Удзельнік:Plaga med/Пружанскае гета
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пружа́нскае ге́та (ням.: Ghetto Prużana/Pruschana[1]) — жыдоўскае гета ў Пружанах, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі. Існавала ў 1941—1943 роках, займала тэрыторыю ў цэнтры Пружанаў. Сюды былі зьвезеныя жыды з вакольных мястэчак: Белавежы, Блудзеню, Бярозы, Гайнаўкі, Заблудаву, Івацэвічаў, Камянцу, Малечу, Новага Двару, Ружанаў, Слоніму, Стоўпцаў, Шарашову, — а таксама дэпартаваныя 4,5 тыс. габрэяў зь Беластоку[2]. Насельніцтва гета паводле розных ацэнак складала ад 10[3] да 12[4] тыс. чалавек.
Кіраваў парадкам у гета юдэнрат[ru] з 24 чалавек на чале з Іцхакам Яновічам, Зэевам Шрайбманам ды Эліезэрам Шэінам. Дзейнічала ўласная паліцыя, суд, шпіталь, дзіцячы садок. Насельнікі гета працавалі на прымусовых працах па-за тэрыторыяй гета: на аэрадроме, фэрмах, на дарожных працах, уборцы сьнегу, здабычы торфу, дзядоўніка, карчаваньні пнёў. На тэрыторыі гета знаходзілася пажарная станцыя, якая абслугоўвала ўсё места. Такім чынам магчыма было здабываць дадатковае харчаваньне для дзяцей і хворых.
Пружанскае гета было зьнішчанае пасьля выяўленьня ў ім партызанаў-падпольнікаў. Большасьць ягоных вязьняў былі вывезеныя чатырма цягнікамі ў канцлягер Аўшвіц[5][6][7], частка расстраляная ў Слабудцы, частка — на Броннай гары[8]. Ацалелыя пасьля ліквідацыі (уцекачы ў пружанскія лясы або выратаваныя войскамі саюзьнікаў) — некалькі сотняў чалавек — эмігравалі ў Аргентыну, ЗША, Ізраіль, Кубу.