From Wikipedia, the free encyclopedia
Обры Вінсэнт Бёрдслі або Бердслей[4] (англ.: Aubrey Vincent Beardsley; 21 жніўня 1872 — 16 сакавіка 1898) — англійскі мастак-графік, ілюстратар, дэкаратар, пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эстэтычнага руху 1890-х гадоў. Зазнаў уплыў Э. Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў японскай гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі, адметныя вытанчанасцю і дэкаратыўнай элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».
Обры Бёрдслі | |
---|---|
англ.: Aubrey Vincent Beardsley | |
Імя пры нараджэнні | англ.: Aubrey Vincent Beardsley |
Дата нараджэння | 21 жніўня 1872 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 сакавіка 1898 (25 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | Вялікабрытанія |
Род дзейнасці | пісьменнік, мастак, паэт, ілюстратар, мастак-плакатыст, літограф, экслібрысіст, аўтар |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | Ірацыяналізм[d][2] і сімвалізм[3] |
Уплыў | Эдвард Бёрн-Джонс |
Уплыў на | Усевалад Максімовіч |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў Брайтане, графства Сасекс, у сям’і Вінсэнта Пола Бёрдслі, выхадца з асяроддзя багатых лонданскіх ювеліраў, і Элен Агнэс Бёрдслі (у дзявоцтве Піт), якая паходзіла з сям’і дактароў. Некалькі пакаленняў з боку бацькі хварэлі на туберкулёз, на гэтую ж хваробу пакутаваў Вінсэнт Бёрдслі, а ў 1879 годзе такі ж дыягназ паставілі Обры. Хлопчык з самага дзяцінства ведаў, што рана памрэ; з ранняга ж дзяцінства выявіліся шматлікія таленты будучага мастака: з чатырох гадоў ён пачаў маляваць, пад уплывам маці рана зацікавіўся англійскай і французскай літаратурай і музыкай, сам пачаў пісаць вершы. Захапленне тэатрам прывяло да таго, што Бёрдслі пачаў пісаць нават п’есы. Ужо ў 11 гадоў ён сам пісаў музыку, а з 1881 года, пасля пераезду сям’і ў Лондан, разам з сястрой Мэйбл (яна пасля стала актрысай), пачаў даваць канцэрты, на якія збіралася да 3000 чалавек. Тады ж ён пачаў зарабляць грошы, малюючы каляровымі алоўкамі меню і запрашальныя карткі.
Пасля вяртання ў жніўні 1881 года ў Брайтан Бёрдслі паступае ў сярэднюю школу. Падчас навучання часта выступае з канцэртамі, а таксама ўдзельнічае ў пастаноўцы школьных спектакляў, якія прыцягваюць ўвагу нават тэатральных крытыкаў — асабліва гэта датычыць фарсу «Карычневы эцюд», напісаным Бёрдслі, і з трыумфам пастаўленым у Брайтане. Малады пісьменнік і мастак сам маляваў праграмкі да ўсіх брайтанскіх спектакляў. У чэрвені 1887 году ў часопісе Брайтанскай сярэдняй школы «Мінулае і сучаснасць» надрукаваныя малюнкі Обры Бёрдслі — першая публікацыя будучага знакамітага мастака.
У ліпені 1888 года Бёрдслі пакідае школу і паступае чарцёжнікам у студыю аднаго лонданскага архітэктара, пасля ў 1889 годзе ідзе на службу ў лонданскае страхавое таварыства. Восенню таго ж года хвароба абвастраецца, і Бёрдслі на два гады кідае выступаць у аматарскіх спектаклях, аднак увесь гэты час вельмі шмат малюе. У 1891 годзе хвароба часова адступае, Бёрдслі бярэцца за серыю ілюстрацый да трагедыі «Тамерлан Вялікі» Крыстафера Марло і камедыі «Так робяць у свеце» Уільяма Конгрыва, а таксама да шэрагу французскіх п’ес, якія чытае ў арыгінале.
Нягледзячы на хваробу, мастак па парадзе Эдварда Бёрн-Джонса некаторы час наведвае Вестмінстэрскую мастацкую школу, дзе чытае лекцыі прафесар Ф. Браўн. Той жа Бёрн-Джонс знаёміць Бёрдслі з Оскарам Уайльдам.
Знакамітым Обры Бёрдслі зрабіўся ў 1892 годзе, калі ён на замову Джона Дэнта выканаў шэраг ілюстрацый да рамана Томаса Мэлары «Смерць Артура». Пашырэнню славы Бёрдслі паспрыяла і праца з Джонам Лэйнам і часопісам «Жоўтая кніга» (The Yellow Book), мастацкім рэдактарам якой малады творца робіцца ў 1894 годзе. Ён супрацоўнічае газетай «Pall Mall Budget», выконвае на замову кніжныя ілюстрацыі. У 1895 годзе вакол часопіса «Жоўтая кніга» адбываецца скандал, пэўным чынам звязаны з эратычнай скіраванасцю выдання. Калі ў 1895 годзе Оскара Уайльда адправілі ў турму, ён нёс нейкую кнігу жоўтага колеру, і адзін з журналістаў, што каментаваў гэтую падзею, памылкова напісаў замест «a yellow book» «the yellow book». Гэтага хапіла, каб закрыць выданне. Дзякуючы ілюстрацыям да «Саламеі» Оскара Уайльда слава Бёрдслі расце, але разам з тым пагаршаецца яго здароўе. У 1895 годзе ён малюе серыю змрочных ілюстрацыяў да «Падзення дому Ашэраў» Эдгара По. У сакавіку 1896 года ён моцна захворвае і амаль не здольны трымаць у руках аловак.
Літаратурная спадчына Обры Бёрдслі невялікая — няскончаная аповесць «Венера і Тангёйзер» (Under Hill), упершыню надрукаваная ў часопісе «Савой» (1896) і ілюстраваная аўтарам, некалькі вершаў і ўрыўкаў, а таксама лісты.
Пра прыватнае жыццё Бёрдслі нічога невядома, нягледзячы на тое, што ён быў знаёмы з Оскарам Уайльдам, Джонам Грэем, Робертам Росам, П’ерам Луі, а яго найлепшым сябрам быў паэт Андрэ Рафаловіч, сексуальная арыентацыя якога была добра вядомая. Оскар Уайльд казаў пра мастака: «Не сядайце з Обры ў адзін фатэль — гэта вас не скампраметуе». Выдавец «Жоўтай кнігі» Джон Лэйн аднойчы заўважыў, што «Бёрдслі нямала пакутаваў праз паспешлівую ацэнку свайго мастацтва».
31 сакавіка 1897 года Бёрдслі прымае каталіцтва. У гэты час ён стварае ілюстрацыі да «Вальпонэ» Бэна Джонсана. У 1897 годзе ён некалькі разоў пераязджае, пакуль у канцы года ў яго не пачынаецца абвастрэнне і родныя не перавозяць яго ў Ментону. Пачынаючы з 25 студзеня мастак амаль не выходзіць са свайго пакоя і праз месяц у поўнай свядомасці памірае.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.