From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы. Працавала з 29 кастрычніка 1921 да вясны 1924. Заснавана паводле дырэктыў Цэнтральнага Савета па асвеце народаў нярускай мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР. Непасрэдна падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве.
Задачы секцыі: арганізацыя на тэрыторыі Віцебскай губерні сеткі нацыянальных школ і культурна-асветных устаноў для беларускага насельніцтва. Арганізавала беларускі тэатр і хор у Віцебску і Полацку, дзіцячую тэатральную трупу ў Полацку. 3 лістапада 1921 адкрыла ў Полацку Беларускую павятова-гарадскую секцыю. Працавала ў атмасферы непрыязні і перашкод з боку губернскага партыйнага і савецкага кіраўніцтва, органаў губернскага аддзела народнай асветы, якія выступалі супраць развіцця беларускага нацыянальна-культурнага руху на Віцебшчыне. Крызіснае становішча школьніцтва ў Віцебскай губерні і адмова кіраўніцтва губернскага аддзела народнай асветы фінансаваць беларускую секцыю прывялі да таго, што з пачатку 1922 яна існавала фармальна. За ўвесь перыяд дзейнасці не ўдалося арганізаваць ніводнай беларускай школы. Садзейнічала ўвядзенню ў навучальны план Віцебскага педагагічнага інстытута ў 1923/24 навучальным годзе курса беларусазнаўства. Супрацоўнічала з беларускімі гісторыкамі А. П. Сапуновым, М. В. Мялешкам, пісьменнікам A. Р. Пшчолкам, іншымі дзеячамі беларускага нацыянальна-культурнага руху на Віцебшчыне.
Скасавана ў сувязі з далучэннем Віцебскай губерні да БССР.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.