Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) — літаратурнае аб’яднанне. Створана ў 1928 г. пасля другога расколу (рэарганізацыі) «Маладняку». Спыніла дзейнасць у 1932 г.
Усебеларускі з’езд «Маладняка» (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП, статут прыняты 10.3.1929. Кіроўны орган — Праўленне і яго Сакратарыят. Друкаваны орган — часопіс «Маладняк» (з № 12, 1928).
Мела рускую, літоўскую, польскую і яўрэйскую секцыі. Існавалі Бабруйскі, Віцебскі, Гомельскі, Магілёўскі, Мінскі, Полацкі і інш. філіялы, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, а таксама асобныя творы. Філіялы 20.10.1930 былі ліквідаваныя, на іх базе створаныя літаратурныя гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінскі філіял 29.4.1931 ператвораны ў МінАПП. Дзейнічала беларуская секцыя ў Маскве пры РАПП.
Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з Пастанаўленнем ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27 мая 1932).
Сярод сяброў аб’яднання вядомыя А. Александровіч, З. Астапенка, А. Астрэйка, С. Баранавых, П. Броўка, П. Галавач, Ю. Гаўрук, І. Гурскі, А. Звонак, А. Куляшоў, Я. Ліманоўскі, М. Лынькоў, Б. Мікуліч, Р. Мурашка, А. Салагуб, Я. Скрыган, Ю. Таўбін, В. Таўлай, П. Трус, М. Хведаровіч, С. П. Шушкевіч, Ф. Шынклер і інш. Але болей вядомая БелАПП такімі асобамі як Л. Бэндэ, А. Кучар, С. Васілёнак, І. Барашка, Я. А. Бранштэйн, А. Канакоцін.
Яўрэйскую секцыю ўзначальвалі Бэр Аршанскі, Ізі Харык, уваходзілі Цодзік Даўгапольскі, Шмар’я Гарэлік, Мойша Тэйф, Яша Гольдман, Хаім Ласкер, З. Вітэнзон, Н. Гардон, Гірш Камянецкі, Е. Каган, Айзік Каган, Герц Майзель, Эля Савікоўскі, Xацкель Дунец, Уры Фінкель і інш.
БелАПП працягвала літаратурную палеміку, распачатую яшчэ ў часы «Маладняку». У дзейнасці вылучаюцца 2 этапы: 1928—1930 і 1930—1932 гады. Да 1930-х БелАПП праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай літаратуры, умацаванні яе «ідэйных пазіцый у барацьбе з заганнымі ўплывамі», садзейнічала аб’яднанню літаратурных сіл, устанаўленню сувязяў з літаратурамі народаў СССР. Адначасова прапагандавала асаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад у літаратуры, зацвярджала «тэорыю жывога чалавека», уцягвалася ў адміністраванне. З пачатку 1930-х стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праяўленні групаўшчыны, пагардлівага стаўлення да іншых арганізацый, прэтэндавала на кіроўнае месца ў беларускай літаратуры. Значную шкоду прынесла вульгарна-сацыялагічная крытыка прадстаўнікі якой (Л. Бэндэ, А. Кучар, С. Васілёнак і інш.)[1] фактычна захапілі манаполію і выпрацоўвалі афіцыйную лінію палітычнай цэнзуры, а пасля забяспечвалі літаратурна-крытычнае абгрунтаванне рэпрэсій пісьменнікаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.