From Wikipedia, the free encyclopedia
Усходнія вобласці Германскай імперыі (ням.: Ostgebiete des Deutschen Reiches) — тэрмін, які абазначае тэрыторыі, што размешчаны на ўсход ад лініі Одэр/Найсэ, належалі Германіі станам на 31 снежня 1937 года і пасля Другой сусветнай вайны былі фактычна адчужаныя на карысць Польшчы і Савецкага Саюза[1]. Калі ў ГДР перадача даных тэрыторый Польшчы і СССР была прызнана ўжо ў 1950 годзе, то ў ФРГ гэты факт не прызнаваўся і для абазначэння дадзеных тэрыторый ужываўся тэрмін «усходнія вобласці Германіі, якія знаходзяцца пад чужаземным кіраваннем»[2] (ням.: deutsche Ostgebiete unter fremder Verwaltung). Афіцыйна Германія прызнала страту гэтых тэрыторый толькі ў 1990 годзе ў выніку падпісання дагавора аб канчатковым урэгуляванні ў дачыненні да Германіі. У сучасным кантэксце для абазначэння тэрыторый на ўсход ад Одэр/Найсэ таксама ўжываецца выраз «былыя ўсходнія вобласці Германіі» (ням.: ehemalige deutsche Ostgebiete). У Польшчы тэрыторыі, якія адышлі да яе ад Германіі пасля вайны, атрымалі назву «вернутых зямель».
Пагадненне чатырох дзяржаў-пераможцаў ад 5 чэрвеня 1945 года вярнула граніцы Германіі да стану, які існаваў на 31 снежня 1937 года, гэта значыць вярнула граніцы Германіі да граніц Веймарскай рэспублікі. Пры гэтым уся тэрыторыя была падзелена на зоны акупацыі — амерыканскую, брытанскую і французскую (заходняя і паўднёвая частка) і савецкую (цэнтральная і ўсходняя часткі).
У выніку пагадненняў, прынятых на Патсдамскай канферэнцыі (17 лютага — 2 жніўня 1945) тэрыторыі, размешчаныя на ўсход ад лініі Одэр/Найсэ былі «да канчатковага ўрэгулявання заходніх граніц Польшчы» часова перададзены пад польскае і савецкае кіраванне[1][3].
Аднак ужо ў 1945 годзе паўночная частка Усходняй Прусіі агульнай плошчай 13,2 тысяч км2 была ў аднабаковым парадку далучана Савецкім Саюзам у якасці Калінінградскай вобласці. Астатнія часткі ўсходняй Германіі заставаліся пад польскім кіраваннем. У канцы 1945 года пад польскае кіраванне дадаткова былі перададзены таксама гарады Штэтын і Свінемюндэ. Такім чынам, пад польскім кіраваннем знаходзілася тэрыторыя агульнай плошчай 114 тысяч км². Тэрыторыя вольнага горада Данцыг (1966 км²) не ўваходзіць у гэты лік, таму што Данцыг не належаў Германіі станам на 31 снежня 1937 года[3]. Названая плошча складала адну чвэрць ад агульнай плошчы Германіі.
Пасля перадачы ўсходніх тэрыторый пад польскае і савецкае кіраванне з іх было дэпартавана нямецкае насельніцтва — з паўночнай часткі Усходняй Прусіі амаль цалкам, а з тэрыторый, размешчаных пад польскім кіраваннем — па большай частцы[1]. Агулам з гэтых тэрыторый было выгнана каля 8,8 мільёнаў немцаў, якіх замянілі каля 7,7 мільёнамі палякаў[4].
Да ўсходніх абласцей Германскай імперыі адносяць такія гістарычныя вобласці Германіі, як Задняя Памеранія , Сілезія, Усходняя і Заходняя Прусія, а таксама Ноймарк[5][6].
У адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане сюды адносяцца наступныя тэрыторыі:
Страчаныя тэрыторыі | Плошча |
---|---|
пруская правінцыя Усходняя Прусія | 36.966 км² |
прускія правінцыя Верхняя Сілезія і асноўная частка правінцыі Ніжняя Сілезія | 34.529 км² |
усходняя частка прускай правінцыі Памеранія | 31.301 км² |
асноўная частка адміністрацыйнай акругі Франкфурт прускай правінцыі Брандэнбург | 11.329 км² |
невялікая частка дзяржавы Саксонія (горад Райхенау з наваколлямі) | 142 км² |
На адчужаных ад Германіі тэрыторыях размяшчаліся такія буйныя гарады Германіі як Брэслау, Кёнігсберг, Штэтын, Гіндэнбург і Гляйвіц.
У шырэйшым сэнсе да «ўсходніх абласцей Германіі» часам адносяць таксама і землі, страчаныя Германіяй у 1919 годзе ў выніку Версальскага дагавора: Вялікая Польшча (правінцыя Позен) і Заходняя Прусія, Вольны горад Данцыг, Усходняя Верхняя Сілезія і Мемельланд.
Германская Дэмакратычная Рэспубліка, абвешчаная на савецкай зоне акупацыі, прызнала перадачу ўсходніх абласцей Польшчы і Савецкаму Саюзу ў 1950 годзе, падпісаўшы Згажэлецкі дагавор. У той жа час Федэратыўная Рэспубліка Германіі адмаўлялася прызнаваць гэты факт, сцвярджаючы, што рашэнне аб дзяржаўнай прыналежнасці гэтых тэрыторый мусіць быць прынята ў час падпісання мірнага дагавора. Нават пасля падпісання Варшаўскага і Маскоўскага дагавораў у 1970 годзе, якія ўсталёўвалі заходнія граніцы Польшчы, ФРГ афіцыйна не змяніла сваёй пазіцыі па гэтым пытанні. Толькі ў дагаворы аб канчатковым урэгуляванні ў дачыненні да Германіі ад 12 лістапада 1990 года Германія канчаткова адмовілася ад усякіх прэтэнзій на былыя ўсходнія вобласці[1].
Асобы, народжаныя да 2 жніўня 1945 года (Патсдамская канферэнцыя) на тэрыторыях, якія размешчаны на ўсход ад Одэра/Найсэ і належалі Германіі ў граніцах 1937 года, паводле заканадаўства ФРГ не лічацца народжанымі за мяжой[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.