы планавалася ўзвесці бізнес-цэнтры, фешэнэбельныя гасцініцы, рэстараны і буцікі сусветных брэндаў. У кастрычніку таго ж года «БелінжынірынгбудІнвест» пачаўся будаўніцтва комплексу «На Гандлёвай набярэжнай», які вонкава ўяўляў сабой стылізацыю пад даўніну і змяшчаў шмат элементаў стылю хай-тэк. Побач кампанія «Славічы» ўзвяла гатэль Mercure, будынак на пляцоўцы бліжэй да рэстарана «Журавінка» пабудаваў «ИнтерРосПромСтрой»[5].
Каментуючы рэканструкцыю Зыбіцкай, галоўны інжынер «Мінскай спадчыны» Міхаіл Жых адзначыў, што[6]:
На жаль, тут не ўсё правільна ў плане маштабу і асяроддзя гістарычнай забудовы, ландшафтнай архітэктуры. Першапачаткова ў нас была іншая канцэпцыя, потым змяніліся інвестары, у выніку з'явіліся трохі рознастылёвыя аб'екты. Але яны ўжо ўліліся ў акружэнне, і трэба ўспрымаць горад такім, як ён склаўся, а не такім, якім ён мог бы быць. |
У 2013 годзе ў дом № 9 адкрыўся бар «Чердак», пазней — Private House, які першапачаткова прапаноўваў паслугі кінапакоя з барам. З прычыны вялікага наплыву наведвальнікаў на мерапрыемствы, якія арганізоўваў Private House, было вырашана разбурыць адну кіназалу і зрабіць другі бар; увесну пастаўлена летняя тэраса. Акцэнт з прыватных кінапаказаў змясціўся на барны фармат працы. У лютым 2014 гады з’явіліся кафэ Don Coffe’on і бар «Туманы», які не меў сталоў, толькі доўгую барную стойку. Праз паўгода чэргі ў «Туманы» стаялі ўсю ноч, праз што вуліца стала шырока вядомая. У гэты час на ёй працягвалася актыўнае будаўніцтва[5].
У красавіку 2016 года на суседняй вул. Герцэна з’явіўся тэкільны бар у лацінскім стылі El Pushka, услед за ім — магазін крафтавага піва Beer Cap. Наведвальнікі ўсіх гэтых устаноў запоўнілі вуліцу[2]. У тым жа годзе быў завершаны комплекс «На Гандлёвай набярэжнай» (№ 6), у якім адразу адкрылася шмат бараў і рэстаранаў[5].
Вялікую ролю ў папулярнасці вуліцы адыгрываюць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Верхнім горадзе[2]. Некаторыя выказваюць думку, што Зыбіцкая стала для горада «глытком неабмежаванай свабоды», а для ўладаў, якія хочуць усё кантраляваць, «бяльмом на воку»[7].
Многія ўладальнікі ўстаноў скардзяцца на культуру наведвальнікаў. У чэрвені 2017 года некалькі ўстаноў нават атрымалі прадпісанні аб змяненні рэжыму працы да 23 гадзін, якое было патлумачана тым, што ў раёне вуліцы пагоршылася крымінагеннае становішча: непадалёк ад піцейных устаноў зафіксавана вялікая колькасць правапарушэнняў[8]. Некаторыя наведвальнікі перабіраюць з алкаголем і паводзяць сябе некарэктна. Аднак ужо ў ліпені таго ж года ўсім установам на вуліцы афіцыйна дазволілі працаваць да 4 раніцы.[9]
Амаль усю гістарычную забудову вуліцы зруйнавалі ў 1960-я.[10]
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Макет адноўленай забудовы | |
У наш час аднаўляецца тэрасная забудова, якая існавала ў XVII — XIX стагоддзях.[4]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.