Зубр еўрапе́йскі (Bison bonasus) — еўрапейскі від з роду бізонаў (Bison) атраду Парнакапытныя (Artiodactyla), рэдкая жывёла, якая знаходзіцца ў стане аднаўлення папуляцыі. Апошні прадстаўнік дзікіх быкоў у Еўропе[1]. У раннім Сярэднявеччы зубры яшчэ сустракаліся ў некранутых лясах Заходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Іх асяроддзе пражывання — лісцевыя, хвойныя і мяшаныя лясы ва ўмеранай паласе. У адпаведнасці з такім асяроддзем, зубр, як стадная жывёла, сустракаецца толькі ў малых групах. Тыповы статак налічвае ад 12 да 20 жывёл і складаецца з кароў і маладняку. Палаваспелыя быкі знаходзяцца ў статках толькі падчас цечкі ў самак. Найбліжэйшым сваяком зубра з’яўляецца амерыканскі бізон (Bison bison). Гэтыя два віды генетычна сумяшчальныя і могуць скрыжоўвацца без абмежаванняў.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Папуляцыя зубра ў Еўропе складалася з двух падвідаў: горных зуброў (Bison bonasus caucasicus) і раўнінных (Bison bonasus bonasus). Горныя зубры вымерлі і існуюць сёння выключна як змешаны від (гібрыд) з раўнінным зубрам (раўнінна-каўказская лінія). Гэта лінія ўзыходзіць толькі да аднаго горнага зубра, т. зв. «каўказскага», апошняга чыстакроўнага прадстаўніка гэтага падвіда. Такім чынам, у пародзе зуброў выдзяляецца дзве лініі: раўнінная (Bison bonasus bonasus) і раўнінна-каўказская — скрыжаванне раўнінных і горных зуброў. Кожная пародзістая жывёліна знаходзіцца на ўліку ў адмысловай кнізе, якая вядзецца ў Белавежскім нацыянальным парку.
У 1920-х гг. зубр быў пад пагрозай знікнення. Апошняга дзікага зубра застрэлілі на Каўказе ў 1927 г. Усе сённяшнія зубры паходзяць усяго ад дванаццаці асобін, захаваных у заапарках і запаведніках[2]. Нізкая генетычная зменлівасць з’яўляецца адною з галоўных пагроз для доўгатэрміновага захавання віду[3].
Дзякуючы намаганням па захаванні віду з боку заапаркаў і прыватных асоб, у 1952 г. стала магчымым ізноў пасяліць першыя свабодныя статкі зуброў у раёне сённяшняга Белавежскага нацыянальнага парку на беларуска-польскай мяжы. У 2004 г. існавала 31 свабодная папуляцыя з агульнай колькасцю 1955 зуброў. Гэта складае каля 60 % сусветнага пагалоўя[4].