Сельская гаспадарка Бразіліі
From Wikipedia, the free encyclopedia
На працягу ўсёй гісторыі Бразіліі сельская гаспадарка гуляла вялікую ролю ў эканоміцы краіны. Сёння аграрны сектар застаецца найважнейшай галіной гаспадаркі, складаючы 6,6 % ВУП і даючы (разам з харчовай прамысловасцю) амаль палову кошту экспарту тавараў. На працягу апошніх 150 гадоў краіна з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кавы. Сённяшняя Бразілія — сустветны лідар па вытворчасці цукру і вырошчванні апельсінаў, пагалоўю буйной рагатай жывёлы. Таксама Бразілія ўваходзіць у лік буйнейшых вытворцаў кукурузы, бананаў, соі, касавы, бразільскага арэха, сізаля і папаі. Найлепшым узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі адрозніваюцца паўднёвы і паўднёва-ўсходні раёны. Паўночны і цэнтральна-заходні раёны слаба асвоеныя, паўночна-ўсходні пакутуе ад працяглых засух. Сельскагаспадарчае асваенне тэрыторыі выклікае абязлесенне, у першую чаргу, у Амазоніі, дзе вялізарныя плошчы экватарыяльнага лесу расчышчаюцца агнём пад патрэбы жывёлагадоўлі. Урад Лулы да Сілвы спыніў стымуляванне фермераў-мігрантаў і пастрожыў адказнасць за нанясенне шкоды лясам.