BMW 320 — аўтамабіль сярэдняга класа нямецкай кампаніі BMW, які выпускаўся з ліпеня 1937 да снежня 1938 года і прыйшоў на замену мадэлі BMW 329. Яго выраблялі на на заводзе ў Айзенаху.
Мадэль пабудавалі на скарочаным шасі мадэлі BMW 326 і запазычаным з мадэлі 329 6-цыліндравым верхнеклапаным радным рухавіком з двума карбюратарамі аб’ёмам 1911 см³, магутнасцю 45 к. с. (33 кВт) пры 3750 аб/хв. Пасля выпуску 640 машын вырашылі выкарыстаць матор з мадэлі 326 аб’ёмам 1971 см³ магутнасцю 45 к. с. з адным карбюратарам Solex 30 BFLVS. Таксама з 326 была запазычана 4-ступеньчатая каробка перадач. Аўтамабіль разганяўся 0-100 км/г за 35,5 сек і максімальная хуткасць складала 115 км/г. Хадавая частка адпавядала мадэлям 319/329. Гідраўлічныя тормазы мелі прывад на ўсе колы. Як і ў машын вышэйшага класа, мадэль 320 атрымала суцэльнаметалічны кузаў, які вырабляла берлінская фабрыка Ambi-Budd. Вонкава яна некалькі нагадвала мадэль 326, але атрымала толькі двухдзверныя кузавы. BMW 320 выпускалі з кузавамі седан за 4 500 марак (2 416 машын), 4-месны кабрыялет за 5 250 марак (1 635 машын) і 189 шасі. Кабрыялет з кузавам фабрыкі Ройтэр каштаваў 5 975 марак. Усяго было выраблена 4 240 машын дадзенай мадэлі, якую ў 1939 годзе замяніла мадэль BMW 321.