Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Іван Мікалаевіч Лабойка (1786—1861) — рускі літаратар, беларускі філолаг, гісторык, педагог; заслужаны прафесар Віленскага ўніверсітэта.
Крыніцы паказваюць, што ён нарадзіўся ў сям’і чыноўніка Харкаўскай казённай палаты 21 ліпеня 1786 года (па старым стылі), аднак па падліках самога І. М. Лабойкі годам нараджэння мог быць 1788 год. Скончыў Слабодска-ўкраінскую гімназію і ў 1805 годзе стаў адным з першых студэнтаў новаадчыненага Харкаўскага ўніверсітэта. Быў адным з першых вучняў прафесара філасофіі І. Б. Шада .
Скончыўшы Імператарскі Харкаўскі ўніверсітэт (1808), быў прызначаны старэйшым настаўнікам у гімназію ў Ноўгарадзе-Северскім, дзе выкладаў логіку, псіхалогію і славеснасць; затым у 1811 годзе стаў настаўнікам нямецкай мовы ў старэйшых класах роднай Слабодска-ўкраінскай гімназіі. У 1812 годзе рэдагаваў інфармацыйна-бібліяграфічны часопіс «Харьковский еженедельник».
У жніўні 1815 года Лабойка атрымаў месца чыноўніка па асобых даручэннях у намесніка Царства Польскага В. С. Ланскога . У гэты час ён пад кіраўніцтвам польскага лексікографа С. Б. Ліндэ заняўся параўнальным вывучэннем славянскіх моў, аднак ужо ў пачатку 1816 года вымушана з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе быў прызначаны на службу ў Дэпартамент дзяржаўных маёмасцяў па лясным аддзяленні. Адначасова выкладаў у Ваенна-настаўніцкім інстытуце , перакладаў навучальныя кнігі ў камісіі, якая забяспечвала кнігамі школы ваенных паселішчаў.
У маі 1816 ён уступіў на правах супрацоўніка ў Вольнае таварыства аматараў расійскай славеснасці[2] і ў 1818 годзе ўжо рэдагаваў часопіс таварыства, а ў 1819 годзе выконваў абавязкі бібліятэкара таварыства. Меў зносіны з В. А. Жукоўскім, М. М. Карамзіным, Ф. М. Глінкам, М. Ф. Асталопавым .
У 1822—1832 гадах — прафесар Віленскага ўніверсітэта; у 1825—1827 гадах займаў пасаду дэкана філалагічнага аддзялення. У 1829 годзе ажаніўся з курляндскай дваранкай Генрыэтай фон Клонман.
З’ехаўшы ў Вільню (1821), працягваў падтрымліваць сувязі з маскоўскімі і пецярбургскімі літаратарамі і навукоўцамі, пераважна з дапамогай інтэнсіўнай перапіскі (у прыватнасці, з графам М. П. Румянцавым). У Віленскім універсітэце выкладаў рускую літаратуру, рускую і стараславянскую мовы. Прыцягнуў да вывучэння віленскіх архіваў беларусаў: уніяцкага святара Антонія Сасноўскага, прафесараў Ігната Даніловіча, Міхаіла Баброўскага і Іаахіма Лялевеля. Па ініцыятыве Лабойкі студэнт Сімонас Станявічус і праваслаўны святар Іван Грыгаровіч складалі слоўнікі беларускай мовы, апошні пісаў граматыку.
І. М. Лабойка зрабіў шэраг прапаноў па комплекснаму вывучэнню Беларусі і Літвы. Збіраў матэрыялы са старабеларускіх помнікаў пісьменнасці для складання слоўніка. Прапанаваў Румянцаўскаму гуртку свой праект «слоўніка незразумелых выразаў» «Беларускага архіва старажытных грамат» І. Грыгаровіча. Вывучаў беларускую мову і фальклор.
У 1825 годзе Лабойка быў абраны членам «Таварыства паўночных старажытнасцяў» у Капенгагене і «Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх » у Маскве; у 1839 годзе — членам «Курляндскага таварыства славеснасці і мастацтваў».
Стараннямі Лабойкі ў Вільні выдадзена аб’ёмістая анталогія перакладаў псалмоў і вершаваных твораў рэлігійнай тэматыкі 22 рускіх паэтаў «Збор расійскіх вершаў на карысць юнацтва, якое выхоўваецца ў навучальнай акрузе Імператарскага Віленскага ўніверсітэта» (1827).
У Вільні жыў і пасля ліквідацыі Віленскага ўніверсітэта (1832). У 1833—1840 гадах быў прафесарам Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі (быў таксама ў ёй членам праўлення); таксама да 1842 года быў прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, створанай на аснове ўніверсітэцкіх факультэтаў. Па даручэнні М. А. Далгарукава , дадзеным у 1833 годзе, ён падрыхтаваў даследаванне «Вільня, сталіца Заходняй Расіі і Кіеўскай мітраполіі», апублікаванае са скарачэннямі: Исторические воспоминания // Виленские губернские ведомости. — 1838. — № 5—11, 13—16. Да 1836 года ім былі апісаны рукапісы з бібліятэкі закрытага Віленскага ўніверсітэта (іх было 132), каталог разам з рукапісамі быў перададзены ў Імператарскую публічную бібліятэку ў Санкт-Пецярбургу.
У 1840—1841 гадах Лабойка падарожнічаў па Германіі і Швейцарыі. У 1842 годзе прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе спрабаваў паступіць на службу ў аддзяленне рукапісаў і старадрукаваных славянскіх кніг Імператарскай публічнай бібліятэкі; аднак на вакантнае месца ўзялі маладога археографа А. Ф. Бычкова . У 1843 годзе пачаў пісаць успаміны. З 1844 года жыў у Харкаве, з 1845 — у Адэсе, быў супрацоўнікам «Адэскага Весніка ». Падарожнічаў па Крыме (1847) і Заходняй Еўропе (1852). Увосень 1856 года вярнуўся да напісання мемуараў, якія засталіся незавершанымі і надрукаваныя толькі ў 2013 годзе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.