(1883—1934), беларускі літаратуразнавец, перакладчык. From Wikipedia, the free encyclopedia
Яўге́н Іва́навіч Барычэ́ўскі (17 (29) снежня 1883, Мінск — 12 верасня 1934, Менск; Крыптанім: Е. Б.) — беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Прафесар (1928)[1].
Яўген Іванавіч Барычэўскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 17 (29) снежня 1883 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 верасня 1934 (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, перакладчык, выкладчык універсітэта, літаратар |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У часы беларусізацыі пісаўся як Аўген Барычэўскі.
Ахрышчаны праз два тыдні па нараджэнні па праваслаўным абрадзе ў мінскім кафедральным саборы, хросным бацькам быў мінскі гарадскі галава (1880—1889) Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (1838—1889)[2].
Скончыў Мінскую класічную гімназію (чэрвень 1902[2]). Вучыўся добра, пяцёрак і чацвёрак прыкладна пароўну, але былі тройкі па старажытных мовах і не ўзорныя паводзіны[2]. Паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, два семестры вучыўся на філасофскім факультэце. У 1904 годзе перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1910 годзе[1] і 12 студзеня 1911 года атрымаў дыплом 1-й ступені[2]. Атрымаў залаты медаль за выпускную працу «Рэалізм Гартмана».
У 1912—1913 гадах быў у Італіі. Вярнуўся ў Маскву, пачаў выкладаць рускую літаратуру ў прыватных жаночых гімназіях Патоцкай і Івановай. Таксама займаўся перакладамі і літаратурнай крытыкай, публікаваў артыкулы і даследаванні ў маскоўскіх часопісах і газетах, удзельнічаў у семінарах па пушкіністыцы, быў прыняты ў маскоўскіх літаратурных колах. Сярод знаёмых таго часу Хадасевіч, Брусаў і Пастэрнак (знаёмы яшчэ па ўніверсітэцкім філасофскім гуртку). Жыў з жонкай і маці па Казіхінскім завулку (№ 30), кабінет Барычэўскага быў у навіслай над завулкам шасціграннай вежы.[2]
Пасля рэвалюцыі працаваў у Наркамасветы[2], восенню 1918 года прызначаны навуковым сакратаром Музейнага аддзела. Удзельнічаў у працы створанага пры наркамаце Інстытута мастацкай культуры разам з Кандзінскім, Родчанкам і Сінезубавым[2]. На пачатку 1922 года запрошаны на працу ў БДУ[1] і пераехаў з Масквы ў Мінск[2].
Працаваў у БДУ[2], Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924—1927), Інбелкульце[2], затым Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР[2] (1927—1933). Прафесар (1928). На пачатку 1930-х гадоў працаваў на кафедры літаратуры Вышэйшага педагагічнага інстытута[2].
На пачатку 1930-х гадоў, калі ў БССР пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, Барычэўскаму ставілі ў віну і «ідэалістычны» падыход да выкладанне[2], і сацыяльнае паходжанне («сын пана»)[2], і «нацдэмаўшчыну». Акалічнасці смерці не ясныя, паводле адных крыніц рэпрэсаваны, паводле іншых не быў арыштаваны[2], памёр 12 верасня 1934 года ад раку[3].
Пахаваны на Вайсковых могілках, месца магілы не вядома.
У студэнцкія гады, разам з Барысам Фохтам працаваў над перакладам брашуры Бродэра Хрысціянсена «Психология и теория познания» (Масква, 1907).[2]
У 1922 годзе па матэрыялах сваёй дзейнасці ў Наркамасвеце і Інстытуце мастацкай культуры выдаў у Маскве хрэстаматыю «Мир искусств в образах поэзии: Архитектура, скульптура, живопись, танец, музыка».[2]
У Мінску займаўся ў асноўным літаратуразнаўствам. У 1923 годзе апублікаваў эсэ «О природе эстетического суждения»[2]. У 1927 годзе выйшла дзве працы «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санету»[2], якія найбольш глыбока ў тагачасным беларускім літаратуразнаўстве тлумачылі прыроду мастацтва ў яго сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі з’явамі[1]. У заключным раздзеле «Тэорыі санету», прысвечаным беларускаму санету, адзначаў, што строгія страфічныя формы ўпершыню з’явіліся ў Максіма Багдановіча[2]. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання 2-томнага збору твораў Багдановіча (1927—1928)[2].
Не забываўся і на нямецкую тэматыку, у 1925 годзе ў «Полымі» выйшаў вялікі артыкул Барычэўскага «Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны»[2].
Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага універсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Трыбуна мастацтва». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929—1930).
Бацька — Іван Казіміравіч Барычэўскі (1848—пасля 1919), скончыў павятовае дваранскае вучылішча ў Рагачове (1868), служыў у Мінскай судовай палаце, з 1883 — натарыусам у акруговым судзе. Маці — Соф’я Аляксандраўна Фохт, дачка аптэкара, лютэранскага веравызнання, імаверна, з таго самага роду, што і маскоўскія Фохты і была родзічкай Барыса Фохта , вядомага расійскага філосафа. Напэўна гэтым тлумачыцца супрацоўніцтва Яўгена Барычэўсага з Фохтам і пазнейшая цікаўнасць да неакантыянства.[2]
Сям’я жыла ва ўласным доме па Мала-Манастырскім завулку ў Мінску.[2]
Сын Расціслаў (нар. 1915), падчас акупацыі ўдзельнік мінскага падполля, пасля вайны працаваў у Геафізічнай абсерваторыі імя Ваейкава ў Ленінградзе. Дачка Еўніка (нар. 1923), жыла ў Мінску, аўтарка кніг для дзяцей і юнакоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.