![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/06/French_gunner_15th_century_%25C2%25B7_HHWXI264.svg/langbe-640px-French_gunner_15th_century_%25C2%25B7_HHWXI264.svg.png&w=640&q=50)
Ручніца
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ручні́ца: ранняя еўрапейская ручная гладкаствольная агнястрэльная зброя. Тып з'явіўся ў 2-й пал. 14 ст. і меў жалезна-каваны, пазней бронзава-літы ствол калібру 12,5 – 25 мм, прымацаваны да драўлянай ложы[1]. У пач. 16 ст. тып быў выцеснены мушкетамі.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/82/Chinese_Hand_Cannon_with_Pellets.jpg/320px-Chinese_Hand_Cannon_with_Pellets.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/06/French_gunner_15th_century_%C2%B7_HHWXI264.svg/320px-French_gunner_15th_century_%C2%B7_HHWXI264.svg.png)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/26/HandBombardWesternEurope1390-1400.jpg/640px-HandBombardWesternEurope1390-1400.jpg)
Такая зброя называлася разнастайнымі назвамі ў розных краінах — пішчаль і ручніца на землях Русі (таксама гакаўніца, калі з крукам-гакам), ручная бамбарда (bombarde portative) ці куляўрына (coulevrine) ў Францыі, Італіі, ручная гармата (handgonne) ў Англіі.
Маса да 8 кг, прыцэльная дальнасць стральбы да 150 м[2]. Французскія куляўрыны 14 – 16 ст. мелі даўжыню 1,2 – 2,4 м, важылі 5 – 28 кг.[3] Ручніцы гусітаў 15 ст. мелі кароткі жалезна-каваны васьмікантовы ствол калібру 26-33 мм на прымітыўнай ложы; г.зв. табарыцкія ручніцы мелі калібр 15 мм, а іх ствол і ложа былі ўжо ўзаемапрыстасаваныя[4].
З'яўленне «ручных бамбард» у 2-й пал. 14 ст. запісанае, напрыклад, у гарадской хроніцы Перуджыі, дзе гарадскія ўлады замовілі «50 бамбардаў даўжынёй з далонь (г.зн., 22 – 24 см), якія прабіваюць усякі даспех». У хроніках раннія выпадкі баявога выкарыстання такой зброі зафіксаваныя, напрыклад, Жанам Фруасадам у паведамленні пра бітву пад Комін (1382). Вядомая фрэска 1343 года ў манастыры Паола-дзі-Неры ў Лечэта каля Сіены, дзе абложнікі абстрэльваюць горад з прымітыўных ручніц.
З цягам часу ручніцы сталіся важкім баявым фактарам, напрыклад, гусіцкіх войнаў і Стагадовай вайны; паведамляецца, што ў 1450 годзе французскія кулеўрынеры былі рэальнай пагрозай для англійскіх лучнікаў. У 1430 годзе Піероні Белі апісваў дзеянне куляў, якія «валяць двух і нават трох людзей, не абароненых даспехам». З'явіліся і майстры стральбы, такія, як нейкі мэтр Жан з Латарынгіі, які падстрэліў шмат англійцаў у час аблогі Руана (1428)[5].
Сярод ранейшых ацалелых узораў — бронзавы ствол даўжынёй 281 мм з руінаў замку Таненберг (разбуранага ў 1399)[4], гакаўніца з Ведэльспанг (1400), якая, магчыма, паходзіла з Даніі ці Германіі і захоўвалася ў Тойхусмузеет (Капенгаген).