![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f6/MBq_cystic-carcinoma-pancreas.jpg/640px-MBq_cystic-carcinoma-pancreas.jpg&w=640&q=50)
Рак падстраўнікавай залозы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рак падстраўнікавай залозы (РПЗ) з’яўляецца, калі клеткі ў падстраўнікавай залозе (падстраўніцы), жалезістым органе за страўнікам, пачынаюць безкантрольна памнажацца і ўтвараюць масу. Гэтыя ракавыя клеткі здольныя распаўсюджвацца ў іншыя органы цела[2]. Існуе шэраг відаў РПЗ. Найбольш распаўсюджаны — адэнакарцынома падстраўнікавай залозы, ён складае каля 90 % выпадкаў[3]. Панятак «рак падстраўнікавай залозы» часам выкарыстоўваецца для абазначэння толькі гэтага тыпу[4]. Гэтыя адэнакарцыномы з’яўляюцца ў той частцы падстраўнікавай залозы, якая вырабляе стрававальныя ферменты[4]. Некалькі іншых відаў рака, якія ў сукупнасці ўяўляюць большасць не-аденакарцыном, таксама могуць пачынацца з тых самых клетак[4]. Адзін ці два адсоткі выпадкаў РПЗ складаюць нейраэндакрынныя пухліны, якія ўзнікаюць з клетак, якія выпрацоўваюць гармоны падстраўнікавай залозы[4]. Звычайна яны менш агрэсіўныя, чым адэнакарцынома падстраўнікавай залозы[4].
Рак падстраўнікавай залозы | |
---|---|
![]() | |
МКБ-10-КМ | C25.0, C25.1 і C25.2 |
МКБ-9-КМ | 157.1[1], 157.8[1], 157.0[1] і 157.2[1] |
OMIM | 260350 |
DiseasesDB | 9510 |
MedlinePlus | 000236 |
![]() |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/4f/%D0%9F%D0%B0%D0%B4%D1%81%D1%82%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%8F_%D0%B7%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B7%D1%8B_%28%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D1%81%D1%82%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D1%86%D0%B0%29_%D1%87%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D0%BA%D0%B0.png/640px-%D0%9F%D0%B0%D0%B4%D1%81%D1%82%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%8F_%D0%B7%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B7%D1%8B_%28%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D1%81%D1%82%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D1%86%D0%B0%29_%D1%87%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D0%BA%D0%B0.png)
Прыкметамі і сімптомамі найбольш распаўсюджанай формы РПЗ могуць быць пажаўцелая скура, болі ў жываце і спіне, невытлумачальная страта вагі, кал светлага колеру, цёмная мача і страта апетыту[5]. Звычайна на ранніх стадыях захворвання няма заўважных сімптомаў, а спецыфічныя сімптомы, па якіх можна зрабіць здагадку аб РПЗ, звычайна не развіваюцца да часу, калі хвароба ўжо развілася да прасунутай стадыі[5][6]. У многіх выпадках дыягназ РПЗ ўстанаўліваецца, калі пухліна ўжо распаўсюдзілася на іншыя органы цела[4][7].
РПЗ звычайна дыягнастуецца спалучэннем медыцынскіх метадаў візуалізацыі (напрыклад ультрагукавая і камп’ютарная тамаграфія), аналізу крыві і даследаваннем тканкавых узораў (біяпсія)[8][9]. Хвароба дзеліцца на стадыі: ад ранняй (I стадыя) да позняй (стадыя IV)[7]. Скрынінг - масавае папераджальнае абследаванне насельніцтва - не быў прызнаны эфектыўным[10].
РПЗ рэдка сустракаецца ва ўзросце да 40 гадоў, і больш за палову выпадкаў адэнакарцыномы падстраўнікавай залозы сустракаецца ў асоб старэйшых за 70 гадоў[6]. Фактары рызыкі РПЗ ўключаюць паленне тытуню, атлусценне, дыябет і некаторыя рэдкія генетычныя захворванні[6]. Каля 25 % выпадкаў звязана з паленнем[8], а 5-10 % звязана з спадчыннымі генамі[6]. Рызыка захварэць на РПЗ ніжэй як сярод тых, хто не паліць, так і ў людзей, якія падтрымліваюць здаровую вагу і абмяжоўваюць спажыванне чырвонага і апрацаванага мяса[11]. Рызыка захварэць у тых, хто паліць, змяншаецца пасля кідання палення і становіцца прыблізна аднолькавай з сярэднім паказнікам для ўсяго насельніцтва пасля 20 гадоў[4].
РПЗ лечыцца хірургічным шляхам, прамянёвай тэрапіяй, хіміятэрапіяй, паліятыўнай тэрапіяй і іх камбінацыямі[5]. Варыянты лячэння збольшага залежаць на стадыі рака[5]. Хірургія — адзіны метад, які можа вылечыць адэнакарцыному падстраўнікавай залозы[7]. Ён таксама ўжываецца для паляпшэння якасці жыцця, калі выздараўленне немагчыма[5][7]. Барацьба з болем і лекі для паляпшэння стрававання часам неабходныя для хворых на РПЗ[7]. Ранняя паліятыўная дапамога рэкамендуецца нават тым, хто праходзіць лячэнне з мэтай выздараўлення[12], але не практыкуецца ў Беларусі.
РПЗ можа распаўсюджвацца на іншыя органы. Звычайна адэнакарцынома падстраўнікавай залозы спачатку распаўсюджваецца ў найбліжэйшыя пасакавыя вузлы, а потым у печань альбо ў брухавінавую паражніну, тоўстую кішку ці лёгкія[8]. РПЗ рэдка распаўсюджваецца ў косткі ці мозг[13].
РПЗ можа быць другасным ракам, які распаўсюдзіўся з іншых частак цела. Гэта здараецца рэдка, толькі каля 2 % РПЗ з’яўляюцца другаснымі. На сённяшні дзень рак ныркі з’яўляецца найбольш распаўсюджаным ракам, які выклікае другасны РПЗ, за ім ідуць рак простай кішкі, скуры, малочнай залозы і лёгкіх. У выпадках другаснага РПЗ хірургічнае ўмяшанне можа быць праводзіцца на падстраўнікавай залозе з мэтай ацалення альбо аблягчэння сімптомаў[14].
У 2015 годзе РПЗ усіх тыпаў прывёў да 411 600 смерцяў у свеце[15]. РПЗ — пятая па частаце прычына смерці ад раку ў Вялікабрытаніі[16] і трэцяя па распаўсюджанасці ў ЗША[17]. Захворванне сустракаецца часцей за ўсё ў развітых краінах, дзе было зафіксавана каля 70 % новых выпадкаў у 2012 годзе[4]. Адэнакарцынома падстраўнікавай залозы звычайна мае вельмі кепскі прагноз на выздараўленне: пасля афірматыўнага дыягназу 25 % людзей жывуць цягам году, 5 % пражываюць пяць гадоў[4]. Для захворванняў, дыягнаставаных на ранніх стадыях, верагоднасць выжывання цягам пяці гадоў павялічваецца да прыблізна 20 %[18]. Нейраэндакрынны рак мае лепшы прагноз: пасля афірматыўнага дыягназу 65 % дыягнаставаных жывуць пяць гадоў; гэты паказнік значна розніцца ў залежнасці ад тыпу пухліны[4].