Сакэ
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сакэ (яп. 酒 сакэ) — адзін з традыцыйных японскіх алкагольных напояў, які вырабляюць ферментацыяй рысу. У Японіі называецца словам ніхонсю (яп. 日本酒), ва ўжытку словамі сакэ (яп. 酒) ці о-сакэ (яп. お酒) называюць кожны гатунак алкагольных напояў, у такой форме слова і ўвайшло ў іншыя мовы.
Сакэ — нацыянальны японскі алкагольны напой, смак якога можа ўтрымліваць херасныя і прыемна-гаркаватыя тоны, ноткі вінаграду, яблыкаў і бананаў. У лепшых гатунках сакэ прысутнічае смак выспелага сыру, соевага соўса і свежых грыбоў. Колер — ад празрыстага да зеленавата-лімоннага і жаўтавата-бурштынавага.
Сакэ часцей за ўсё называюць рысавай гарэлкай, што прынцыпова няслушна і паходзіць са сцвярджэння, што пры вытворчасці гэтага напою ўжываецца перагонка (дыстыляцыя). Насамрэч за дыстыляцыю памылкова прымаюць звычайную для традыцыйнай тэхналогіі сакэ пастэрызацыю.
Сакэ называюць таксама рысавым віном, што таксама памылкова, бо яго тэхналогія ўключае грыбковую ферментацыю (не блытаць з браджэннем) і фармаванне затору з рысавага соладу, прапаранага рысу і вады.