Паходжанне відаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору, ці Захаванне спрыяльных парод у барацьбе за жыццё» (англ.: On the Origin of Species by Means of Natural Selection, or the Preservation of Favoured Races in the Struggle for Life) — твор англійскага прыродазнаўца Чарлза Дарвіна, апублікаваны 24 лістапада 1859 года, які з’яўляецца адным з найбольш знакамітых твораў у гісторыі навукі і асноватворным у сферы эвалюцыйнага вучэння.
Паходжанне відаў | |
---|---|
Аўтар | Чарлз Дарвін[1] |
Жанр | навуковая літаратура і Трактат |
Мова арыгінала | англійская[2] |
Выпуск | 24 лістапада 1859 |
У гэтым навуковым творы Дарвін прыводзіць доўгі ланцужок аргументаў на карысць сваёй тэорыі. Згодна з ёй, групы арганізмаў (якія называюцца сёння папуляцыямі) паступова развіваюцца дзякуючы натуральнаму адбору. Менавіта ў дадзеным творы гэты працэс быў упершыню прадстаўлены шырокай грамадскасці. Пазней сукупнасць прынцыпаў, выкладзеных Дарвінам, сталі называць дарвінізмам. У прыватнасці, Дарвін прадэманстраваў падрабязныя навуковыя доказы, сабраныя падчас яго падарожжа ў Паўднёвую Амерыку, на Галапагоскія астравы і ў Аўстралію на борце карабля «Бігль» з 1831 па 1836 год. Адначасова ён абвяргаў дактрыну «створаных відаў» (англ.: created kinds), на якой грунтавалася ўся біялогія яго эпохі.
Розныя эвалюцыйныя ідэі ўжо былі прапанаваныя для тлумачэння новых адкрыццяў у біялогіі. Так, расла падтрымка такіх ідэй сярод дысідэнцкіх анатамістаў і шырокай грамадскасці, але ў першай палове XIX стагоддзя англійскія навуковыя ўстановы былі цесна звязаны з Англійскай Царквой, у той час як навука была часткай натуральнай тэалогіі. Уяўленні аб трансмутацыі відаў былі спрэчнымі, паколькі яны канфліктавалі з верай у тое, што віды былі нязменнымі часткамі праектнай іерархіі, і ў тое, што людзі былі ўнікальнымі і не былі звязаны з іншымі жывёламі.
Кніга была зразумелай для шырокай чытацкай аўдыторыі і выклікала вялікую цікавасць ужо пры публікацыі. Першы тыраж велічынёй 1 250 асобнікаў быў раскуплены ў той жа дзень. Прадстаўленыя ў ёй тэзісы да гэтага часу з’яўляюцца асновай навуковай тэорыі эвалюцыі.