Ружанскі палац
былы палац у Ружанах, Беларусь From Wikipedia, the free encyclopedia
былы палац у Ружанах, Беларусь From Wikipedia, the free encyclopedia
Ружа́нскі пала́ц — з'яўляецца адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII—XVIII стст., уласнасць i рэзідэнцыя князёў Сапегаў. Пабудаваны ў 1784—1786 гг. ў пераходным стылі ад барока да класіцызму архітэктарам Я. С. Бекерам на аснове муроў папярэдняга палаца пачатку XVII ст. Зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны.
Палац | |
Ружанскі палац | |
---|---|
| |
52°51′37,85″ пн. ш. 24°53′44,93″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Ружаны |
Тып будынка | палац |
Архітэктурны стыль | барока, класіцызм |
Архітэктар | Я. С. Бекер |
Дата заснавання | 1786 |
Будаўніцтва | 1784—1786 гады |
Стан | руіны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першапачаткова палац меў абарончы характар — двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на другім — бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне.
У 1784—1788 гг. прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Дзве вежы старажытнага палаца былі разабраны, а заходняя ўключана ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па вуглах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.
Я. Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 г. парк фактычна перастаў існаваць.
Войны з Расіяй, Швецыяй моцна пашкодзілі палацу, аднак багатыя спадчыннікі за некалькі дзесяцігоддзяў 18 стагоддзя абнавілі палац. У 1784 годзе канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Сапега ўжо прымаў у ім прыбылага на Гродзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак у 1786 годзе па іроніі лёсу манументальны палацавы ансамбль пераабсталюецца пад суконную фабрыку. Аляксандр Сапега пад уплывам факту падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду яўрэйскаму прадпрымальніку Пінасу. Праз 30 гадоў мануфактура прыйшла ў заняпад.
Палацавы комплекс згарэў у 1914 годзе, часткова рэстаўраваны ў 1930 г., у 1944 г. разбураны канчаткова. Захаваліся толькі астаткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная арка і флігелі па яе баках.
Праект тыльнага фасаду | Праект галоўнага фасаду | Праект брамы і флігеляў |
Падчас Першай сусветнай вайны (1914) па недаглядзе фабрычных прачак у палацы адбыўся наймацнейшы пажар, частка сцен абрынулася. У міжваенны перыяд прадпрымаліся спробы аднаўлення, аднак з прычыны разбурэнняў у час Другой сусветнай вайны палац канчаткова ператварыўся ў разваліны.
Пасля Вялікай Айчыннай Вайны стан Ружанскага палаца доўгі час заставаўся гнятліва безнадзейным. Палац не аднаўляўся. Рэшткі палацавых сцен руйнаваліся, часткова былі разабраны мясцовымі жыхарамі на цэглу для аднаўлення гаспадарак у пасляваенны перыяд.
Улетку 2008 года на тэрыторыі палацавага комплексу былі пачаты раскопкі і рэстаўрацыя. Аднаўленне палацавага ансамбля пачалося з брамы і бакавых флігеляў, якія прылягаюць да яе. Паводле праграмы на палац штогод будзе выдзяляцца больш за мільярд рублёў.
За пяць гадоў адрэстаўраваны заходні і ўсходні флігелі, плануецца ўзнаўленне паўднёвага корпуса палаца, дзе знаходзіліся тэатр і манеж[1]. Тут размесцяцца гатэль і тэатр. Рэшткі збудаванняў будуць закансерваваныя[2].
Рэстаўратары імкнуцца выкарыстоўваць максімальна набліжаныя да аўтэнтычных матэрыялы (псеўдааўтэнтычная цагліна, дахоўка індывідуальнай вытворчасці)[3].
У пачатку 2012 года на ўезнай браме пастаўлена скульптура Святой Ганны, якая была знішчана на мяжы XIX-XX стагоддзяў[4].
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года №437 Ружанскі палац быў уключаны ў лік 27 аб'ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[5].
Панарамны від на палацавы комплекс | Цяперашні стан палаца | Сцены палаца | Пачатак рэстаўрацыі брамы палаца |
У адрэстаўраваным усходнім флігелі адчынены музей, прысвечаны гісторыі роду Сапегаў. У другім крыле выстаўлена экспазіцыя з мясцовых археалагічных знаходак і старажытнай зброі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.