![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/54/Bundesarchiv_Bild_102-13319%252C_Berlin%252C_NS-Zeitung_%2522Der_Angriff%2522.jpg/640px-Bundesarchiv_Bild_102-13319%252C_Berlin%252C_NS-Zeitung_%2522Der_Angriff%2522.jpg&w=640&q=50)
Der Angriff
From Wikipedia, the free encyclopedia
Der Angriff (вымаўляецца: Дэр ангрыф, даслоўна — Атака) — антысеміцкая і антыкамуністычная газета, якая выдавалася ў нацысцкай Германіі ў Берліне мясцовым гаў НСДАП.
Der Angriff | |
---|---|
Арыгінальная назва |
ням.: Der Angriff |
Тып | газета |
Заснавальнік | Паўль Ёзэф Гебельс |
Уладальнік | Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя |
Краіна | |
Заснавана | 7 красавіка 1927 |
Спыненне публікацый | 24 красавіка 1945 |
Мова | нямецкая |
Кошт | 0,1 Рэйхсмарка |
![]() |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/fe/Der_Angriff_head.jpg/640px-Der_Angriff_head.jpg)
Газета была створана гаўляйтарам Берліна Ёзэфам Гебельсам. Першы нумар выйшаў 4 ліпеня 1927 года. Газета выдавалася галоўным чынам на грошы з партыйнай казны НСДАП. Спачатку галоўная яе праблема заключалася ў недахопе грошай, так што Гебельсу прыйшлося ўнесці ў новае прадпрыемства 2000 марак са сваіх асабістых сродкаў. Першым галоўным рэдактарам газеты быў Вілі Краўзэ (друкаваўся пад псеўданімам Пітэр Хаген), яго пераемнікам стаў Юліус Ліпперт, а з 1935 года газету ўзначальваў Ханс Шварц ван Верк, сябар выдаўца Гебельса.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/54/Bundesarchiv_Bild_102-13319%2C_Berlin%2C_NS-Zeitung_%22Der_Angriff%22.jpg/640px-Bundesarchiv_Bild_102-13319%2C_Berlin%2C_NS-Zeitung_%22Der_Angriff%22.jpg)
Новая газета была задумана як «выданне на ўсе густы» і мела на першай старонцы дэвіз: «Няхай жывуць прыгнечаныя, далоў эксплуататараў!» Галоўным жаданнем Гебельса было прыцягненне масавага чытача, і дзеля гэтага ён імкнуўся пісаць у папулярнай манеры, адмовіўшыся ад усякай аб’ектыўнасці. Ён быў перакананы ў непатрабавальнасці масавай свядомасці і ў прыхільнасці мас да простых аднабаковых рашэнняў.
Першапачаткова газета выходзіла па панядзелках, затым стала друкавацца 2 разы на тыдзень, а з лістапада 1940 года стала штодзённай. У газеце друкаваліся нацысцкія заклікі супраць Веймарскай рэспублікі, антысеміцкая і антыкамуністычная прапаганда. Падзагалоўкам газеты было «Далоў прыгнятальнікаў!». У адрозненне ад афіцыйнай партыйнай газеты «Völkischer Beobachter», «Der Angriff» была асабістым рупарам Гебельса і служыла, галоўным чынам, для выражэння яго поглядаў. Свае палемічныя і скандальныя артыкулы ён заўсёды пісаў на першай паласе, падпісваючы іх «Dr. G». Адной з любімых мішэняў для нападаў газеты быў Бернхард Вайс, намеснік кіраўніка Берлінскай паліцыі, яўрэй па нацыянальнасці. За гэтыя выпады ў лістападзе 1931 года выпуск газеты быў часова спынены кіраўніком паліцыі Берліна.
У 1927 годзе тыраж газеты быў каля 2000 асобнікаў, у 1936 годзе ён вырас да 150 000, а ў 1940-м — да 306 000.
Пасля прыходу да ўлады нацыстаў у 1933 годзе ўплыў газеты некалькі паменшыўся. Пасля пачатку бамбардзіровак Берліна ў 1944 года тыраж газеты, якая спрабавала падняць маральны дух берлінцаў, вырас. Газета працягвала выходзіць да 1945 года, яе выпуск быў спынены толькі 24 красавіка 1945 года, незадоўга да капітуляцыі Германіі.