![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a5/Prypiat.jpg/640px-Prypiat.jpg&w=640&q=50)
Прыпяцкія балоты
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прыпяцкія балоты — прыродны комплекс балот, які аб’яўлены тэрыторыяй, важнай для птушак і водна-балотных угодзяў. Балоты размешчаны ў пашыранай частцы старажытнай даліны ракі Прыпяць у міжрэччы яе правых прытокаў — рэк Сцвіга і Убарць. Тэрыторыя ўяўляе сабой вялікую нізінную раўніну з агульным ухілам да поймы Прыпяці. Паўднёвая мяжа парка супадае з паўднёвым краем раўніны і прадстаўлена пясчанымі ўзгоркамі і выдмамі, якія зараслі хвойнымі лясамі. За выдмамі шырокім поясам працягнуліся буйнейшыя на Палессі верхавыя і пераходныя балоты, якія дзякуючы сваёй некранутасці і багатай біяразнастайнасці могуць з’яўляцца эталонам палескіх балот.
Прыпяцкія балоты | |
---|---|
![]() | |
Краіны | Беларусь, Украіна |
Рэгіёны | Брэсцкая вобласць, Валынская вобласць, Ровенская вобласць |
Вышыня над узроўнем мора | 135 ± 1 м і 133 м[1] |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/9/94/2001._Stamp_of_Belarus_0416.jpg)
Большая частка балот нацыянальнага парка пакрыта хвойнікамі, хаця і даволі значная іх плошча (каля 15 %) застаецца бязлеснай. Бліжэй да поймы верхавыя і пераходныя балоты змяняюцца нізіннымі; яны, ў сваю чаргу — паласой вельмі забалочаных, часам непраходных, алешнікаў, якія перамяжоўваюцца з адкрытымі альбо зарослымі хмызняком нізіннымі балотамі. Паласа алешнікаў пераходзіць у заліўныя шыракаліставыя лясы, сярод якіх пераважаюць дубравы (13,6 % ад агульнай плошчы лясоў). Менавіта пойменныя дубравы прыдаюць палескім ландшафтам непаўторны каларыт. Па краях поймы дубравы размяшчаюцца суцэльнымі палосамі, а бліжэй да ракі перамяжоўваюцца з шырокімі адкрытымі заліўнымі лугамі і шматлікімі старыцамі.
Асноўнымі вадацёкамі нацыянальнага парка «Прыпяцкі» з’яўляюцца рэкі Сцвіга і Убарць, якія абмяжоўваюць тэрыторыю з усходу і захаду. Па цэнтральнай частцы парка працякае яшчэ адна невялікая (каля 30 км), але дастаткова мнагаводная рака Свінавод. Акрамя натуральных буйных вадацёкаў і невялікіх азёр, якіх налічваецца крыху болей 40, на тэрыторыі парка захавалася сетка каналаў, якія былі пракапаны яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя ў часы заходняй экспедыцыі І. І. Жылінскага для лесасплаву. Агульная працягласць каналаў складае амаль 280 кіламетраў. Дзякуючы дзейнасці баброў і натуральнаму разбурэнню большая частка гэтых каналаў не аказвае істотнага ўздзеяння на гідралагічны рэжым парка.
У нацыянальным парку пераважаюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: абмежаваная высечка лясоў, сенакашэнне, выпас жывёлы, паляўнічы турызм.