![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ac/%25D0%259A%25D1%2580%25D0%25B0%25D1%258F%25D0%25B2%25D1%2596%25D0%25B4_%25D0%25A0%25D0%25B0%25D0%25B4%25D0%25B0%25D1%2588%25D0%25BA%25D0%25BE%25D0%25B2%25D1%2596%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%259E.jpg/640px-%25D0%259A%25D1%2580%25D0%25B0%25D1%258F%25D0%25B2%25D1%2596%25D0%25B4_%25D0%25A0%25D0%25B0%25D0%25B4%25D0%25B0%25D1%2588%25D0%25BA%25D0%25BE%25D0%25B2%25D1%2596%25D1%2587%25D0%25B0%25D1%259E.jpg&w=640&q=50)
Радашковіцкае ўзвышша
From Wikipedia, the free encyclopedia
Радашковіцкае ўзвышша знаходзіцца на паўночным захадзе Мінскай вобласці, пераважна ў Маладзечанскім раёне, у складзе Мінскага ўзвышша. З’яўляецца водападзелам (у цэнтральнай частцы) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Паводле В. А. Дзяменцьева паўночна-заходняя частка ўтварае Аляхновіцкае ўзвышша.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ac/%D0%9A%D1%80%D0%B0%D1%8F%D0%B2%D1%96%D0%B4_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%88%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%87%D0%B0%D1%9E.jpg/640px-%D0%9A%D1%80%D0%B0%D1%8F%D0%B2%D1%96%D0%B4_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%88%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%87%D0%B0%D1%9E.jpg)
Радашковіцкае ўзвышша абмежавана верхнім участкам даліны р. Заходняя Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на поўначы, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзвышша на захадзе і зліваецца з Лагойскім узвышшам на паўночным усходзе. Найбольшая вышыня 335 м (гара Маяк, Валожынскі раён).
У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўночна-ўсходняй часткі Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вялікай колькасцю валуноў.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d2/Mayak_Mt.jpg/640px-Mayak_Mt.jpg)
У рэльефе узвышша сістэма градава-ўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўночны схіл мае выгляд уступу вышынёй каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы.
У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Заходняя Бярэзіна. Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі.
Асноўная частка ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З поўначы на поўдзень тэрыторыю перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.