Порту-Санту
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
По́рту-Са́нту (парт.: Porto Santo) — востраў у складзе архіпелага Мадэйра (Партугалія). Агульная плошча — 42,17 км². Насельніцтва — 5 483 чал. (2011 г.).
Порту-Санту | |
---|---|
парт. Porto Santo | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 42,17 км² |
Насельніцтва | 5 483 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 130,02 чал./км² |
Размяшчэнне | |
33°05′04″ пн. ш. 16°19′20″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Рэгіён | Мадэйра |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Порту-Санту месціцца ва ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна ў 66 км на паўночны ўсход ад Фуншала, адміністрацыйнага цэнтра Мадэйры, у 897,5 км на паўднёвы захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 11,59 км. Найбольшая шырыня — 6,33 км.
Востраў мае вулканічнае паходжанне. Паверхня складзена пераважна базальтамі і туфамі. Паўднёва-ўсходняя частка спадзістая, складаецца з асадкавых парод. Гэта адзінае прыдатнае месца для наведвання марскімі суднамі, вылучаецца камяністы пляж. На захадзе рэльеф фарміруюць пясчана-вапняковыя адкладанні. Паўночная частка гарыстая. Найвышэйшы пункт — пік Фашу (541 м).
Каля Порту-Санту знаходзяцца некалькі астраўкоў, што маюць адзіную з ім падводную аснову, — Кал, Сіма, Фонты-дэ-Арэя, Феру і інш. Усе яны незаселены.
Клімат мяккі сухі. Сярэдняя гадавая тэмпература +18,6 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 382 мм.
У мінулым востраў Порту-Санту пакрывалі зараснікі хмызнякоў і невысокіх дрэў. У нашы дні прырода значна зменена чалавекам, аднак у амаль некранутым стане захоўваецца на суседніх астраўках. Шырока распаўсюджаныя расліны — малачай, розныя капуставыя, верасакветныя. Адзіная эндэмічная расліна — мясцовая рутвіца. Яна ўсё яшчэ сустракаецца на астраўках Кал, Фера і Сенораш. Мясцовы від драцэны знік толькі ў XX ст. Фаўна прадстаўлена марскімі птушкамі, яшчаркамі, казуркамі.
Востраў Порту-Санту быў адкрыты партугальскімі мараплаўцамі ў 1418 г. У 1446 г. Генрых Мараплавец перадаў яго ў маёмасць роду Перэстрэлу. У 1479—1481 гг. тут жыў Хрыстафор Калумб, які ажаніўся з прадстаўніцай сям’і Перэстрэлу. На Порту-Санту захаваўся дом Х. Калумба, у нашы дні пераўтвораны ў музей.
Паселішча хутка расло і багацела дзякуючы вывазу фарбавальнікаў, рыбы і віна. Аднак далейшы рост запаволілі напады піратаў. У 1617 г. алжырскія карсары захапілі ў палон 900 астравіцян. Толькі 18 мужчын і 7 жанчын здолелі выратавацца і схавацца ў пячорах. Для аховы ад піратаў партугальскія ўлады ўзвялі ваенныя ўмацаванні.
З канца XVIII ст. эканоміка Порту-Санту перажывала крызіс. Сельская гаспадарка амаль не прыносіла прыбыткаў. Мясцовыя жыхары былі вымушаны наймацца матросамі на іншаземныя караблі, пераязджалі на Мадэйру і ў Лацінскую Амерыку. У 1835 г. Порту-Санту атрымаў статус муніцыпалітэта ў складзе Мадэйры. У 1893 г. пачаўся вываз мясцовай мінеральнай вады ў еўрапейскія краіны. З 1970-х гг. развіваецца турызм.
Асноўнае паселішча на востраве — Віла-Балейра, якое атрымала ў 1996 г. статус горада. На востраве працуюць марскі порт і аэрапорт. Эканоміка звязана з абслугоўваннем турыстаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.