Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Альбрэхт VII Аўстрыйскі (ням.: Albrecht VII. von Österreich; 13 лістапада 1559, Вена — 13 ліпеня 1621[10], Брусель) — штатгальтар Іспанскіх Нідэрландаў з 1595 года і з 1598 года суправіцель Іспанскіх Нідэрландаў разам са сваёй жонкай Ізабелай Кларай Яўгеніяй, дачкой Філіпа II, на якой ён жаніўся 18 красавіка 1599 года.
Альбрэхт быў пятым сынам імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II. Ён быў адпраўлены да іспанскага двара ва ўзросце 11 гадоў, дзе яго дзядзька, кароль Іспаніі Філіп II, кіраваў яго адукацыяй. Альбрэхту прадказвалі царкоўную кар’еру. У 1577 годзе ва ўзросце 18 гадоў ён быў узведзены ў кардыналы. Філіп II планаваў прызначыць яго архібіскупам Таледа, але дзеючы архібіскуп Гаспар дэ Кірога пражыў даўжэй чаканага. Тым часам Альбрэхт займаў другарадныя пасады.
Пасля далучэння Партугаліі Альбрэхт стаў у 1583 годзе першым віцэ-каралём метраполіі і ўсіх заморскіх уладанняў. Ён быў таксама прызначаны папскім легатам і вялікім інквізітарам Партугаліі. У якасці віцэ-караля ён браў удзел у стварэнні Непераможнай армады ў 1588 годзе і быў разбіты англічанамі ў 1589 годзе пад Лісабонам. У 1593 годзе ён быў адкліканы Філіпам II да іспанскага двара, у Мадрыд, каб дапамагчы Філіпу ў вядзенні дзяржаўных спраў.
Пасля смерці эрцгерцага Эрнста ў 1595 годзе, Альбрэхт быў накіраваны ў Брусель, каб прыняць справы свайго памерлага брата. Ён прыбыў у Брусель 11 лютага 1596 года. Яго першай задачай было аднаўленне ваеннага панавання Іспаніі ў Ніжніх краінах. Іспанія сутыкнулася з аб’яднанымі сіламі Галандскай рэспублікі, Англіі і Францыі і цярпела паразу за паразай пачынаючы з 1590 года.
Альбрэхт VII — вядомы мецэнат, заступаўся за мастакоў залатога стагоддзя галандскага жывапісу, у прыватнасці Пітэра Паўля Рубенса.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.