Самалёт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Самалё́т, або аэрапла́н, бел. дыял. лята́к[1] — аэрадынамічны лятальны апарат для палётаў у атмасферы з дапамогай рухавіка і нерухомых крылаў (крыла). Самалёт здольны рухацца з высокай хуткасцю, выкарыстоўваючы пад'ёмную сілу крыла для падтрымання сябе ў паветры. Нерухомае крыло адрознівае самалёт ад махалёта, а наяўнасць рухавіка — ад планёра.
У адносінах да сучасных і перспектыўных распрацовак у авіяцыйнай тэхніцы (інтэгральныя і гіпергукавыя аэрадынамічныя кампанаванні, выкарыстанне зменнага вектару цягі і інш.) тэрмін «самалёт» патрабуе ўдакладнення:
Самалёт — лятальны апарат, шчыльнейшы за паветра, для палётаў у атмасферы (і касмічнай прасторы (напр. Арбітальны самалёт)), што выкарыстоўвае аэрадынамічную пад'ёмную сілу планёра для ўтрымання сябе ў паветры (падчас палёту ў межах атмасферы) і цягу сілавой (рухальнай) устаноўкі для манеўравання і кампенсавання страт поўнай механічнай энергіі на лабавое супраціўленне.